Арт-вакацыі: творчасць у маладзёжным фармаце

- 12:47Культура

“Арт-вакацыі” — мерапрыемства, якое з нецярпеннем чакаюць усе навучэнцы і супрацоўнікі ўстаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Рыхтавацца да наступнага фестывалю пачынаюць амаль адразу пасля заканчэння папярэдняга, таму што прымаць удзел у “Арт-вакацыях” не толькі ганарова, але і цікава. Гэта магчымасць апынуцца ў цэнтры бурлівага, шматграннага маладзёжнага жыцця, дзе сканцэнтраваны самыя крэатыўныя ідэі, творчыя знаходкі і таленавітыя людзі.

У 2015 годзе на Міншчыне ўдзел у абласным этапе фестывалю прынялі больш за 2 тысячы навучэнцаў з усіх устаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі вобласці. Самыя творчыя і крэатыўныя з іх былі запрошаны ў Маладзечна для ўдзелу ў фінальных мерапрыемствах. Арганізатары зрабілі ўсё магчымае, каб маладыя людзі змаглі ўбачыць вынікі творчай працы як мага большай колькасці ўдзельнікаў фестывалю, пазнаёміцца, абмяняцца думкамі і ўражаннямі. У фае Палаца культуры Маладзечна наведвальнікаў сустракала выстава “Маладзёжны фармат: імкненні, зносіны, творчасць”, якую падрыхтавалі менавіта ўдзельнікі “Арт-вакацый”. У рамках выставы можна было ўбачыць фотарэпартаж “Моладзь у тварах”, міні-канцэрт “Хто, калі не мы”, паўдзельнічаць у майстар-класах. Так, напрыклад, навучэнцы і педагогі Слуцкага дзяржаўнага каледжа прапанавалі навучыцца ствараць “Кветкі Перамогі” — святочныя аб’ёмныя кампазіцыі з металу і “Птушак свету” — кампазіцыі з садавіны і агародніны пры дапамозе карвінгу, або фігурнай рэзкі. Навучэнцы Вілейскага дзяржаўнага каледжа правялі майстар-клас па рабоце з відэарэдактарамі, расказалі аб мантажы знятага матэрыялу пры дапамозе розных камп’ютарных праграмах. Пра “TimeLaps як від мастацтва” расказалі прадстаўнікі Барысаўскага дзяржаўнага політэхнічнага каледжа. Бадай што самым папулярным быў майстар-клас Барысаўскага дзяржаўнага каледжа галіновых тэхналогій па бодзі-арце, пасля якога на тварах многіх гасцей мерапрыемства закрасаваліся эмблемы фестывалю “Арт-вакацыі”.
На выстаўцы можна было пазнаёміцца з работамі, якія ўдзельнічалі ў конкурсе сучаснай лічбавай творчасці “Арт-партал”, які праводзіцца ў рамках “Арт-вакацый”. Напрыклад, навучэнцы Барысаўскага дзяржаўнага каледжа Кірыл Анцыфераў і Яна Волах прэзентавалі віртуальны музей гісторыі развіцця прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі Мінскай вобласці, які яны стварылі з дапамогай праграмы 3D PageFlip Professional. Удзельнікі аб’яднання па інтарэсах “Аб’ектыў”, якое дзейнічае ў Слуцкім дзяржаўным каледжы, прадэманстравалі створаны імі анімацыйны ролік, які расказвае аб іх установе адукацыі. А навучэнцы Вілейскага дзяржаўнага каледжа падзяліліся інфармацыяй пра тое, як стваралі свае работы ў сучасным напрамку фрызлайтынг.
Завяршальным, але і самым гучным акордам фестывалю на Міншчыне стала канцэртная праграма “Моладзь і час: подзвіг у імя будучыні”, прысвечаная 70-годдзю Вялікай Перамогі. Гэта быў звязны аповед моладзі аб іх імкненнях і турботах, марах і жаданнях, аб мінулым і будучыні. У першай частцы канцэрта мовай танцаў, песень, паэзіі, пластыкі хлопцы і дзяўчаты змаглі расказаць аб падзеях, людзях і эмоцыях ваеннага часу. Ганаровымі гасцямі канцэрта сталі ветэраны Вялікай Айчыннай вайны. Верагодна, яны надоўга запомняць паэтычна-тэатральную пастаноўку “Балада аб зенітчыцах”, падрыхтаваную тэатральнай студыяй “Скарбонка” Салігорскага дзяржаўнага каледжа, інструментальную замалёўку “Насустрач Перамозе” народнага інструментальнага ансамбля “Нясвіжскія лыжачнікі” Нясвіжскага дзяржаўнага каледжа імя Якуба Коласа і песню “Гора за гарой” у выкананні Кацярыны Пура, навучэнкі Маладзечанскага гандлёва-эканамічнага каледжа. Юныя артысты ў сваіх выступленнях змаглі адлюстраваць жыццярадаснасць і светлыя надзеі перадваеннага часу, разгубленасць і страх першых дзён вайны, пакуты людзей, уцягнутых у вір ваеннага ліхалецця, радасныя хвіліны сустрэчы Перамогі.
У другой частцы канцэрта маладыя людзі паказалі, што спаўна выкарыстоўваюць магчымасці, якія для іх адваявалі дзяды і прадзеды — магчымасць быць свабоднымі, любіць, тварыць, шукаць сябе. Яны праяўляюць свае таленты ў танцах, як, напрыклад, калектыў сучаснага танца “Натхненне” Маладзечанскага гандлёва-эканамічнага каледжа, у песнях, як Аліна Юрчанка і Хрысціна Лаварэнка са Смілавіцкага дзяржаўнага аграрнага каледжа, у музыцы, як ВІА “Крылы” Мар’інагорскага дзяржаўнага аграрна-тэхнічнага каледжа, у модных паказах, як удзельнікі тэатраў моды Маладзечанскага дзяржаўнага каледжа і Барысаўскага дзяржаўнага каледжа галіновых тэхналогій. Моладзь сёння шануе традыцыйныя жанры мастацтва, але і спрабуе нешта новае. Групу паркуршчыкаў з Барысаўскага дзяржаўнага будаўнічага прафесійнага ліцэя публіка ў зале сустракала авацыямі.
Да апошняй хвіліны захоўвалася інтрыга: хто ж стане пераможцам агляду-конкурсу “Арт-вакацыі” на Міншчыне. Першае месца сёлета падзялілі паміж сабой Нясвіжскі дзяржаўны каледж імя Якуба Коласа і Салігорскі дзяржаўны каледж. На другім месцы Барысаўскі дзяржаўны каледж галіновых тэхналогій, на трэцім — Барысаўскі дзяржаўны каледж.
— Мы ганарымся сваёй перамогай. Гэтая ўзнагарода для нас вельмі важная, — дзеліцца ўражаннямі Таццяна Анатольеўна Цвірко, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Нясвіжскага дзяржаўнага каледжа імя Якуба Коласа, — але яшчэ важней тое, што “Арт-вакацыі” — гэта не проста кропкавае мерапрыемства, а вялікі, маштабны працэс. Людзі, якія да яго далучаюцца, становяцца лепшымі, больш добрымі і шчырымі. Асаблівае значэнне мае тэма, якой прысвечаны фестываль сёлета. Рыхтуючыся да выступленняў, маладыя людзі паглыбляліся ў тэму Вялікай Айчыннай вайны, яны вывучалі дадатковую літаратуру, шчыра цікавіліся гісторыяй. У выніку навучэнцы нашага каледжа не толькі падрыхтавалі творчыя нумары для “Арт-вакацый”, але і па-за рамкамі конкурсу стварылі навуковыя работы, прыдумалі і рэалізоўваюць праект, прысвечаны Вялікай Перамозе. Словам, гэты фестываль не толькі дае магчымасць выявіць сябе, але і натхняе.
Абласны этап на Міншчыне завершаны, але гасціннае Маладзечна развітваецца з “Арт-вакацыямі” не на доўга — ужо ў маі горад будзе прымаць гасцей і ўдзельнікаў заключнага, рэспубліканскага, этапу фестывалю.

Дар’я РЭВА.
Фота аўтара.