“АРТ-вакацыі” стартавалі ў Гродне

- 15:57Культура, Рознае
Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы 19 сакавіка прымаў удзельнікаў рэспубліканскага фестывалю мастацкай творчасці навучэнцаў і студэнцкай моладзі “АРТ-вакацыі”. Быў дадзены старт другому этапу рэспубліканскага фестывалю, у якім прымуць удзел усе ўстановы вышэйшай адукацыі краіны. Арганізатарамі конкурсу з’яўляюцца Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь і Нацыянальны цэнтр мастацкай творчасці дзяцей і моладзі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь. Фестываль праходзіць пад дэвізам “Эпоха таленавітых — дыялог часу і творчасці”.

Ужо 10 гадоў праводзіцца фестываль студэнцкай творчасці з мэтай грамадска-патрыятычнага і мастацка-эстэтычнага выхавання моладзі, а таксама для падтрымкі творчых ініцыятыў. Ён ўключае ў сябе цэлы шэраг рэспубліканскіх мерапрыемстваў. Гэта рэспубліканскі конкурс лічбавай творчасці “АРТ-партал”, конкурс літаратурнай творчасці “Аўтограф”, рэспубліканская выстава сучаснай візуальнай творчасці “АРТ-АКАДЭМІЯ” і рэспубліканскі агляд-конкурс творчых калектываў і індывідуальных выканаўцаў.
Першы этап фестывалю праводзіўся з кастрычніка па люты. 54 універсітэты з усёй рэспублікі рыхтавалі свае канцэртныя праграмы, адбіралі лепшых сярод студэнтаў дзённай формы навучання. Другі этап будзе праходзіць з сакавіка па красавік.
У зале Гродзенскага ўніверсітэта імя Янкі Купалы спаборнічалі за выхад у фінал студэнты з Гродзенскага аграрнага і медыцынскага ўніверсітэтаў і студэнты-купалаўцы. Судзіла ўдзельнікаў кампетэнтнае журы, у якое ўваходзілі кіраўнік заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь “Ансамбль танца “Белая Русь” Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі, старшыня журы Анатолій Леанідавіч Карповіч, загадчыца аддзела сацыякультурных праектаў і маладзёжных ініцыятыў Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі Алена Сяргееўна Лаўрыновіч, кіраўнік мастацка-пастановачнай часткі рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі Уладзімір Іванавіч Бабошын, кіраўнік народнай харавой капэлы “Раніца” Віктар Савельевіч Масленнікаў, кіраўнік народнага інструментальна-вакальнага ансамбля “Красные звёзды” кампазітар Генадзь Аляксандравіч Маркевіч, кіраўнік аддзела ідэалагічнай і выхаваўчай работы вышэйшай школы Рэспубліканскага інстытута вышэйшай школы Святлана Львоўна Сергяюк, метадыст вышэйшай катэгорыі аддзела сацыякультурных праектаў навучэнцаў і студэнцкай моладзі Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі сакратар журы Таццяна Валер’еўна Грышукевіч.

Адкрылі фестываль Таццяна Анатольеўна Сіманоўская, галоўны спецыяліст упраўлення сацыяльнай, выхаваўчай і ідэалагічнай работы Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, і Надзея Васільеўна Васільчанка, дырэктар Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь.
— Вельмі прыемна, што фестываль сёлета стартуе ў культурнай сталіцы нашай рэспублікі. Па выніках 2012 года, Гродзенская вобласць стала пераможцай “АРТ-вакацый”, а па традыцыі пачатак фестывалю дае вобласць-пераможца. Я жадаю вам творчай энергіі і поспехаў, — з такімі прывітальнымі словамі звярнулася да ўдзельнікаў Таццяна Анатольеўна Сіманоўская.
— Вы заўсёды незвычайныя, крэатыўныя, вас адрознівае нестандартны падыход да вырашэння любой сітуацыі, вы заўсёды артыстычныя, зараджаеце гледачоў сваёй энергіяй… Думаю, што не выключэннем будзе і гэты год. Зноў загарацца новыя зоркі і адкрыюцца новыя таленты, — павітала студэнтаў-удзельнікаў Надзея Васільеўна Васільчанка.
Намеснік начальніка упраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама Алег Рыгоравіч Рахунок таксама павіншаваў удзельнікаў і ўручыў дыпломы па выніках абласнога этапу конкурсу. За лепшую канцэртную праграму ўзнагародзілі Гродзенскі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт, за высокае выканаўчае майстэрства творчых калектываў і выканаўцаў дыплома ўдастоены Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы, за сучасны сцэнарый канцэртнай праграмы дыплом атрымаў Гродзенскі дзяржаўны аграрны ўніверсітэт.

Першым на сцэну ўзняўся пераможца “АРТ-вакацый — 2008” выпускнік універсітэта імя Янкі Купалы Аляксандр Варанішча, віртуоз-балалаечнік, якога ведаюць не толькі ў нашай краіне, але і за мяжой. Аляксандр з першага ўдару па струнах зачараваў увесь зал, запаліў яго сваёй энергіяй. Як адзначыў сам выканаўца, менавіта фестываль адкрыў яму дарогу на вялікую сцэну.
Канцэртная праграма пачалася з выканання песні “Молодость” салістамі студыі “Уні-song” Вікторыяй Дзенісенка, Аленай Шырокай, Артурам Якушавым і Арцёмам Еўдакімавым. Зачаравана прагучала народная мелодыя ў выкананні аркестра народных інструментаў “Народны”. Ансамбль народнай песні “Ясніца” выканаў песню “Мне Богам дадзена Радзіма”. А інструментальны дуэт Максіма Казуленкі і Рыгора Савіцкага падняў настрой незвычайным выкананнем знакамітай песні “Смуглянка”. Захапіў зал Яўген Захарка з кампазіцыяй “Мир дому твоему”, а падпяваў яму хор факультэта мастацтваў і дызайну.
Наступнымі на сцэне з’явіліся высокія дзяўчаты ў чорным з саламянымі капелюшамі-будынкамі ў выглядзе гістарычных каштоўнасцей Гродзеншчыны. Свой верш “Аўтограф” зачытала Вікторыя Смалко. Цуды акрабатыкі ад чырлідарскай групы “Арэна” гледачы назіралі з заміраннем сэрца. Апошнюю песню “Песня пра ўніверсітэт” удзельнікі ад Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы выканалі ўсе разам.
Наступнымі дэманстравалі свае таленты студэнты аграрнага ўніверсітэта. Ансамбль песні і танца “Цярэшкі” выканаў песню “Родны край”. Салістка студыі эстраднай песні Ірына Лазарчык спела пра цёплае лета “Лета красное”. У выступленні аграрыяў было шмат сучасных нумароў. Парадавалі сваімі арыгінальнымі рухамі танцавальная група “АРТ-вакацыі”. Пасмяшыла зал зборная каманда КВЗ “Церашковай, 28”. А дзяўчаты са студыі эстраднага танца “Новая хваля” ў касцюмах нібы з 80-х станцавалі “Рэтра-бум”. І, канечне, напрыканцы праспявалі ўсе разам.

Апошнімі свае нумары прадставілі ўдзельнікі з медыцынскага ўніверсітэта. Прымусілі ўсіх усміхнуцца героі Ільі Ільфа і Яўгена Пятрова з рамана “12 крэслаў”, ролі якіх артыстычна сыгралі два студэнты, якія перад кожным нумарам сваіх калег весялілі зал. Літаратурны клуб “Катарсіс” разыграў камедыйны міні-спектакль. Хор “Зарніца” праспяваў народную песню. А танцавальныя калектывы паказалі сваё майстэрства выканання полькі беларускай і кадрылі Кацьмінаўскай. Спрыт рук прадэманстравала Яўгенія Ражко, якая некалькі хвілін фантастычна круціла гімнастычную палку, а потым тры невялічкія прамавугольныя корабы.
Эмоцый ад выступленняў было шмат. Зала часта адорвала выканаўцаў шчырымі апладысментамі. Канцэрт скончыўся, але фестываль працягваецца. Удзельнікаў чакае адбор у фінал. У маі ў Мінску будзе вырашана, хто ж стане пераможцам фестывалю “АРТ-вакацыі”.

 

Антаніна ЖВІРЫДОЎСКАЯ.