Ініцыятыўныя, творчыя, актыўныя… Так характарызуюць у Міхееўскай сярэдняй школе Дрыбінскага раёна маладых педагогаў Арцёма Талкачова і Святаслава Кустава. Абодва настаўнікі свядома выбралі прафесію і мэтанакіравана прыехалі працаваць на малую радзіму. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
— Са спецыфікай педагагічнай працы быў знаёмы з дзяцінства. Мая мама — музычны кіраўнік у дашкольнай установе. Школьнікам я сур’ёзна захапіўся гісторыяй. Калі прыйшла пара выбіраць прафесійны шлях, зразумеў, што хачу не проста вывучаць таямніцы мінулага, а перадаваць свае веды падрастаючаму пакаленню. Так і стаў студэнтам гістфака МДУ імя А.А.Куляшова, — расказаў Святаслаў Кустаў.
Па такім жа прынцыпе вызначыўся з жыццёвай дарогай і Арцём Талкачоў. Галоўным фактарам для яго стала захапленне спортам.
— Знайсці сваё прызванне дапамагла парада бацькоў. Менавіта яны рэкамендавалі задумацца аб выкладанні. Прыслухаўся, паступіў на факультэт фізічнага выхавання галоўнай кузні педкадраў рэгіёна і ўжо на старце вучобы зразумеў: рашэнне прыняў правільнае, — падзяліўся Арцём Леанідавіч.
Выкладаць Арцём Талкачоў пачаў яшчэ на 3 курсе ўніверсітэта. Прычым прыехаў працаваць у родны раён. Гэтак жа ў свой час зрабіў і Святаслаў Кустаў.
— Сам з Міхееўкі, скончыў мясцовую школу. Гэты аспект вельмі дапамог у прафесійнай адаптацыі. Калектыў прыняў мяне з цеплынёй і прыязнасцю. Больш вопытныя калегі ва ўсім дапамагалі, накіроўвалі, падказвалі. Спачатку былі пэўныя цяжкасці, але дзякуючы метадычнай падтрымцы хутка ўдалося іх пераадолець, выбудаваць узаемаадносіны з вучнямі, знайсці ўласную формулу паспяховага навучання, — адзначыў Святаслаў Васільевіч.
Па яго словах, сучаснаму педагогу трэба ўмець прымяняць розныя методыкі і тэхналогіі, улічваць узрост, асаблівасці, здольнасці вучняў.
— Раблю акцэнт на візуалізацыі, творчасці, развіцці крытычнага мыслення і камунікатыўных навыкаў дзяцей. Першасным лічу цікавасць да прадмета. Пастаянна прыводжу займальныя факты або задаю нестандартныя пытанні. Ніколі не вяду ўрокі ў фармаце сухой, манатоннай лекцыі. Мае заняткі — гэта заўсёды дыялог, дыскусіі, абмен думкамі, што дазваляе вучыць дзяцей разумець гістарычныя працэсы, праводзіць паралелі і выяўляць узаемасувязі, — падкрэсліў Святаслаў Кустаў.
Індывідуальны падыход да навучэнцаў у прыярытэце і ў Арцёма Талкачова. Малады спецыяліст стараецца быць на адной хвалі з дзецьмі, падзяляць іх клопаты, матываваць і заахвочваць.
— Вядома, асноўнае для мяне — далучэнне вучняў да фізкультуры і спорту. Але не менш важна захаванне і ўмацаванне здароўя дзяцей. Шырока прымяняю здароўезберагальныя і гульнявыя тэхналогіі, імкнуся быць для хлопчыкаў і дзяўчынак прыкладам. Я перакананы: аўтарытэт настаўніка адыгрывае значную ролю ў навучанні, — падзяліўся Арцём Леанідавіч.
Вялікую ўвагу пачынаючыя настаўнікі ўдзяляюць выхаванню. Абодва выкарыстоўваюць выхаваўчы патэнцыял заняткаў, сустракаюцца з навучэнцамі на пазаўрочных мерапрыемствах. Арцём Талкачоў з’яўляецца класным кіраўніком у пяцікласнікаў, а Святаслаў Кустаў сумяшчае выкладанне з пасадай кіраўніка па ваенна-патрыятычным выхаванні. Упор педагогі робяць на станаўленне асобы навучэнцаў, фарміраванне ў іх патрыятызму, ключавых духоўна-маральных якасцей.
За плячыма маладых настаўнікаў усяго па некалькі гадоў працоўнага стажу, аднак у іх прафесійнай скарбонцы нямала дасягненняў. Святаслаў Кустаў летась перамог у сваёй намінацыі на абласным фестывалі “Прызванне — педагог”. Арцём Талкачоў сёлета стаў пераможцам рэгіянальнага этапу рэспубліканскага конкурсу “СуперПРОФІ”, прызёрам раённага конкурсу “Лепшы малады спецыяліст”.
— У планах — павысіць кваліфікацыйную катэгорыю, адслужыць у арміі і вярнуцца на Дрыбіншчыну, прадоўжыць настаўнічаць. Тут адчуваю сябе на сваім месцы, паўгода назад стварыў сям’ю. Дарэчы, жонка таксама педагог, мы працуем разам, — заўважыў Арцём Леанідавіч.
А вось Святаслаў Кустаў ужо адслужыў у арміі. Пасля службы вярнуўся ў родны край.
— Пакуль нікуды з’язджаць не планую, бо тут у мяне ёсць усе магчымасці для прафесійнага росту, — запэўніў Святаслаў Васільевіч. — Ды і душой прыкіпеў да нашай школы і вучняў.
Ганна СІНЬКЕВІЧ
Фота аўтара і з архіва рэдакцыі