“АРТ-вакацыі — 2021”: выбар моладзі — творчасць, традыцыі, праца

- 10:39Актуально, Апошнія запісы

У Гродне — маладзёжнай сталіцы Беларусі — прайшоў фінал Рэспубліканскага фестывалю мастацкай творчасці навучэнцаў і студэнцкай моладзі “АРТ-вакацыі — 2021”. У святочных мерапрыемствах прыняў удзел міністр адукацыі Ігар Карпенка.

Фестываль-конкурс “Арт-вакацыі — 2021” аб’яднаў лепшыя мастацкія калектывы і асобных выканаўцаў з 38 устаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі пад дэвізам “Выбар моладзі — творчасць, традыцыі, праца”. Больш як 1000 навучэнцаў прадэманстравалі сваё вакальнае, харэаграфічнае, фальклорнае, інструментальнае і тэатральнае майстэрства на заключным гала-канцэрце, які прайшоў на адной з буйнейшых канцэртных пляцовак краіны — у Гродзенскай абласной філармоніі.

Арганізатарамі фестывалю традыцыйна з’яўляюцца Міністэрства адукацыі і Нацыянальны цэнтр мастацкай творчасці дзяцей і моладзі.

З павагай да герояў і гісторыі краіны

Пачалося свята ў знакавым для гродзенцаў месцы — каля помніка воінам і партызанам, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Міністр адукацыі, фіналісты фестывалю ўсклалі кветкі да помніка. Ігар Васільевіч падзякаваў моладзі за тое, што яна пачынае фестываль з гэтага святога месца, і пажадаў творчых поспехаў на карысць нашай любімай Беларусі.

— Для нашага народа Вялікая Айчынная вайна — і гераічная, і журботная старонка гісторыі. Праходзяць гады, мяняюцца пакаленні, але ў нашых сэрцах захоўваецца памяць аб подзвігу продкаў. Усведамляючы сябе нашчадкамі народа-пераможцы, мы павінны памятаць аб тым, што нясём сваю долю адказнасці за лёс Радзімы. Сёння нам як ніколі патрэбны вера і вернасць нашым традыцыям. Памятаць і паважаць сваю гісторыю мы павінны не толькі ў дні свят. Няўмольны і час — з кожным годам усё менш застаецца ветэранаў. Таму яшчэ мацнейшай павінны быць наша памяць пра тых, хто не дажыў да сённяшняга дня, і, вядома ж, асаблівая павага тым, хто працягвае заставацца ў страі і ўносіць важкі ўклад у патрыятычнае выхаванне моладзі, — адзначыў міністр адукацыі.

Пераможцы вызначаны

Урачыстае адкрыццё фінальных мерапрыемстваў фестывалю адбылося 20 мая на пляцоўцы Гродзенскага абласнога палаца творчасці дзяцей і моладзі. Пераможцы і прызёры — творчыя калектывы і асобныя выканаўцы ўстаноў адукацыі з усіх абласцей краіны і Мінска былі ўзнагароджаны дыпломамі Міністэрства адукацыі.

Спецыяльныя дыпломы Міністэрства адукацыі атрымалі пераможцы Рэспубліканскага інфармацыйна-прафарыентацыйнага праекта “ПРАФ-БУМ”: Брэсцкі абласны цэнтр інавацыйнай і тэхнічнай творчасці, Мінскі абласны інстытут развіцця адукацыі, Барысаўскі дзяржаўны каледж, Пінскі дзяржаўны аграрна-тэхнічны каледж імя А.Я.Кляшчова, Гомельскі дзяржаўны прафесійны аграрна-тэхнічны каледж, Бабруйскі дзяржаўны каледж імя А.Я.Ларына, Гродзенскі дзяржаўны прафесійна-тэхнічны каледж камунальнай гаспадаркі і Гродзенскі дзяржаўны электратэхнічны каледж імя І.Шчаснага.

Аднак інтрыга захоўвалася. Уручэнне гран-пры фестывалю чакалася на гала-канцэрце ў другі дзень святочных мерапрыемстваў.

Задалі пытанні міністру

21 мая ўдзельнікаў фестывалю прымала Гродзенская абласная філармонія. З самага ранку з таленавітай моладдзю краіны сустрэўся міністр адукацыі Ігар Карпенка. Сустрэча прайшла ў фармаце адкрытага дыялогу. Кіраўнік галіны расказаў маладым людзям пра навацыі ў сістэме, змяненні ў новай рэдакцыі Кодэкса аб адукацыі.

— Зразумела, што адукацыя — гэта аснова, але калі яна падмацоўваецца яшчэ і сацыяльна значнай дзейнасцю, у тым ліку і творчасцю, то гэта стварае пэўны зачын для камунікатыўных і асобасных якасцей, якія немагчыма набыць, седзячы за партай. Сёння высакакласнаму спецыялісту неабходна валодаць не толькі прафесійнымі кампетэнцыямі, але і камунікатыўнымі навыкамі, — адзначыў міністр.

Юнакі і дзяўчаты выкарысталі магчымасць задаць пытанні міністру. Будучага настаўніка фізічнай культуры, напрыклад, цікавіла, ці шмат педагогаў-мужчын сёння ідуць працаваць у школу.

— Гэтая тэма мяне хвалюе, таму што ў нашай школе, асабліва ў сярэдняй, не хапае мужчынскага педагагічнага пачатку, і, на жаль, гэта таксама накладвае пэўны адбітак на выхаванне падрастаючага пакалення, — адказаў Ігар Карпенка. — Мы гэтую праблему імкнёмся вырашаць. У прыватнасці, ідэя адкрыцця педагагічных класаў падштурхнула да таго, што ў педагагічныя ўстановы вышэйшай адукацыі моладзь пайшла мэтанакіравана. Падняўся сярэдні бал для залічэння ў педагагічныя ўніверсітэты. І, што радуе, юнакі сталі паступаць не толькі на спецыяльнасць “Фізічная культура”, але і на матэматыку, фізіку, гісторыю, а затым ідуць працаваць у школу. Паступова павышаюцца заробкі настаўнікаў.

Адказваючы на пытанні навучэнцаў, міністр адукацыі падкрэсліў сваё паважлівае стаўленне да сістэмы прафесійна-тэхнічнай адукацыі. Невыпадкова сур’ёзная ўвага ўдзяляецца яе развіццю, стварэнню рэсурсных цэнтраў. З 51 цэнтра на сённяшні дзень 16 аснашчаны найноўшай тэхнікай. Нават універсітэты наладзілі ўзаемадзеянне з рэсурснымі цэнтрамі для таго, каб правесці там лабараторныя, практычныя заняткі.

Словы ўдзячнасці выказалі і самі навучэнцы ўстаноў прафесійна-тэхнічнай адукацыі за стварэнне рэсурсных цэнтраў. Падчас сустрэчы яны змаглі не толькі задаць пытанні, якія іх хвалююць, але і выступіць з прапановамі.
Так, навучэнка педагагічнага каледжа з Гомеля прапанавала арганізаваць маладзёжны форум на базе летніка, каб удзельнікі конкурсу WorldSkills маглі абменьвацца вопытам.

Начальнік галоўнага ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама Руслан Абрамчык заўважыў, што на Гро-дзеншчыне ёсць пэўны вопыт: адораныя школьнікі, пераможцы прадметных алімпіяд летам збіраюцца ў лагеры “Навука”. Сёлета будзе арганізаваны абласны лагер для навучэнцаў аграрных, а таксама педагагічных класаў.

“Нашы дасягненні — табе, Беларусь!”

Так гучна назвалі сваю выставу-прэзентацыю ўстановы прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі Гродзеншчыны. Разгарнулася яна на пляцоўцы каля абласной філармоніі. Тут было вельмі цікава. Навучэнцы прадставілі свае прафесіі, правялі майстар-класы, майстар-пробы і прафарыентацыйнае кансультаванне для школьнікаў. Міністр адукацыі наведаў выставу і ўдзяліў увагу кожнай установе.

— Мы імкнуліся паказаць, што нашы навучэнцы прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі не толькі авалодваюць прафесіяй, але яны і вельмі творчыя маладыя людзі, — расказала намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама Вольга Суворава. — Усё, што прадстаўлена на выставе, зроблена ў гуртках, секцыях, аб’яднаннях па інтарэсах. Разумеючы, што галоўная мэта — атрыманне прафесіі, юнакі і дзяўчаты не пакідаюць сваіх захапленняў. Прадстаўлена 28 устаноў адукацыі вобласці, сярод іх і пераможцы конкурсу WorldSkills.

Гран-пры лепшым з лепшых і гала-канцэрт

Самым хвалюючым і доўгачаканым момантам рэспубліканскага фестывалю “АРТ-вакацыі 2021” стаў гала-канцэрт фіналістаў. На сцэну Гродзенскай абласной філармоніі выйшлі лепшыя з лепшых, паказаўшы ўсім гледачам, што вучнёўская моладзь краіны багатая на таленты.

— Рэспубліканскі фестываль “АРТ-вакацыі — 2021” пацвярджае, што ў Беларусі ініцыятыве моладзі ўдзяляецца асаблівая ўвага, — падкрэсліў, звяртаючыся да ўдзельнікаў фіналу, Ігар Карпенка. — Гэты падыход закладзены ў аснову работы з моладдзю, з’яўляецца галоўным прынцыпам стратэгіі развіцця маладзёжнай палітыкі краіны да 2030 года. Невыпадкова месцам правядзення юбілейнага XX Рэспубліканскага фестывалю ў Год народнага адзінства стала Гродна — маладзёжная сталіца Беларусі. За два дзесяцігоддзі фестываль стаў брэндам у навучэнскай моладзі ўстаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі, сферай творчых арт-ідэй і ініцыятыў. Хачу адзначыць, што правядзенне падобных рэспубліканскіх мерапрыемстваў у такім фармаце спрыяе павышэнню прэстыжу сістэмы прафесійна-тэхнічнай адукацыі, падахвочвае навучэнцаў да заняткаў мастацкай творчасцю, спрыяе прафарыентацыі.

Міністр адукацыі адзначыў, што прафесійная адукацыя ў Беларусі дае шырокія магчымасці для творчай рэалізацыі і развіцця многім тысячам юнакоў і дзяўчат. Ва ўстановах прафесійна-тэхнічнай і спецыяльнай адукацыі дзейнічае больш як 1700 аб’яднанняў мастацкага профілю. Сёння высакакласнаму спецыялісту трэба валодаць не толькі прафесійнымі кампетэнцыямі, але і сур’ёзнымі камунікатыўнымі навыкамі. У 2021 годзе навучэнцы 255 устаноў прафесійна-тэхнічнай і спецыяльнай адукацыі прынялі ўдзел у конкурсах, творчых паказах, інтэрактыўных праектах рэспубліканскага фестывалю, сталі пераможцамі і прызёрамі больш як у ста намінацыях.

Узнагароды пераможцам уручылі міністр адукацыі Ігар Карпенка і заслужаная артыстка Беларусі старшыня рэспуб-ліканскага журы “АРТ-вакацый” Ірына Дарафеева.

Па выніках Рэспубліканскага фестывалю мастацкай творчасці навучэнцаў і студэнцкай моладзі “АРТ-вакацыі — 2021” спецыяльнымі прызамі Міністэрства адукацыі ўзнагароджаны: галоўнае ўпраўленне па адукацыі Брэсцкага аблвыканкама, галоўнае ўпраўленне адукацыі Гомельскага аблвыканкама, галоўнае ўпраўленне адукацыі Гродзенскага аблвыканкама, Барысаўскі дзяржаўны каледж, народная студыя вакалу “Дружбакі і сяброўкі” з Магілёва.

— На працягу дваццаці гадоў мяне захапляе ў “АРТ-вакацыях” і ў самадзейнай творчасці навучэнцаў тое, што яны шчырыя, апантаныя, самаадданыя, — падкрэсліла загадчык аддзела сацыякультурных праектаў навучэнскай і студэнцкай моладзі Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі Алена Лаўрыновіч. — Кожны нумар — харэаграфічны, вакальны або інструментальны — для іх вельмі складаная задача, бо трэба выйсці на вялікую сцэну. І як вынік — такая ўпэўненасць, самааддача. Навучэнцы апантана абаранялі гонар прафесіі. Магчыма, ніхто з іх не стане прафесійным музыкантам альбо артыстам, аднак з такой энергіяй, як выходзілі на сцэну, шчырыя і сумленныя, яны будуць і жыць, з такой высокай планкай працаваць, а гэта дарагога варта.

Фестывалю “АРТ-вакацыі” 20 гадоў. З’явіўшыся як агляд-конкурс, фестываль даказаў сваё права на жыццё. На сцэну ўжо выходзяць дзеці першых удзельнікаў, а таксама выпускнікі мінулых гадоў, разам з навучэнцамі — іх педагогі і майстры. Гэта ўнікальны творчы праект, які будзе жыць і далей.

Ірына АНІКЕВІЧ.
Фота аўтара і Вадзіма Галоціка.