Арт-выбар

У сталічным Палацы мастацтва 22 ліпеня адкрылася рэспубліканская выстава “Трыенале сучаснага мастацтва”. Яе аўтары — прэтэндэнты на атрыманне Нацыянальнай прэміі ў галіне выяўленчага мастацтва. На працягу некалькіх дзён журы будзе вызначаць лепшых з лепшых у 10 намінацыях, якія 7 жніўня атрымаюць свае ўзнагароды.

На экспазіцыі прадстаўлены 92 работы, якія былі адабраны з 358 заявак па намінацыях: “Жывапіс”, “Графіка”, “Скульптура”, “Дызайн”, “Актуальнае мастацтва (арт-аб’ект, інсталяцыя)”, “Мастацкая фатаграфія”, “Манументальнае і манументальна-дэкаратыўнае мастацтва”, “Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва”, “Мастацтвазнаўства і крытыка”, “Творчы дэбют”.

“Па колькасці заявак было відаць, якую цікавасць выклікаў наш конкурс як у мэтраў, так і ў маладых мастакоў, прычым не толькі з Беларусі, але і з Расіі, краін Еўропы і нават Амерыкі. Найбольшая колькасц­ь заявак паступіла ў намінацыях “Жывапіс” і “Мастацкая фатаграфія”. Каля паўсотні заявак было і ў катэгорыі “Творчы дэбют” — у асноўным ад удзельнікаў леташняга трыенале, маладых мастакоў ва ўзросце да 32 гадоў, — адзначыла каардынатар Рэспубліканскага конкурсу “Нацыянальная прэмія ў галіне выяўленчага мастацтва” ў 2019—2020 гг. памочнік дырэктара Нацыянальнага гістарычнага музея Дар’я Аўчыннікава. — Адбор быў вельмі сур’ёзны і складаны. Кожнаму мастаку прэстыжна ўдзельні­чаць у такім конкурсе, а стаць лаўрэатам Нацыянальнай прэміі да таго ж і вельмі ганарова”.

Большасць жывапісных, графічных, дызайнерскіх работ і авангард­ных інсталяцый адлюстроўва­юць тэму сёлетняга трыенале —
100-годдзе творчай суполкі “УНОВІС”, якая на чале з Казімірам Малевічам стала наватарам мастацтва ХХ стагоддзя і паўплывала на сусветныя тэндэнцыі. Аднак не абышлі ўдзельнікі выставы і тэму 75-годдзя Вялікай Перамогі. “Сваю творчасц­ь апошніх гадоў я прысвячаю патрыятычнай тэме, да якой падштурхнула мяне біяграфія майго бацькі. Ён, калі быў 19-гадовым юнаком, у 1943 годзе загінуў у партызанскім атрадзе імя Чкалава. І я вырашыў, што абавязаны прысвяціць некаторыя свае творы франтавым падзеям і партызанам. На дадзенай экспазіцыі прадстаўлена мая карціна “Непрачытаныя лісты”. Мяне ўсхваляваў той факт, што лісты, адпраўленыя на фронт мяшкамі і вагонамі, так і не былі прачытаны адрасатамі. Гэта мая даніна памяці пакаленню пераможцаў, — сказаў вядомы мастак-жывапісец заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі Уладзімір Уродніч. — Любая выстава — гэта адказны крок, і мастак павінен трымаць справаздачу сваёй пазіцыі перад грамадзянамі. А таму вельмі важна, пра што хоча расказаць аўтар у сваім творы, чым ён хоча падзяліцца. Сёння мы часта гаворым пра тое, што любы паўтор — гэта нецікава, але ж усё роўна навацыя павінна абапірацца на традыцыі”.

Трыенале ярка паказвае, наколькі цесна традыцыйныя погляды пераплятаюцца з новым, постмадэрнісцкім бачаннем. Так, побач з класічнымі чорна-белымі фотапартрэтамі размешчаны сучасныя — піксельныя, якія да таго ж і з гукам. Аўтары праекта “Партрэты, якія гучаць” — фатограф, рэжысёр, мастак Марыя Раманоўская і кампазітар, музыкант, спявак Раман Волазнеў. Яны расказалі, што, дзякуючы штучнаму інтэлекту, які здолеў перавесці рысы знакамітых беларускіх асоб у гукі, кожны герой экспазіцыі набыў сваё непаўторнае гучанне. “Здымкі, якія выкарыстоўваліся для праекта, — тая самая старая добрая партрэтная фатаграфія, проста перакладзеная штучным інтэлектам на мову нот. Тэхналогіі счытвалі сілуэты герояў і пераводзілі ў пікселі, а затым ў гукі, — патлумачыла Марыя. — Мы пастараліся адлюстраваць знакамітых сучаснікаў кожнай галіны мастацтва. Але асноўны пасыл не толькі ў тым, што гэтыя партрэты гучаць у навушніках, якія знаходзяцца побач з карцінамі, але і ў тым, што імёны гэтых людзей гучац­ь на ўвесь свет, а разам з імі і Беларусь. Бо, сапраўды, хто не ведае харэографа Валянціна Елізар’ева, рэжысёра Дар’ю Жук, пастаноў­шчыка Вячаслава Іназемцава, дызайнера Апці Эзіева, мастака Руслана Вашкевіча — гэта стваральнікі сучаснай беларускай культурнай прасторы”. Раман жа падкрэсліў, што магчымасць выстаўляцца ў зале Палаца мастацтва — гэта ўжо высокая ацэнка іх праекта.

Конкурс падтрымлівае таленавітую моладзь і дае шанс на першае сур’ёзнае кар’ернае дасягненне, бо для перспектыўных дэбютантаў створана асобная намінацыя, і лепшы з лепшых атрымае запаветную статуэтку нароўні з прызнанымі майстрамі. Усе ж пераможцы атрымаюць не толькі дыпломы, але і грашовыя прэміі, да таго ж іх творы будуць рэкамендаваныя для набыцця ў калекцыі дзяржаўных музеяў.

Вольга АНТОНЕНКАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.