Арыентацыя — лічбавізацыя

- 10:48Абітурыент

Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт запрашае амбіцыйных і рашучых юнакоў і дзяўчат на інжынерна­-эканамічную спецыяльнасць “Эканоміка і арганізацыя вытворчасці (лічбавыя тэхналогіі на прамысловым прадпрыемстве)”.

— Лічбавізацыя ахоплівае ўсе сферы жыцця — ад змены нашага побыту і да глабальнай трансфармацыі вытворчых працэсаў і фарміравання эканомікі і грамадства новага тыпу. Такога роду тэхналагічныя зрухі становяцца адным з фактараў узмацнення канкурэнцыі на ўсіх узроўнях. Ядро эканомікі нашай краіны — прамысловасць, таму жыццёва важнай задачай становіцца паспяховае ўкараненне і выкарыстанне лічбавых тэхналогій на прамысловым прадпрыемстве, — адзначыла кандыдат эканамічных навук дацэнт кафедры “Эканоміка і права” факультэта тэхналогій кіравання і гуманітарызацыі БНТУ Ю.В.Мялешка.

На кафедры “Эканоміка і права” функцыянуе навуковая школа па даследаванні мадэрнізацыі эканомікі на чале з доктарам эканамічных навук прафесарам С.Ю.Саладоўнікавым. У ёй больш за 10 гадоў вывучаецца трансфармацыя прамысловасці пад уплывам лічбавых тэхналогій.

— Праблему разрыву паміж лічбавай мадэрнізацыяй і кадравай забяспечанасцю сёння адчуваюць прамысловыя прадпрыемствы ўсяго свету. Менавіта для яе пераадолення мы ініцыіравалі адкрыццё новага напрамку “Лічбавыя тэхналогіі на прамысловым прадпрыемстве” спецыяльнасці “Эканоміка і арганізацыя вытворчасці”, — патлумачыла Юлія Віктараўна. — Мы адразу вырашылі, што гэта павінна быць інжынерна-эканамічная спецыяльнасць. Паспяховая лічбавая трансфармацыя прамысловага прадпрыемства ўключае ў сябе тры лічбавыя аспекты: вытворчасць, паслугі і бізнес-мадэлі. А для гэтага аднолькава важныя як інжынерныя, так і эканамічныя кампетэнцыі.

У час навучання па новым напрамку студэнты атрымаюць эканамічныя, праектныя, вытворча-тэхналагічныя, інфармацыйна-аналітычныя і іншыя навыкі. А пасля прыменяць іх для стварэння “разумнай” прамысловай вытворчасці, развіцця спадарожных лічбавых паслуг і пераходу прамысловага прадпрыемства да лічбавых бізнес-мадэлей.

— Важнае адрозненне гэтага на­­прамку — фундаментальная інжынерная падрыхтоўка ў галіне інфармацыйных тэхналогій і робататэхнікі. Дзякуючы ёй, будучыя спецыялісты стануць запатрабаванымі ўсімі галінамі прамысловасці, — дадала дацэнт кафедры. — Да таго ж у вучэбны план уключаны ўнікальныя аўтарскія дысцыпліны: “Прамысловы інтэрнэт рэчаў”, “Знакавае спажыванне і сучасныя таварныя рынкі”, “Індустрыяльная арганізацыя медыя­рынкаў і канкурэнтная палітыка”.

✓ Кваліфікацыя: “інжынер-эканаміст”.

✓ Тэмін навучання: 4 гады.

✓ Сертыфікаты ЦТ: матэматыка, замежная мова і руская (беларуская) мова.

Будучыя спецыялісты дадаткова будуць валодаць вытворча-тэхналагічнымі кампетэнцыямі і арыентавацца менавіта на прамысловы сектар — традыцыйныя прадпрыемствы: заводы, фабрыкі і іншыя   вытворчасці, на якіх выкарыстоўваюць лічбавыя тэхналогіі для мадэрнізацыі інфраструктуры і бізнес-працэсаў.

— Нашы выпускнікі напрамку “Лічбавыя тэхналогіі на прамысловым прадпрыемстве” змогуць працаваць у рэальным сектары эканомікі: на прамысловай вытворчасці, у камерцыйных арганізацыях і гаспадарчых структурах, рэспубліканскіх органах дзяржаўнага кіравання, галіновых міністэрствах і ўстановах, — паведаміла Юлія Віктараўна. — Гэты напрамак адрозніваецца ад іншых інжынерна-эканамічных спе­цыяльнасцей яшчэ і тым, што мае выразны пазагаліновы характар. Вывучэнне сучасных інфармацыйных тэхналогій апрацоўкі, мадэлявання інжынерных канструкцый, праектавання вытворчых працэсаў, кіравання жыццёвым цыклам вырабу і г.д. дазволіць атрымаць неабходныя веды і навыкі для арганізацыі лічбавай вытворчасці, паслуг і бізнес-ма­дэлей на любым прамысловым прад­прыемстве.

Такім чынам, новыя спецыялісты будуць умець ацэньваць узровень лічбавага развіцця прадпрыемства, аналізаваць рынак лічбавых тэхналогій, распрацоў­ваць і рэалізоўваць стратэгіі лічбавай трансфармацыі прадпрыемства, выбіраць прыярытэтныя лічбавыя праекты, распрацоўваць бізнес-сцэнарыі ўкаранення лічбавых тэхналогій, разлічваць эканамічныя эфекты ад выкарыстання лічбавых тэхналогій і многае іншае.

— Пры адкрыцці новага напрамку мы правялі апытанне патэнцыяльных работадаўцаў — кіраўнікоў прадпрыемстваў. І шэраг прадпрыемстваў выказалі гатоўнасць ужо зараз узяць на работу такіх спецыялістаў, праўда, давядзецца пачакаць 4 гады, — сказала дацэнт.

Сёлета на новы напрамак спецыяльнасці “Эканоміка і арганізацыя вытворчасці (лічбавыя тэхналогіі на прамысловым прадпрыемстве)” будуць набіраць па 10 студэнтаў на бюджэтную і платную формы навучання. Як і на іншыя інжынерна-эканамічныя спецыяльнасці, для паступлення неабходна прадаставіць сертыфікаты ЦТ па матэматыцы, замежнай і рускай (беларускай) мовах.

— Мы запрашаем усіх, хто хоча атрымаць цікавую і запатрабаваную спецыяльнасць. Унікальныя міждысцыплінарныя кампетэнцыі дазволяць не толькі засцерагчы сябе ад структурнага беспрацоўя, якое спараджаецца робатызацыяй і аўтаматызацыяй, але і забяспечаць багатую і разнастайную працоўную дзейнасць. Так ці інакш большую частку нашага жыцця мы праводзім на рабоце. І калі чалавек штодзень вымушаны займацца нелюбімай працай, то гэта становіцца асабістай трагедыяй. Наша новая спецыяльнасць няпростая. А таму мы запрашаем да сябе амбіцыйных і рашучых, здольных знахо­дзіць нестандартныя задачы і рашэнні. Каб пасля нашы выпускнікі змаглі прысвя­ціць жыццё любімай справе, — анансавала Ю.В.Мя­лешка.

Вольга АНТОНЕНКАВА.
Фота БНТУ.