Арыенцір на дружбу і добры адпачынак

- 12:17Навіны рэгіёнаў

У маляўнічых месцах Гродзенскага раёна — побач з аграгарадком Азёры і ў аграгарадку Парэчча — працуюць дзіцячыя аздараўленчыя лагеры “Дружба” і “Кадэты”. Першы мае даўнюю гісторыю, другі дзейнічае толькі другі год. Але нягледзячы на гэтыя адрозненні, дзве ўстановы яднае адзіная мэта — зрабіць адпачынак дзяцей цікавым, здаровым, карысным, запамінальным.

Марына Багданаўна Маціфейчык, намеснік начальніка аздараўленчага лагера “Дружба”, педагог-псіхолаг Гродзенскага дзяржаўнага электратэхнічнага каледжа імя І.Шчаснага, адзначае:

— У сувязі з пандэміяй каранавіруса прадпрыемства “Гроднапрамбуд” паклапацілася аб стварэнні бяспечных умоў: на кожнае дзіця адве­дзена 8 квадратных метраў плошчы, у адным з карпусоў устаноўлены кандыцыянер. На тэрыторыі лагера аформлены альтанкі, лавачкі, з якіх адкрываецца цудоўны від на возера Белае.

Вялікую ўвагу ўдзяляем фізічнаму загартоўванню дзяцей. На тэрыторыі лагера ёсць пляцоўкі для рухавых і спартыўных гульняў — валейбола і баскетбола, лёгкай атлетыкі, футбольнае поле, гімнастычныя снарады, трэнажоры, крытая пляцоўка для настольнага тэніса, бадмінтона, месца для гульні ў шашкі, шахматы. Шырока выкарыстоўваюцца натуральныя формы аздараўлення, такія як геліятэрапія, створана пясочная сонечна-паветраная пляцоўка. Дзеці з задавальненнем купаюцца ў возеры Белае, катаюцца на катамаранах.

Выхаваўчы праект летняга сезону — 2020 “У “Дружбе” жыць — выдатна!” мае на мэце практыка-арыентаванае супрацоўніцтва дзяцей і дарослых. Акцэнт у арганізацыі вольнага часу хлопцаў і дзяўчат зроблены на актыўных, інтэр­актыўных, а таксама спартыўна-аздараўленчых мерапрыемствах. Распрацаваны новыя формы выхаваўчай работы: квілт “Мая будучыня — Беларусь”, конкурс радыёвядучых “Твая бяспека”, конкурс сацыяльных відэаролікаў “Твая абарона ад COVID-19: маска, чыстыя рукі, рэспіраторны этыкет”, інтэрактыўны літаратурны відэапраект “Па старонках казак на здаровы лад”, мазгабойня “Па старонках гісторыі”, відэаздымка музычных відэа­кліпаў з наступным размяшчэннем у сацсетках, пляжны вечар “Я танцую басанож на пяску”, водная феерыя “Гармонія” і шмат іншых мерапрыемстваў, дзе кожны наш выхаванец знаходзіць для сябе цікавы занятак.

Дзеці будуць адпачываць у “Дружбе” да 20 жніўня.

Аліна Вацлаваўна Фядуцік, намеснік начальніка лагера “Кадэты”, выхавальнік Гродзенскага абласнога кадэцкага вучылішча, гаворыць:

— Дзейнасць аздараўленчага лагера ваенна-патрыятычнага профілю “Кадэты” з’яўляецца эфектыўным сродкам дапрызыўнай падрыхтоўкі мола­дзі, фарміравання гатоўнасці будучых абаронцаў Айчыны да выканання свайго грамадзянскага абавязку па абароне Радзімы. Лагер працаваў на базе Гродзенскага абласнога кадэцкага вучылішча. На працягу 15 дзён у ім адпачывалі 25 дзяцей.

Напрамкі і віды дзейнасці лагера носяць ваенна-патрыятычны і ваенна-прыкладны характар. Уся выхаваўчая і адукацыйная дзейнасць ўмоўна была падзелена на 5 блокаў: “Патрыятычны”, “Спартыўна-аздараўленчы”, “Пазнавальны”, “Экалагічны”, “Мастацка-эстэтычны”. Блок “Па­трыятычны” ўключае, напрыклад, такія мера­прыемствы: сустрэча з дырэктарам вучылішча на тэму “Кадэцкае вучылішча — якое яно?”, напісанне ўдзель­нікамі змены міні-сачыненняў, эсэ “Мае бабуля і дзядуля ўдзельнічалі ў Вялікай Айчыннай вайне”, конкурс “Трапны стралок”, мітынг “Беларусь — краіна для людзей”, прысвечаны дню вызвалення Гродна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, конкурс “Страявая падрыхтоўка”, выніковыя заняткі гурткоў “Юны патрыёт”, “Спорт і здароўе”, урок мужнасці “Кадэцкае братэрства” і многія іншыя. У лагеры працаваў гурток “Важныя дробязі воінскага побыту”, хлопцы знаёміліся з “Уставам кадэта”, што вельмі важна для разумення таго, як вучацца і жывуць навучэнцы ў кадэцкім вучылішчы.

Блок “Спартыўна-аздараўленчы” ўключаў спартыўнае свята “Я — моцны”, спартыўны лікбез “Я і спорт”, спаборніцтвы “Паласа перашкод”, круглы стол “Знакамітыя спартсмены Беларусі”, спартландыю “Вясёлыя старты” і шмат іншых мерапрыемстваў.

Кожны блок прадугледжваў шмат цікавых спраў як вучэбнага, так і пазнавальнага характару. Для згуртавання часовага калектыву праводзілася шмат трэнінгавых заняткаў. А прадэманстраваць свае захапленні дзеці маглі падчас майстар-класаў. Такі “Кірмаш талентаў” даў магчымасць кожнаму праявіць свае здольнасці і навучыцца чамусьці новаму.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.