Арыентацыя — на інтэгральны вынік працэсу навучання

- 11:44Актуально, Апошнія запісы

У сераду міністр адукацыі Ігар Карпенка здзейсніў ужо традыцыйную рабочую паездку ў рэгіён. Гэтым разам ён наведаў Смілавіцкі сельскагаспадарчы прафесійны ліцэй, дзе пазнаёміўся з матэрыяльна-тэхнічнай базай ліцэя і ўмовамі, створанымі для навучання і выхавання будучых спецыялістаў, агледзеў выставу тэхнічнай творчасці навучэнцаў. А затым правёў сустрэчу з дырэктарамі навучальных устаноў Чэрвеньскага раёна.

15 чэрвеня стартавала прыёмная кампанія ва ўстановах прафесійна-тэхнічнай адукацыі. У Смілавіцкім сельскагаспадарчым прафесійным ліцэі рыхтуюць рабочыя кадры па шасці спецыяльнасцях для арганізацый і прадпрыемстваў аграпрамысловага комплексу, грамадскага харчавання, гандлю і транспарту Мінскай вобласці. За апошнія 5 гадоў установай адукацыі падрыхтавана 556 кваліфікаваных рабочых. Усім выпускнікам было прадастаўлена першае працоўнае месца.

Для забеспячэння сучаснага і мабільнага адукацыйнага працэсу на базе ліцэя з 2007 года працуе рэсурсны цэнтр вытворчага навучання па кваліфікацыях “трактарыст-машыніст сельскагаспадарчай вытворчасці”, “машыніст экскаватара” і “вадзіцель пагрузчыка”. У цэнтры сканцэнтравана ўся неабходная тэхніка: трактары і самаходныя сельгасмашыны, агрэгатаваныя сельгасмашыны і трэнажоры-сімулятары. На яго базе толькі ў бягучым навучальным годзе прайшлі навучанне каля 400 навучэнцаў з 10 устаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі Мінскай вобласці.

Увогуле, Смілавіцкі сельскагаспадарчы прафесійны ліцэй стаў першай у краіне прафтэхустановай, дзе ў вучэбным працэсе пачалі выкарыстоўваць віртуальную рэальнасць. Трэнажоры — сімулятары сучасных сельгасма­шын ва ўстанове пачалі выкарыстоўваць з мінулага года. Гэта рэальныя кабіны збожжаўборачных камбайнаў, пагрузчыка, бульдозера, экскаватара, сельскагаспадарчага трактара, дзе цалкам імітуецца работа гэтай тэхнікі. Калі вы сядзеце за штурвал у такой кабіне, то не зможаце поле на экране адрозніць ад рэальнага.

“Зручнасць такіх сімулятараў у тым, што заданне можна мяняць. Калі вы, напрыклад, выбралі трэнажор для адпрацоўкі навыкаў аператара збожжаўборачнага камбайна, можаце займацца і ўборкай кукурузы, і абмалочваннем рапсу. Акрамя таго, навучэны трэніруюцца ез­дзіць па загараднай дарозе і горадзе, праца­ваць у вячэрні і начны час, ва ўмовах дажджу і туману. Пры гэтым няма рызыкі нешта зла­маць, нанесці шкоду тэхніцы і страціць ураджай. Яшчэ адзін важны момант: камп’ютар аналізуе работу навучэнца і ў канцы паказвае, наколькі паспяховым быў аператар, ці правільна выконваў заданне і дзе дапускаў памылкі. Маніторы ўстаноўлены не толькі ў кабіне, таму выкладчык можа бачыць тое ж, што і навучэнец, а праз мікрафон каардынаваць яго дзеянні”, — патлумачыў дырэктар ліцэя Юрый Корсік.

Трэнажоры дапамагаюць не толькі адшліфаваць прафесійныя дзеянні будучага спецыяліста, але і пазбавіцца страху перад тэхнікай і тымі сітуацыямі, якія могуць узнікнуць на полі. І такая псіхалагічная дапамога насамрэч вельмі важная, бо многім даводзіцца вучыцца пера­ступаць праз свае страхі і няўпэўненасць. Як, напрыклад, навучэнцы 2 курса Ангеліне Ляўданчык, якой менавіта трэнажор дапамог пераадолець страх. Цяпер Ангеліна куды больш упэўненая ў сабе і не баіцца садзіцца за рэальны штурвал камбайна.

У размове з выкладчыкамі ліцэя Ігар Карпенка падкрэсліў важнасць развіцця рэсурсных цэнтраў. Кіраўнік ведамства акцэнтаваў увагу на неабходнасці эфектыўнага (гаспадарчага) выкарыстання вучэбных плошчаў у Смілавіцкім ліцэі (напрыклад, рацыянальна было б арганізаваць вучэбныя заняткі па кулінарыі ў наяўнай сталовай).

 “Плануючы вучэбную дзейнасць, трэба думаць на перспектыву, улічваць патрэбы мясцовых галін сельскагаспадарчай вытворчасці. Усе вашы спецыяльнасці і кваліфікацыі павінны быць запатрабаваны рэальным сектарам эканомікі”, — падкрэсліў міністр. Акрамя таго, Ігар Васільевіч адзначыў, што варта выкарыстоўваць і пашыраць назапашаны вопыт ліцэя для прадастаўлення адукацыйных паслуг навучэнцам з іншых устаноў прафадукацыі і наладжваць неабходныя кантакты з профільнымі ўніверсітэтамі.


Пасля міністр адукацыі правёў сустрэчу з кіраўнікамі ўстаноў адукацыі Чэрвеньскага раёна, дзе найперш адзначыў, што пры развіцці рэсурсных цэнтраў трэба імкнуцца захоўваць канцэптуальны падыход. Схема “рэсурсны цэнтр дзеля рэсурснага цэнтра” не працуе, таму Міністэрства адукацыі гэтае пытанне бу­дзе трымаць на кантролі. На сёння ў нас 48 рэсурсных цэнтраў, і многія з іх аснашчаны такой сучаснай тэхнікай, якой і на некаторых вытворчасцях яшчэ няма. Асабліва гэта тычыцца цэнтраў, дзе рыхтуюць спецыялістаў будаўнічай галіны. Тут сістэма адукацыі працуе на апярэджанне.

Рэсурсны цэнтр Смілавіцкага сельскагаспадарчага прафесійнага ліцэя таксама працуе на апярэджанне патрэб сельскагаспадарчай галіны. Цяпер патрэбны спецыялісты з шырокім прафесійным кругаглядам і сучаснымі кампетэнцыямі.

У размове з дырэктарамі ўстаноў адукацыі Чэрвеньскага раёна міністр падвёў вынікі навучальнага года. “Сучасная школа павінна выдаваць выпускніку атэстат сталасці, які адлюстроўвае не толькі вынікі яго паспяховасці па вучэбных прадметах, але і ступень гатоўнасці маладога чалавека да самастойнай жыцця­дзейнасці — інтэгральны вынік працэсу навучання, развіцця і выхавання. Якасная адукацыя сёння забяспечвае фарміраванне асобы, якая будзе вызначаць развіццё нашай краіны ў будучыні.

Гэты навучальны год давялося заканчваць у складанай эпідэмічнай сітуацыі. Аднак наша сістэма нармальна справілася з усімі пытаннямі і праблемамі”, — адзначыў Ігар Карпенка.

У сваю чаргу прадстаўнікі кіраўніцтва ўстаноў адукацыі раёна падзякавалі міністру за інфармацыйную падтрымку, за тое, што спецыялісты Міністэрства адукацыі аператыўна адказвалі на пытанні бацькоў і настаўнікаў адносна заканчэння апошняй чвэрці і навучальнага года, а таксама здачы выпускных экзаменаў.

Наперадзе ўступная кампанія, якая ў гэтым годзе пройдзе без істотных змен. Зрушыліся толькі тэрміны здачы ЦТ. “Але гэта не зна­чыць, што ў нас не будзе запасу часу для падрыхтоўкі да пачатку новага навучальнага года. Мы якраз укладваемся ва ўсе тэрміны правядзення кампаніі, уключаючы падачу дакументаў, залічэнне ва ўстановы вышэйшай адукацыі на бюджэт і платна, паступленне ў сярэднія спецыяльныя і прафесійна-тэхнічныя навучальныя ўстановы”, — патлумачыў міністр.

А затым дадаў, што ў сістэме прафесійнай адукацыі ў нас гнуткі набор: у працэсе прыёму дакументаў можна скарэкціраваць лічбы так, каб ні адно дзіця, якое не паступае ў сярэднюю спецыяльную або ўстанову вышэйшай адукацыі, не засталося за бортам для навучання пэўным прафесіям.

Падчас сустрэчы міністр закрануў тэму прафесійнай падрыхтоўкі навучэнцаў базавых класаў, якая ажыццяўлялася ў межах працоўнага навучання. У 2019/2020 навучальным годзе адбыўся першы выпуск. Навучэнцы, якія ў поўным аб’ёме засвоілі вучэбную праграму, мелі права здаць кваліфікацыйны экзамен і па яго выніках атрымаць пасведчанне аб прысваенні кваліфікацыйнага разраду па прафесіі. У сувязі з гэтым на будучыню важна прадумаць пытанне абнаўлення кабінетаў працоўнага навучання ў школах.

Не засталіся без увагі і такія пытанні, як стымуляванне працы педагагічных работнікаў, забяспечанасць школ сучасным абсталяваннем, работа летніх лагераў дзённага знахо­джання, бяспека дзяцей падчас летніх канікул. На пытанне пра лёс малакамплектных школ міністр запэўніў, што, па-першае, гэтае пытанне заўсёды на кантролі кіраўніка ведам­ства, а па-другое, перад прыняццем кожнага рашэння па такіх школах ідзе комплекснае і ўзважанае абмеркаванне з усімі зацікаўленымі. Дарэчы, у Мінскай вобласці за апошнія два гады не закрылі ні адной школы.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота аўтара.