“АРТ_АКАДЭМІЯ”: працяг будзе… Але які?

- 10:59Культура

У сталічнай мастацкай галерэі “Універсітэт культуры” працуе VIII Рэспубліканская выстава сучаснай візуальнай творчасці студэнтаў “АРТ_АКАДЭМІЯ”. Сумна канстатаваць, але сёлетняй экспазіцыяй, якая праходзіць пад знакам фіялетавага колеру і, адпаведна, пад слоганам “Фіялетавы. Спакуса незвычайнасцю”, праект “АРТ_АКАДЭМІЯ” завяршаецца — завяршаецца, прынамсі, не па сваім факце, а па сваім цяперашнім канцэптуальным выглядзе. Скончыліся колеры вясёлкі, вычарпаліся іх адценні ў адлюстраванні аўтараў-студэнтаў, але… Але не скончылася і ніколі не скончыцца іх натхненне, ніколі не скончыцца іх ART, а значыць, “АРТ_АКАДЭМІІ” ў той ці іншай форме — быць.

Нагадаем нашым чытачам, што свой адлік “АРТ_АКАДЭМІЯ” вядзе з 2008 года, калі яна ўпершыню прайшла пад знакам белага колеру, тады яшчэ — у выставачнай зале Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі. Першы слоган праекта гучаў як “Белы. Прарыў у бязмежнасць”, і гэта быў сапраўды прарыў, асабліва для ўстаноў вышэйшай адукацыі, якія не спецыялізуюцца на мастацкіх дысцыплінах. Прарыў у абсалютна новую для іх творчую прастору, прарыў да новых вяршынь, прарыў, які міжволі рыфмаваўся са словам “крэатыў” і дазваляў маладым пераважна непрафесійным мастакам далучыцца да нечага вельмі важнага для іх, але раней недаступнага. З кожным наступным годам “АРТ_АКАДЭМІЯ” мяняла свае колеры: з белага — на зялёны (“Зялёны. Выявы часу”), з зялёнага — на блакітны (“Блакітны. Крылы памкненняў”), з блакітнага — на жоўты (“Жоўты. Блікі шчасця”), з жоўтага — на чырвоны (“Чырвоны. Апантаныя поспехам”), з чырвонага — на сіні (“Сіні. Сугучнасць мар”), з сіняга — на аранжавы (“Аранжавы. Яскравая неверагоднасць”), і вось сёлета з аранжавага — на фіялетавы (“Фіялетавы.Спакуса незвычайнасцю”). Што думаюць арганізатары і сябры экспертнай рады “АРТ_АКАДЭМІІ” пра сёлетнюю экспазіцыю, пра фіялетавы колер у яго інтэрпрэтацыі студэнтамі і наогул пра сам праект, яго магчымую будучыню? Дадзім некаторым з іх слова. І на гэтым паставім… не, не кропку, а вялікае-вялікае шматкроп’е…
Загадчык кафедры кінатэлеаператарства Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, кандыдат мастацтвазнаўства, дацэнт Андрэй Чупрынскі: “Я люблю ўсе поры года, але вось гэтая вясна мне найбольш даспадобы, калі толькі-толькі пачынаюць распускацца лісточкі і пачынае нешта прабівацца праз чорна-белую палітру зімы. Мне як чалавеку візуальнай культуры вельмі падабаюцца гэтыя кантрасты. І я, вядома ж, пад лісточкамі маю на ўвазе нашых дзяцей, студэнтаў, якія так шчыра спрабуюць свае сілы ў візуальнай мастацкай творчасці. Мы павінны заўважаць гэтае кранальнае, пяшчотнае, якое прабіваецца. І “АРТ_АКАДЭМІЯ” выконвае гэтую задачу. Мяне вельмі ўразіў дыяпазон удзельнікаў выставы — тут і аграрыі, і медыкі, і ўпраўленцы… Будзем і далей ацэньваць, любіць нашу маладосць, нашых таленавітых дзяцей. І дай бог, каб яны і ў будучым не страцілі — у добрым сэнсе гэтага слова — тую наіўнасць, якую мы бачым сёння, каб не заплюшчылі свае шырока расплюшчаныя вочы, якімі сёння яны глядзяць на гэты свет”.
Генеральны дырэктар выдавецкай кампаніі “Мэджык” Юрый Будзько: “Я ехаў на гэтую выставу, цудоўна разумеючы, што фіялетавы колер — гэта вельмі складаны колер. І я гадаў: як жа будуць вырашацца гэтыя творчыя праблемы студэнтамі? І ўрэшце, калі агледзеў выставу, быў прыемна ўражаны, што і ў гэтага колеру знайшлася вялікая колькасць адценняў: уласна фіялетавы, ліловы, бэзавы, пурпуровы, deep purple… А калі рэтраспектыўна паглядзець на праект “АРТ_АКАДЭМІЯ”, то нельга не ўразіцца тым фактам, што гэтыя адценні студэнты знаходзілі ва ўсіх колерах: зялёным, блакітным, жоўтым, нават белым… Кожны год адчувалася, што людзі ведаюць умовы конкурсу, рыхтуюцца да яго не адзін дзень і не адзін месяц, што прадстаўленыя на “АРТ_АКАДЭМІЮ” творы маюць сваю канцэпцыю, сваю, калі хочаце, ідэалогію. І, перадусім, на язык просіцца слова “традыцыя”. Па-першае, традыцыя, якую перадаюць педагогі сваім вучням. Па-другое, работы, выкананыя ў традыцыйных тэхніках, шмат якіх мы заўсёды бачым на “АРТ_АКАДЭМІІ”. Па-трэцяе, традыцыя самой “АРТ_АКАДЭМІІ”, якую стварылі за 8 гадоў існавання праекта яго арганізатары. Традыцыю нельга страціць”.
Дырэктар галерэі “Універсітэт культуры” Наталля Барсукова: “А я стрымала б тут свае станоўчыя эмоцыі… Безумоўна, радуе актыўнасць студэнтаў, масавасць удзельнікаў з году ў год. Але нейкая пратаптаная дарожка склалася за ўсе гэтыя гады. Ну, вось трэба было ружачкі чырвонымі зрабіць — зрабілі чырвонымі, на наступны год трэба зрабіць ружачкі сінімі — зрабілі сінімі, яшчэ на наступны трэба зрабіць тыя ружачкі аранжавымі — зрабілі аранжавымі… І так адны і тыя ж ружачкі перафарбоўваюцца штогод. Першы раз гэта цікава, другі раз — ужо менш цікава, трэці раз — гэта прадбачанне, а ўжо чацвёрты і наступныя разы — гэта проста пачынае раздражняць. Гэта мой папрок не студэнтам, удзельнікам “АРТ_АКАДЭМІІ”, а іх педагогам, якія, мабыць, не разумеюць творчых задач, якія ставіць праект”.
Фотамастак дырэктар студыі прафесійнага фота MARX STUDIO Міхаіл Маруга: “Мне, безумоўна, хочацца выказацца найперш пра фатаграфію. Ведаеце, зусім нядаўна я быў членам журы Рэспубліканскага конкурсу моды і фота “Млын моды”. Там мы не вызначылі першае месца ў намінацыі “Фота” — суцэльны заняпад. Тое ж самае назіраю і тут, на “АРТ_АКАДЭМІІ”. Успамінаецца анекдот. Чалавеку стала дрэнна на прыпынку. Адзін нераўнадушны пытаецца ў другога: “Даруйце, вы выпадкова не ўрач?” Той адказвае: “Не, я фатограф”. “Можа быць, вы ўрач?” — пытаецца ў другога. І другі адказвае: “Не, я фатограф”. У трэцяга пытаецца, і адказ такі ж самы: “Не, я фатограф”. Я гэта да таго, што сёння ўсе адчулі, што яны могуць стаць фатографамі. А якія праблемы? Націснуў адзін раз кнопку — не атрымалася, другі раз — зноў не атрымалася, трэці раз — ура, вось яно — фота, я фатограф! І ўсе пры гэтым забываюць, што фатаграфія — гэта мастацтва. Што “птушачка” павінна не толькі вылятаць з фотааб’ектыва, але і залятаць… У галаву, у розум, у светапогляд… Быў час, калі я ганарыўся тым, што ў нашай краіне быў першым, хто пачаў рабіць партфоліа. Сёння партфоліа можа зрабіць кожны. А вось фота на дакумент, ды хоць на пашпарт, зробіць далёка не кожны”.
Намеснік дырэктара Цэнтра сучасных мастацтваў Дзяніс Барсукоў: “Прыгадваючы рэпліку пра ружачкі, пагаджуся: у педагогаў сёння заўважныя сапраўды нейкія “фіялетавыя” адносіны да тых задач, якія ставіць перад імі “АРТ_АКАДЭМІЯ”. Гэтай “фіялетавасці” трэба пазбаўляцца. Трэба, каб у іх мазгах мігаў усё-такі аранжавы колер! Тым не менш многія работы на сёлетняй “АРТ_АКАДЭМІІ” мяне шчыра парадавалі сваёй прадуманасцю, тым, што яны рабіліся з душой. Вельмі па-добраму здзівіў Баранавіцкі ўніверсітэт — найперш тэкстыльнымі творамі. Што да жывапісу, хацеў бы адзначыць імпрэсіяністычнае палатно “Крэсла каля акна” студэнта Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Пятра Машэрава Івана Іванова. Гэта насамрэч вельмі складаны жывапіс. І гэты твор мог бы быць выстаўлены ў любой прэстыжнай галерэі побач з творамі прафесійных мастакоў! І, нарэшце, не магу не сказаць камплімент у адрас студэнткі Інстытута прадпрымальніцкай дзейнасці Кацярыны Пятрушкінай, аўтара “Грэлкі ў світары”. Гэта так міла, так гожа і так арыгінальна! Гэта не толькі грэлка, але і сувенір, які дорыць не менш цёплыя, чым грэлка, адчуванні… А што тычыцца самога фіялетавага колеру, дарэчы, аднаго з самых маладых колераў на свеце (яго не знойдзеш у прыродзе, ён вынік штучнага змешвання сіняй і чырвонай фарбаў), то гэта мой адзін з самых любімых колераў. Ён мне вельмі цікавы як мастаку. Гэта загадкавы колер. Колер не толькі дэпрэсіі, але і фантазіі, казкі, чараўніцтва, нейкай духоўнасці. Фіялетавы трывожыць і заварожвае. Гэта барацьба спакою, халоднага сузірання сіняга і энергіі чырвонага. Гэта ўнутраная барацьба ў душы мастака. Не кожнаму прафесіяналу ён паддаецца. Але мы бачым, што ён усё-такі скарыўся многім удзельнікам “АРТ_АКАДЭМІІ”.
Метадыст аддзела сацыякультурных праектаў і маладзёжных ініцыятыў Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі Таццяна Грышукевіч: “Я пагадзілася б, бадай, з усім, што сказалі мае калегі. Але хацела б проста заўважыць: многія праблемы, пра якія гаварылася сёння, — пра ружачкі, пра фатаграфію і інш. — узніклі з-за таго, што аўтары і іх куратары-педагогі, мабыць, не дачыталі да канца дэвіз выстаўкі. Прачыталі: “Фіялетавы” — і ўсё. А там жа ёсць працяг: “Спакуса незвычайнасцю”. Вось на гэтую спакусу яны і не звярнулі ўвагі… Што да самога праекта “АРТ_АКАДЭМІЯ”, хацелася б падзякаваць усім, хто нас падтрымліваў і дапамагаў нам усе гэтыя апошнія 8 гадоў. Што будзе далей? Дай бог усім нам здароўя — і гэты праект працягнецца, і мы прыдумаем нешта яшчэ больш цікавае, яшчэ больш новае і крэатыўнае. Тое, што адбываецца сёння, я назвала б фіналам першага акта”.
Загадчык аддзела сацыякультурных праектаў і маладзёжных ініцыятыў Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі Алена Лаўрыновіч: “На ўзроўні нейкага творчага прагнозу ў мяне было прадбачанне, што на сёлетняй фіялетавай “АРТ_АКАДЭМІІ” мы пабачым мноства нейкіх фантастычных ці нават фантасмагарычных выяў загадкавых жывёл, дэманаў (памятаеце фіялетавага “Дэмана” Урубеля?) — карацей, нейкіх міфічных істот — толькі не людзей. Мае прагнозы не спраўдзіліся. Я ўбачыла на выставе мноства людзей, якія рэальна жывуць і радуюцца свайму жыццю. Для іх фіялетавы колер не дэпрэсіўны, а, наадварот, лёгкі, светлы, празрысты. На розум прыходзіць паняцце сацыяльнай шчыльнасці… Ведаеце, калі выстава была ўжо практычна зманціравана, я ўбачыла адну яшчэ не зманціраваную работу: папяровыя жураўлі ліловага колеру, прымацаваныя да тоненькіх дроцікаў, і гэтыя дроцікі пераплеценыя паміж сабой… Гэтакі незвычайны стан камунікацыі, гэтакая сацыяльная шчыльнасць, пра якую я толькі што казала. Вось яны ўсе разам, і ў той жа час у кожнага ёсць нейкая нітачка, і кожны ляціць па нейкай сваёй траекторыі. Таксама і жураўлі ляцяць у небе: ты разумееш, што ў гэтым кліне ёсць нейкая іерархія і чарговасць. Вось яны ляцяць, але потым у адзін цудоўны момант гэты клін разбураецца — яны ўсе перабудоўваюцца і зноў ляцяць. Гэта агромністая праца адной калектыўнай біялагічнай істоты — вось з нейкай мэтай пераляцець тысячы кіламетраў, каб вярнуцца на радзіму… Навошта ім гэта? Нам цяжка зразумець. І яны гэтага не разумеюць, проста ляцяць на радзіму, бо так павінна быць. І гук гэтага жураўлінага кліна такога ж колеру, як і сам клін… А цяпер самае галоўнае. Выслухаўшы заўвагі маіх калег, я як арганізатар “АРТ_АКАДЭМІІ” цудоўна разумею, што гэты праект у прывязцы да колеру трэба закрываць і пачынаць у нейкай новай канцэпцыі. Да 6 студзеня аргкамітэт “АРТ_АКАДЭМІІ” прымае ўсе ініцыятывы і пажаданні наконт новай канцэпцыі — ад сяброў экспертнай рады, ад педагогаў, ад студэнтаў. Усе прапановы накіроўваць на электронны адрас
www.artviva.by”.

Мікола ЧЭМЕР.
Фота аўтара.