Артэфакты для школьнага музея

- 10:39Навіны рэгіёнаў

Музей, прысвечаны народнай творчасці і побыту беларусаў, адкрылі ў гомельскай сярэдняй школе № 57. Экспанаты — добраахвотныя ахвяраванні педагогаў школы і бацькоў навучэнцаў.

Як расказала намеснік дырэктара ўстановы Алена Багунова, стваральнікі экспазіцыі імкнуліся зрабіць рэканструкцыю традыцыйнага сялянскага дома.

— Экспанаты цікавыя ў першую чаргу сваёй аўтэнтычнасцю, — адзначыла яна. — Экспазіцыя складаецца з некалькіх частак. Ёсць цікавыя артэфакты, якія паказваюць што­дзённы побыт жыхароў Гомельшчыны. Тут можна ўбачыць упрыгажэнні жылля, прадметы рэлігійнай скіраванасці, музычныя прылады — цымбалы і дудку. Дзеці могуць патрымаць у руках рэчы, якія сёння зусім не выкарыстоўваюцца і прызначэнне якіх для сучаснікаў мала зразумелае. Размова, напрыклад, пра чапялу, стрыгач ці серп. Таксама ў нас можна прасеяць муку праз рэшата, даведацца пра прызначэнне ступы ці маслабойкі…

У экспазіцыі “Рамесніцтва” прадстаўлены прадметы, якія расказваюць пра рамёствы і промыслы беларусаў: традыцыйныя гарнітуры, ручнікі, пакрывалы, абрусы, посуд з дрэва і керамікі.

Адкрыццё школьнага музея пачалося са свята “Уваходзіны”. Навучэнцы 3 “Г” класа прынеслі падарункі “гаспадарам хаты”, выказалі ім добрыя пажаданні, а потым прынялі ўдзел у віктарыне. Кіраўнік музея настаўніца беларускай мовы Іна Лазоўская правяла экскурсію, падчас якой школьнікі паспрабавалі сябе ў ролі гаспадара і гаспадыні хаты: гла­дзілі ручнікі качалкай, выкарыстоўвалі кавальскі мех, каб раздзьмуць агонь.

Стваральнікі музея гавораць, што калекцыя будзе папаўняцца. Дарэчы, яны заклікаюць перагледзець гарышчы і гаражы: там можна знайсці рэчы, якія будуць цікавыя юным даследчыкам гі­сторыі і нашчадкам.

Ірына АСТАШКЕВІЧ.