“АРТ-вакацыі”: фестываль, які ператварыўся ў сапраўдны маладзёжны рух

- 11:35"АРТ-вакацыі": галерэя творцаў

Рэспубліканскі фестываль мастацкай творчасці навучэнскай і студэнцкай моладзі “АРТ-вакацыі” зноў крочыць па краіне. Сёлета ён стартаваў на Гомельшчыне.

Выступаць першымі ў маштабным конкурсе заўсёды складана, перш за ўсё таму, што няма магчымасці нешта скарэкціраваць, абапіраючыся на заўвагі журы папярэднім артыстам. З іншага боку, быць першымі ганарова. Дарэчы, паўднёва-ўсходні рэгіён быў выбраны для старту нездарма: у апошніх двух фестывалях Гомельская вобласць станавілася ўладальніцай гран-пры.

— Для нас гэта насамрэч гонар — быць першымі па выніках мінулагодніх конкурсаў і быць стартавай пляцоўкай сёлетняга фестывалю, — адзначыў у сваім прывітальным слове начальнік галоўнага ўпраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама Сяргей Парошын. — З кожным годам колькасць удзельнікаў мерапрыемства расце, а гэта значыць, што цікавасць педагогаў і навучэнцаў да яго не змяншаецца.

Ужо колькі гадоў я асвятляю на старонках “Настаўніцкай газеты”, як праходзіць конкурс “АРТ-вакацыі” на Гомельшчыне, і з упэўненасцю магу сказаць, што мала­дзёжны фестываль ператварыўся ў сапраўдны рух, далучыцца да якога імкнецца ўсё больш юнакоў і дзяўчат. Мне асабіста больш па душы сезоны, у якіх сваё выканальніцкае майстэрства паказваюць прафтэхаўцы. Не ведаю нават, як гэта растлумачыць, але ў конкурсных нумарах навучэнцаў каледжаў і ліцэяў адчуваецца больш душы. Іншы раз сутыкаешся з такімі харызматычнымі хлопцамі і дзяўчатамі і здзіўляешся таленту слесара, муляра, кухара… Зразумела, не стаў выключэннем і фестываль 2019 года, які прысвечаны 75-й гадавіне вызвалення Рэспублікі Беларусь ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і Году малой радзімы.

Варта адзначыць, што сёлетнія гомельскія “АРТ-вакацыі” аказаліся самымі масавымі па колькасці канкурсантаў. У папярэдніх адборачных турах прынялі ўдзел каля 5 тысяч навучэнцаў устаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі. З іх тысячы юнакоў і дзяўчат з больш як 50 каледжаў і ліцэяў вобласці выпаў шанс прадэманстраваць свае таленты перад рэспубліканскім журы. 

Рэспубліканскі фестываль праводзіўся ў тры этапы. У першым этапе яго ўдзельнікі стваралі творчыя работы ў адпаведнасці з умовамі Рэспубліканскага агляду-конкурсу “АРТ-вакацыі”, конкурсу сучаснай лічбавай творчасці “Арт-партал” і конкурсу інфармацыйна-метадычных распрацовак культурна-забаўляльных мерапрыемстваў для навучэнскай моладзі “Крэон”, інтэрактыўнага праекта “Рэцытацыя”. У другім этапе навучэнцы дэманстравалі конкурсныя работы перад абласным журы, якое адбірала лепшых індывідуальных выканаўцаў і творчыя калектывы для ўдзелу ў заключным гала-канцэрце.

Пакуль за кулісамі канцэртнай залы абласнога Дома навучэнцаў і работнікаў уста­ноў прафесійнай адукацыі арганізатары і выканаўцы рыхтаваліся да гала-канцэрта, у холах працавалі дзве пляцоўкі. На першым паверсе 9 устаноў адукацыі выступілі на танцавальнай пляцоўцы “Свет прафесій у рытме танца”. Далей рэспубліканскае журы і ўсе госці праслухалі інструментальныя нумары. Акардэон і балалайка, скрыпка і цымбалы, саксафон, барабаны і, канечне, гітара — таленавітыя прафтэхаўцы ўмела падпарадкавалі сабе самыя розныя музычныя інструменты.

Зразумела, што ва ўмовах няпрофільнай установы даволі складана падрыхта­ваць дзяцей да ігры на музычных інструментах. Нават калі ў многіх, магчыма, ёсць за плячыма навучанне ў музычнай школе, то зараз, хутчэй за ўсё, “зносіны” з інструментам адбываюцца рэдка. Увогуле, як адзначылі члены журы, інструментальная творчасць — адна з найскладанейшых, тым больш радуе, што навучэнцы дэманструюць сапраўды моцныя нумары. Сёлета гаспадарамі інструментальнай пляцоўкі можна назваць вакальна-інструментальны ансамбль Жлобінскага прафесійна-тэхнічнага каледжа, барабан­шчык якога пакарыў гледачоў сваёй віртуознай ігрой, а таксама канкурсантаў з гомельскіх аўтамеханічнага і аграрна-эканамічнага каледжаў.

У канцэртнай зале гледачоў чакаў чарговы сюрпрыз. Праграму гала-канцэрта “АРТ-вакацый” адкрыў хор навучэнцаў Гомельскага педагагічнага каледжа імя Л.С.Выгоцкага — 400 чалавек выканалі твор “Мая радзіма — Беларусь”. Не лішне сказаць, што гомельскі педкаледж на сёння­шнім фестывалі пабіў усе рэкорды колькасцю нумароў і ўдзельнікаў. Яскравым былі выступленні Гомельскага аўтамеханічнага, Лоеўскага педагагічнага, Мазырскага медыцынскага, Краснабярэжскага аграрнага каледжаў, Рагачоўскага прафесійна-тэхнічнага каледжа будаўнікоў, Гомельскага прафесійнага шматпрофільнага ліцэя.

На абмеркаванні падрыхтоўкі конкурсных нумароў з мастацкімі кіраўнікамі творчых калектываў і індывідуальных выканаўцаў члены рэспубліканскага журы адзначылі, што работа праведзена вельмі добрая.

— Калі ўлічыць, што вам прыходзіцца працаваць з дзецьмі, якія ў асноўным атрымліваюць рабочыя прафесіі, то маштабы вашай працы насамрэч вялізныя, — звярнуўся да педагогаў член журы кіраўнік вядомага ансамбля танца “Белая Русь” Анатоль Карповіч.

Гэтыя думкі падтрымала таксама загадчык аддзела сацыякультурных праектаў вучнёўскай і студэнцкай моладзі Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і мола­дзі старшыня рэспубліканскага журы Алена Лаўрыновіч. Яна нагадала, што атрыманне вобласцю ў апошніх двух фестывалях гран-пры нясе з сабой вялікую адказнасць, паколькі нельга ўжо дазволіць сабе выступіць горш, недзе недапрацаваць.

— Я заўсёды параўноўваю вас з вамі папярэднімі, і мне б не хацелася бачыць, што дзесьці вы паленаваліся, як не хацелася б назіраць і тое, што вамі не было прыдумана чаго-небудзь новага, — заўважыла Алена Сяргееўна. — Тое, што было выдатным у мінулым сезоне, не можа мець той жа эфект наступны раз. Мяне па-добраму здзівіла тое, што сёння прагледзець праграму “АРТ-вакацый” прыйшлі мастацкія кіраўнікі з універсітэтаў, якія прымуць эстафету ў наступным сезоне, кіраўнікі і педагогі ўстаноў дадатковай адукацыі. Гэта гаворыць як аб тым, што вы хочаце вучыцца адно ў аднаго, так і аб вашым жаданні працаваць з моладдзю, даваць ёй магчымасць развівацца творча.

Алена Лаўрыновіч падзякавала тым, хто крочыць у фестывалі з самага яго зара­джэння, і тым, хто сёлета ўпершыню ўліўся ў “АРТ-вакацыі”, і  адзначыла, што самы важны крытэрый фестывалю мастацкай творчасці — гэта шчырасць, творчае ўражанне і творчы запал канкурсантаў, іх жаданне ўдзель­нічаць у вялікім творчым руху.

Пасля Гомеля журы ацэніць артыстычныя здольнасці навучэнцаў устаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі іншых абласцей, а лепшыў выканаўцаў і калектывы збярэ ў маі фінал, які пройдзе ў Оршы — маладзёжнай сталіцы 2019 года.

Наталля ЛУТЧАНКА.
Фота аўтара.