“АРТ-вакацыі” ў сталіцы

Рэспубліканскі фестываль мастацкай творчасці навучэнцаў і студэнцкай моладзі “АРТ-вакацыі” працягвае збіраць лепшыя ўзоры самадзейнай творчасці. У Мінскім дзяржаўным палацы дзяцей і моладзі падчас ІІ этапу фестывалю свае таленты прадэманстравалі навучэнцы ўстаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі Мінска.

Канцэртная праграма доўжылася больш за дзве з паловай гадзіны. Але глядач не паспяваў стаміцца, бо на сцэне змянялі адзін аднаго творчыя калектывы — разнастайныя і не падобныя паміж сабой. Энергічныя сольныя выканаўцы ўступалі сцэну харавым калектывам, а пасля перадавалі яе аматарам танцаў — сучасных, рэтра, бальных, беларускіх народных…

Былі прадстаўлены і больш экзатычныя жанры. Напрыклад, навучэнец Мінскага гарадскога політэхнічнага каледжа кулінарыі Максім Мархель правёў светлавое шоу, а Лізавета Гарбунова і Лізавета Ханеня з лінгвагуманітарнага каледжа выканалі ірландскі танец. Арыгінальнае жангліраванне прадэманстраваў навучэнец Мінскага дзяржаўнага машынабудаўнічага каледжа Данііл Мінкевіч.

Такая багатая праграма — вынік доўгай работы. Каб прадэманстраваць свае дасягненні, удзельнікі фестывалю па ўсёй краіне ладзілі творчыя марафоны, інтэрактыўныя пляцоўкі, рыхтавалі тэматычныя канцэртныя праграмы. Мінск не стаў выключэннем.

— Падчас першага этапу 29 устаноў адукацыі выступілі са сваімі тэматычнымі праграмамі працягласцю ў 30—40 хвілін, — расказала Люцына Чаславаўна Канановіч, загадчыца аддзела мастацкай творчасці Мінскага дзяржаўнага палаца дзяцей і моладзі. — Больш за ўсё прэзентуюць, зразумела, вакальныя нумары, але шмат было прадстаўлена і харэаграфічных, інструментальных. Кваліфікаванае журы ацаніла сцэнічную культуру і рэпертуар, майстэрства выканання і ўзровень падрыхтоўкі, касцюмы і знешні выгляд увогуле. Так былі адабраны лепшыя — яркія, неардынарныя —  выступленні ў кожным з жанраў. Яны і складаюць сённяшнюю праграму.

Жанравая разнапланавасць дапаўнялася тэматычнай. Творчыя выказванні навучэнцаў былі прысвечаны ваеннай гісторыі Беларусі, любові да сваёй краіны (асабліва да малой радзімы), павазе да працоўных прафесій і, канечне, маладосці і сіле новага пакалення. Як расказала Люцына Чаславаўна, найбольш папулярнай тэмай у прадстаўленых на ацэнку праграмах стала тэма любові да малой радзімы, якую лагічна дапаўнялі нумары, прысвечаныя 75-годдзю вызвалення Мінска. Сваімі думкамі дзяліліся дэкламатары і эсэісты, вакалісты згадвалі лепшыя з песень ваеннага часу.

Часцей за іншых на сцэну падымаліся навучэнцы мінскіх гарадскіх прафесійна-тэхнічных каледжаў хлебапячэння, гандлю, электронікі, Беларускага дзяржаўнага медыцынскага і лінгвагуманітарнага каледжаў. Адразу дзве вытанчаныя калекцыі прадставіў тэатр моды “Новы погляд” Мінскага гарадскога прафесійна-тэхнічнага каледжа лёгкай прамысловасці і комплекснай лагістыкі. Нельга не адзначыць і вакальны ансамбль “Братка беларус” Мінскага гарадскога прафесійнага ліцэя № 10 будаўнікоў імя І.М.Жыжаля, які пакарыў аўдыторыю артыстызмам і юнацкім задорам.

Самых таленавітых выканаўцаў можна будзе пабачыць на фінальным гала-канцэрце, які ў гэтым годзе адбудзецца ў Оршы.

Мар’я ЯНКОВІЧ.
Фота аўтара.