Арыенцір для іншых

- 11:23Навіны рэгіёнаў

Шмат гадоў у нашай гімназіі дзейнічаюць класы ваенна-патрыятычнага кірунку, якія арыентуюць вучняў на атрыманне ваенных спецыяльнасцей у адпаведных установах і рыхтуюць да службы ва Узброеных Сілах. Назапашаны вопыт паказвае, што такія класы вельмі запатрабаваны і адыгрываюць важную ролю ў прафесійным самавызначэнні.

Мэтанакіраваная работа педагогаў па грамадзянска-патрыятычным выхаванні вучняў, актыўнае выкарыстанне сучасных і эфектыўных форм і метадаў выхаваўчай дзейнасці дазволіла пабудаваць уласную сістэму работы.

У 2003 годзе паміж Ваеннай акадэміяй Беларусі і нашай гімназіяй была падпісана дамова аб супрацоўніцтве, дзякуючы якой у Пінску з’явіўся першы клас ваенна-патрыятычнага кірунку. За час існавання такіх класаў іх выпуск­нікамі сталі больш за 300 чалавек, якія прадоўжылі адукацыю ў Ваеннай акадэміі, Акадэміі МУС, на ваенных факультэтах БДУ і БНТУ і інш.

Сёння 87 колішніх вучняў ваенна-патрыятычных класаў носяць афіцэрскія пагоны і служаць у органах унутраных спраў, ваенна-паветраных войсках супрацьпаветранай абароны, пагранічных, паветрана-дэсантных, ракетных войсках і артылерыі.

Вучні такіх класаў называюцца віцэ-курсантамі, маюць пасведчанне ўстаноўленага ўзору і носяць ваенную форму адзення. Гімназісты размяркоўваюцца па страявых аддзяленнях, камандзірам якіх прысвойваюцца спецыяльныя віцэ-сяржанцкія званні. Работа класаў будуецца ў адпаведнасці з тыпавым распарадкам. У пачатку навучальнага года шыецца форменнае адзенне, ствараецца самакіраванне, вызначаюцца абавязкі кожнага віцэ-курсанта, развучваюцца страявыя песні, арганізоўваецца гарачае харчаванне.

Як класны кіраўнік імкнуся данесці да вучняў рамантыку армейскага жыцця, разумна спалучаю ў адукацыйнай практыцы гульнявы/імітацыйны пачатак і практычныя навыкі, неабходныя будучым вайскоўцам.

Вайсковая спецыяльна-тэхнічная падрыхтоўка, вывучэнне сучаснай ваеннай тэхнікі, удзел у спартыўных спаборніцтвах, Вахце памяці, парадзе на Дзень Перамогі, тэматычных літаратурна-музычных кампазіцыях, уроках мужнасці, акцыі “Дзеці — дзецям”, праекце “На Беларусі Бог жыве”, экскурсіях у вайсковыя часці, па месцах баявой і працоўнай славы, сустрэчах з ветэранамі Вялікай Айчыннай вайны, выпуск баявых лісткоў і тэматычных газет, вядзенне старонкі ў сацыяльнай сетцы “УКантакце” — далёка не поўны пералік спраў выхаванцаў ваенна-патрыятычных класаў.

Штогод віцэ-курсанты наведваюць Ваенную акадэмію Беларусі, дзе знаёмяцца з ваеннымі факультэтамі, выкладчыкамі, жыццём курсантаў. Сустрэчы з курсантамі ваенных УВА праходзяць рэгулярна.

Гімназісты выхоўваюцца на прыкладзе слаўных баявых традыцый старэйшага пакалення і подзвігаў герояў. Гэта фарміруе ў падлеткаў любоў да Радзімы, гордасць за гісторыю, павышае цікавасць да ваенна-прыкладных відаў спорту, развівае фізічныя і валявыя якасці, гатоўнасць да абароны Айчыны.

Аб’яднаныя адной мэтай, вучні ваенна-патрыятычных класаў істотна адрозніваюцца ад аднагодкаў дысцыплінаванасцю, актыўнай жыццёвай пазіцыяй, больш адказнымі адносінамі да вучобы.

Адзінства поглядаў бацькоў і педагогаў на грамадзянска-патрыятычнае выхаванне дазваляе будаваць адукацыйны працэс на аснове цеснага супрацоўніцтва.

Сёння ваенна-патрыятычныя класы — гэта фарпост патрыятычнага выхавання, арыенцір і маяк для іншых вучняў.

Вольга САЎЧУК,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры гімназіі № 2 Пінска, класны кіраўнік 11 “В” класа ваенна-патрыятычнага кірунку.