Артысты, мастакі, аўтары літаратурных твораў…

- 10:02Сацыяльны ракурс

Дзеці з аўтызмам сямейнага інклюзіў-тэатра “i”

Сямейны інклюзіў-тэатр “i” быў створаны ў красавіку 2016 года па ініцыятыве кампаніі А1 на базе “Студыі Пушкаровай”. Асноўная задача тэатра — пастаноўка прафесійных відовішчных спектакляў для ўсёй сям’і, дзе на сцэне выступаюць дзеці-акцёры, у тым ліку дзеці з аўтызмам. Cёння ў інклюзіў-тэатры займаецца каля 140 дзяцей, 45 з іх з аўтызмам. Пастаноўкі тэатра ўжо ўбачылі каля 16 тысяч гледачоў — гэта тыя, хто купіў білеты, а таксама шматлікія ўдзельнікі дабрачынных паказаў.

“Студыя Пушкаровай” пачала дзейнічаць у лютым 2014 года. Да нас пры­ходзілі звычайныя дзеці займацца харэаграфіяй, пластыкай, вакалам, асвойваць акцёрскае майстэр­ства, сцэнічнае маўленне, іграць на музычных інструментах, — расказвае дырэктар мясцовага дабрачыннага фонду, мастацкі кіраўнік сямейнага інклюзіў-тэатра “i”, харэограф, педагог і рэжысёр Ірына Кісялёва. — У сапраўдны тэатр студыя ператварылася з прыходам прафесіяналаў: педагогаў, псіхолагаў, рэжысёраў, акцёраў, вакалістаў опернага тэатра і кансерваторыі, філармоніі і драматычных тэатраў. З адкрыццём Інстытута інклюзіўнай адукацыі БДПУ імя Максіма Танка ў нашым тэатры з’явіліся і студэнты-валанцёры.

У студзені 2016 года мы вырашылі паказаць бацькам, чые дзеці ў нас займаліся, мюзікл “Флейта-чарадзейка”. У аснове сюжэта — прыгоды двух дзяцей, якія прыехалі да дзядзькі ў вёску і апынуліся ў казачным свеце. Каб вырата­ваць лес і аднавіць натуральны цыкл прыроды, персанажы адпраўляюцца на пошукі чароўнай флейты. Паколькі рэальны і выдуманы свет цесна пераплецены, падарожжы дзяцей прыводзяць да нечаканых наступстваў. На рэпетыцыю трапілі прадстаўнікі кампаніі А1 і прапанавалі падрыхтаваць да Дня абароны дзяцей паўнацэнны спектакль для вялікай сцэны. Да ініцыятывы далучылася МДГА “Дзеці. Аўтызм. Бацькі”. На той момант студыю наведвалі 35 дзяцей, з якіх трое з аўтызмам. Прэм’ера спектакля адбылася пры поўнай зале ў Бел­дзяржфілармоніі. У далейшым ён з поспехам прайшоў ва ўсіх абласных цэнтрах краіны”.

У студзені 2017 года быў падрыхтаваны спектакль “Чыгунка” па казцы, якую напісаў 9-гадовы Кастусь Жыбуль — вельмі творчы хлопчык з аўтызмам, які піша вершы, апавяданні, складае афарызмы. Яго казка пра сяброўства, дабро, права на памылку, а яшчэ з мноствам адсылак да твораў Я.Маўра, К.Чукоўскага, Л.Кэрала і У.Шэкспіра. Аўтар гаворыць аб унікальнасці кожнага чалавека, уменні паважаць і прымаць асаблівасці іншых людзей. Асаблівыя дзеці стваралі для спектакля касцюмы, дэкарацыі, складалі музыку. “Чыгунку” прызналі адным з лепшых твораў на конкурсе творчых дзяцей “Купаляняты”, які праводзіць Дзяржаўны літаратурны музей імя Янкі Купалы пры падтрымцы Міністэрства культуры.

“Калі гаварыць пра першыя дзве пастаноўкі тэатра, яны шмат у чым вучэбныя, спектаклі-мініяцюры, — адзначыў прадзюсар інклюзіў-тэатра Леанід Міхайлавіч Дзінерштэйн. — Наша задача з самага пачатку заключалася ў тым, каб навучыць дзяцей узаемадзейнічаць у вялікіх групах (па 20—30 чалавек). Працуючы над першымі спектаклямі, мы ўдзялялі ўвагу падрыхтоўцы дзяцей да выхаду на сцэну, і разам з тым у нас саміх яшчэ фарміравалася ўспрыманне тэатра як сямейнага, адрозненне спектакляў для дзяцей ад спектакляў для ўсёй сям’і. Паступова сямейны інклюзіў-тэатр перайшоў да поўнаметражных пастановак на вялікіх сцэнах. З’явіліся спектаклі “Дрэва казак”, “Казка воўчага лесу” (па матывах п’есы С.Казлова “Па зялёных хвалях акіяна”).

Пераломны момант у жыцці нашага калектыву, калі мы зразумелі, што ў сямейнага тэатра склалася свая пастаянная аўдыторыя, звязаны з пастаноўкамі рэжысёра Ірыны Кісялёвай. Гэта спектакль “Аднойчы ў вялікім горадзе” па апавяданні Ф.Дастаеўскага “Хлопчык у Хрыста на ёлцы”. П’еса разлічана і на дарослага гледача: драма ўзнімае пытанні свабоды асобы і выбару, сацыяльнай няроўнасці, веры ў дабро і справядлівасць. Разам з тым цікавая і для маленькіх: нетрывіяльны сюжэт аформлены ў фантастычную казку з яркімі дэкарацыямі і эфектамі (паваротная сцэна, аб’ёмныя 3D-праекцыі пярэдняга і задняга планаў і іншыя тэхналагічныя рашэнні). Яшчэ адзін праграмны спектакль — “8 пачуццяў, ці Нараджэнне чалавека” — яркая міжнародная тэатральная пастаноўка сямейнага інклюзіў-тэатра і галандскага тэатра Kazou. Галоўныя яе “персанажы” — супярэчлівыя пачуцці, якія ў пэўныя моманты жыцця ахопліваюць кожнага чалавека: злосць, сум, цікавасць, крыўда, страх, радасць, задавальненне, віна. Спектакль пагружае гледача ў поўны невядомага і незразумелага трывожны свет дзяцей, якія стале­юць, праводзіць праз пошук сябе і свайго месца ў вялізнай і зменлівай прасторы. Галоўную ролю ў спектаклі сыграў Кастусь Жыбуль, ён жа і аўтар адпаведнай казкі. На працягу дзвюх гадзін хлопчык бесперапынна знаходзіўся на сцэне, узаемадзейнічаў з партнёрамі і публікай, суадносіў свае дзеянні з музыкай, святлом і гукам. Яго напарнікам і другім галоўным героем стаў наш выхаванец Міша Арцямчук, дарэчы, ужо студэнт бюджэтнага аддзялення МДЭІ імя А.Д.Сахарава БДУ. Міша па-ранейшаму прыходзіць у тэатр, каб дапамагаць пачынаючым артыстам. Малюнкі для дэкарацый і сцэнічныя нумары для нашых спектакляў стварае Максім Лагун. У яго прайшлі дзве персанальныя выставы ў вядомых галерэях Мінска, яго мастацкія работы купляюць за мяжой. Максім — аўтар кнігі “Макс разбудзіў пчол”. І ўсіх гэтых неверагодных вынікаў маладыя людзі з аўтызмам дасягнулі, займаючыся ў нашай студыі. Пра жыццё інклюзіў-тэатра і яго таленавітых артыстаў рэжысёр Сяргей Ісакаў зняў фільм “Хто апошні?”, які ў 2020 годзе атрымаў 8 узнагарод на міжнародных фестывалях”.

У рэпертуары тэатра сёння 7 спектакляў (калі не лічыць мініяцюр), з якімі ён выступае на самых прэстыжных пляцоўках краіны: у Тэатры музкамедыі, Купалаўскім тэатры, філармоніі і інш. Ні адну прэм’еру сямейнага інклюзіў-тэатра глядач не абыхо­дзіць увагай, і кожны раз калектыў здзіўляе вялікімі творчымі і са­праўды дзіцячымі праектамі, рэалізаванымі пры падтрымцы каманды прафесіяналаў дарослых. Вось і летам прайшла прэм’ера новага спектакля “Роні, дачка разбойніка” па матывах аповесці А.Ліндгрэн — гэта першая відэапастаноўка тэатра, адна з самых маштабных. У ёй задзейнічаны 70 чалавек, 40 з іх — акцёры, у тым ліку дзеці з аўтызмам. Галоўныя ролі ў спектаклі выканалі юныя артысты — Оля Малатоўнік і сын вядомага беларускага драматурга Глеб Курэйчык. Акрамя дзяцей, у ім заняты і педагогі тэатра, прафесійныя акцёры Генадзь Фамін, Дзяніс Да­дзішкіліяні, Дзіяна Флеер. Менавіта яны дапамагалі юным артыстам адаптавацца да здымак. Нядаўна дзеці тэатра запісалі агучку да выдатнай кнігі “Звычайная кніга пра незвычайнае ўсё” — вельмі карыснай і адначасова лёгкай для ўспрымання. Запісалі з лёгкай рукі аўтара кнігі Кацярыны Гузоўскай-Гары, якая дапамагае людзям з псіхічнымі расстройствамі прайсці рэабілітацыю і вярнуцца ў грамадства.

З’яўляючыся мясцовым дабрачынным фондам, сямейны інклюзіў-тэатр “і”, дзякуючы падтрымцы спонсараў і партнёраў — фінансавай і не толькі, імкнецца прыняць як мага больш дзяцей з аўтызмам у “Студыю Пушкаровай” і ў інклюзіў-тэатр, ставіць спектаклі і адкрываць для сябе новыя магчымасці. У лістападзе — снежні 2020 года сямейны інклюзіўны тэатр у фармаце анлайн правядзе Міжнародны фестываль інклюзіўных тэатраў/студый і іншых ініцыятыў Intensiv, дзе можна будзе ўбачыць адпаведны вопыт спецыялістаў з Грузіі, Ізраіля, Галандыі, Украіны і, вядома, Беларусі.

Сумесна з некамерцыйнай дабрачыннай медыяплатформай “Імёны” з 2019 года тэатр рэалізуе праект “Урокі для дзяцей з аўтызмам”, у рамках якога Ірына Кісялёва і псіхолаг тэатра Кацярына Шулякоўская распрацоўваюць методыку і практыкаванні для правя­дзення адаптацыйных заняткаў, якія дапамогуць дзецям з абмежаваннямі самастойна, без цьютараў, асвоіцца ў інклюзіўных творчых калектывах і студыях. Арганізуюцца заняткі для дзяцей ад 3,5 года.

Кацярына Шулякоўская падкрэсліла, што такія заняткі дапамагаюць дзецям паспяхова перахо­дзіць з адаптацыйных груп у інклюзіўныя і займацца са звычайнымі дзецьмі. Іх мэта — ліквідацыя цяжкасцей, якія адчуваюць дзеці пры ўваходзе ў новы калектыў, усталяванні эмацыянальных сувязей з іншымі дзецьмі, карэкцыя маўленчых парушэнняў. У распараджэнні спецыялістаў больш за 40 практыкаванняў. Важна, каб яны былі сістэмныя і бесперапынныя. Трэба шукаць індывідуальны падыход для кожнага дзіцяці, але пры гэтым сачыць за тым, каб захоўваліся камфортныя ўмовы для ўсіх у групе. Таму практычна кожны дзень даводзіцца ўзаемадзейні­чаць з бацькамі.

Практыкаванні для адаптацыйных заняткаў.

1. “Прывітанне”. Дзіця падыходзіць да люстэрка, глядзіць сабе ў вочы і гаворыць: “Прывітанне!” Затым адрасуе прывітанне ўдзельнікам групы. Дзеці глядзяць адно аднаму ў вочы і пытаюцца: “Як справы?” Атрымліваюць адказы: “У мяне ўсё добра!”, “Я так рады цябе бачыць!” і г.д. Паступова прывітанні ўскладняюцца і ажыццяўляюцца ў форме самапрэзентацыі.

2. “Дожджык”. Дзеці іміту­юць дождж з дапамогай воплескаў,
пстрычак пальцамі рук, тупанняў нагамі і іншых рухаў рознай інтэнсіўнасці. Спачатку гэта чыста механічнае паўтарэнне за дарослым. З урока ва ўрок дзеці пачынаюць ім­правізаваць. У кожнага атрымліваецца свой непаўторны дождж.

3. Практыкаванні на развіццё артыкуляцыйнага апарату. У сярэднім за заняткі праводзіцца 10 такіх практыкаванняў, кожнае па 7—10 секунд у восем падыходаў. Спецыялісту важна сачыць за правільнасцю іх выканання, рабіць практыкаванні разам з дзіцем перад люстэркам, своечасова спыніцца, каб не стаміць дзіця і перайсці да наступнага практыкавання або зрабіць дыхальную гімнастыку на расслабленне.

4. Практыкаванне “Агонь і лёд” нацэлена на развіццё мышачанага тонусу, маторыкі і ўвагі. Пры слове “лёд” дзеці заміраюць, пры слове “агонь” — паказваюць рухамі языкі полымя, якія паступова згасаюць. Гэта развівае пластычнасць і ўпэўненасць у сабе.

5. “Люстэрка”. Адно дзіця адлюстроўвае тое, што паказвае іншае. Тут няма завучаных рухаў, партнёры цалкам імправізуюць, ёсць магчымасць творча выка­наць практыкаванне. Спачатку гэта будуць проста рухі рук, ног, а з часам дзеці падключаць міміку, эмоцыі, танцавальныя элементы.

6. Практыкаванне “Воплеск-скачок” дапамагае развіваць увагу, пачуццё рытму. Вучань не толькі робіць сваё заданне, але і праяўляе цярпенне і праслухоўвае ўсіх удзельнікаў групы. Практыкаванне ўскладняецца, калі дадаецца рытмічны малюнак: дарослы адплясквае пэўную мелодыю, а дзіця яе адскоквае. 

7. “Падвядзенне вынікаў”. Сядаем у круг і абмяркоўваем з кожным дзіцем, што ў яго на занятках атрымалася лепш за ўсё, а што — не, што спадабалася ці не вельмі. Затым кожны можа ацаніць дасягненні сваіх аднагрупнікаў.

“Тэатр — добры інструмент інфармавання. Дзякуючы спектаклям тэатра “і”, бацькі і спецыялісты могуць уба­чыць, як працаваць з дзецьмі і дарослымі людзьмі з аўтызмам. У інклюзіўным калектыве дзеці з асаблівымі патрэбамі рэалізоўваюць творчы патэнцыял, — адзначае Ірына Кісялёва. — Некаторыя з іх дасяга­юць сур’ёзных поспехаў у акцёрскім майстэрстве, становяцца аўтарамі твораў. На працягу чатырох гадоў больш за 200 маленькіх артыстаў з аўтызмам наведвалі заняткі ў тэатры. Адразу не ўсе з іх маглі сканцэнтравацца на самым элементарным, не адважваліся падняцца на сцэну, вымавіць слова. Прайшоў час, і ніхто з гледачоў ужо не пазнае ў акцёрах дзяцей з аўтызмам. Для звычайных дзяцей заняткі ў тэатры таксама прыносяць карысць. У іх ніколі не ўзнікне пытання аб неабходнасці праяўляць талерантнасць у адносінах да лю­дзей з абмежаваннямі.

Мы ганарымся вучнямі і выпускнікамі тэатра і дзякуем нашым партнёрам, якія штодня працуюць над тым, каб наша грамадства стала больш талерантным, памяркоўным і цярплівым. Інклюзіў-тэатр — гэта, па сутнасці, мадэль грамадства роўных магчымасцей. Дзяцей мы вучым прымаць соцыум, а соцыум вучым прымаць нас такімі, якія мы ёсць, з усімі асаблівасцямі і патрэбамі”.

Надзея ЦЕРАХАВА.
Фота Ільі ЧУДЗІНА і Кацярыны ФЯЦІСАВАЙ.