Лета заўсёды пралятае неяк незаўважна. Здаецца, літаральна ўчора празвінеў апошні званок на ўрачыстых лінейках, а каляндар паказвае ўжо канец жніўня і нагадвае педагагічнай грамадскасці, што не за гарамі Дзень ведаў, новы навучальны год. Гэтая пара — адна з самых напружаных для педагогаў. Не толькі з той прычыны, што вядзецца інтэнсіўная падрыхтоўка ўстаноў адукацыі да прыёму вучняў, а яшчэ і таму, што канец жніўня традыцыйна з’яўляецца часам падвядзення вынікаў за мінулы год. Якім ён быў для сістэмы адукацыі Магілёўшчыны? Якіх поспехаў удалося дасягнуць, з якімі праблемамі сутыкнуцца? Пра гэта ў інтэрв’ю карэспандэнту “Настаўніцкай газеты” расказаў начальнік упраўлення адукацыі аблвыканкама Уладзімір РЫЖКОЎ.
— Уладзімір Уладзіміравіч, ахарактарызуйце, калі ласка, выніковасць функцыянавання сферы адукацыі вобласці ў мінулым навучальным годзе?
— Як і раней, сістэма адукацыі рэгіёна была накіравана на рэалізацыю актуальных задач. Спрацавалі нядрэнна. Існуючая сетка навучальных устаноў цалкам задавальняе запыты насельніцтва, значна ўдасканалена матэрыяльна-тэхнічная база ўстаноў, а выразна выбудаваны алгарытм узаемадзеяння ўсіх суб’ектаў адукацыі дае магчымасць дастукацца да кожнага навучэнца, надаўшы пры гэтым максімум увагі індывідуальнаму падыходу ў станаўленні і развіцці яго асобы.
— Зараз самае надзённае пытанне — падрыхтоўка навучальных устаноў да новага навучальнага года. На якой стадыі яна знаходзіцца?
— Пытанне падрыхтоўкі навучальных устаноў да новага навучальнага года трымаецца на пастаянным кантролі як спецыялістамі абласнога ўпраўлення адукацыі, так і раённых аддзелаў. Старанна кантралююцца, правяраюцца і якасць, і аператыўнасць работ, якія выконваюцца. Такія меры дазваляюць пазбегнуць непрадбачаных сітуацый. Пакуль праблем не ўзнікала. Пазначаныя рамонтныя работы вядуцца згодна з зацверджанымі графікамі, і практычна ўсе ўстановы адукацыі ўжо гатовы прыняць сваіх вучняў.
Між тым зроблена нямала. З абласнога бюджэту на рамонт навучальных устаноў выдзелена звыш 54 млрд рублёў, выкарыстаны былі і сродкі з пазабюджэтных крыніц. Усе грошы задзейнічаны на бягучы і капітальны рамонт школ і школ-інтэрнатаў, дзіцячых садоў, устаноў прафесійна-тэхнічнай і дадатковай адукацыі. Выдзеленыя сродкі пайшлі таксама на выкананне планавых мерапрыемстваў, накіраваных на захаванне бяспекі дзяцей, падрыхтоўку да асенне-зімовага перыяду, тэхнічнае перааснашчэнне харчаблокаў, сталовых, спартыўных залаў, вучэбных кабінетаў.
— Лета — пара самай маштабнай аздараўленчай кампаніі. Як яна прайшла ў вобласці?
— У летні перыяд функцыянавала 650 аздараўленчых летнікаў. Дзяцей прымалі лагеры з кругласутачным і дзённым знаходжаннем, рознай была і іх профільная накіраванасць. Аздараўленне прайшлі больш як 43 тысячы навучэнцаў. Акрамя адпачынку ў летніках вобласці, школьнікі ў складзе арганізаваных груп праходзілі аздараўленне ў санаторна-курортных арганізацыях іншых абласцей рэспублікі. Дзвесце шэсцьдзясят дзяцей аздаравіліся ў Нацыянальным дзіцячым адукацыйна-аздараўленчым цэнтры “Зубраня”.
— Уладзімір Уладзіміравіч, раскажыце, наколькі эфектыўнай была дзейнасць устаноў агульнай сярэдняй адукацыі.
— У вобласці забяспечваецца стабільнае функцыянаванне сістэмы агульнай сярэдняй адукацыі. Педагагічныя калектывы ўлічваюць змены часу, пастаянна імкнуцца да ўдасканалення вучэбнага працэсу, знаходзяцца ў пастаянным пошуку шляхоў прагрэсіўнага развіцця сваіх устаноў. Зразумела, усе новаўвядзенні накіраваны на паляпшэнне якасці адукацыі.
Пэўных поспехаў дасягнуць атрымалася. Па выніках 2014/2015 навучальнага года было выдадзена 348 пасведчанняў аб агульнай базавай адукацыі з адзнакай, а таксама ўручана 256 атэстатаў асобага ўзору з узнагароджаннем залатым або сярэбраным медалём. Адносна нядрэнныя вынікі навучэнцы вобласці паказваюць на цэнтралізаваным тэсціраванні, у алімпіядным руху.
Характэрна, што за мінулы год многае было зроблена па інфарматызацыі працэсаў навучання, стварэнні адзінай інфармацыйнай адукацыйнай прасторы рэгіёна. Аснашчанасць устаноў агульнай сярэдняй адукацыі сучаснай камп’ютарнай тэхнікай складае амаль сто працэнтаў, усе ўстановы маюць выхад у інтэрнэт. Забяспечана прадстаўніцтва ўстаноў адукацыі ў глабальнай сетцы. Зараз функцыянуе больш за 250 афіцыйных сайтаў навучальных устаноў. Акрамя гэтага, створаны і дзейнічаюць больш за восемдзясят сайтаў педагогаў, з дапамогай якіх ажыццяўляецца дыстанцыйнае навучанне школьнікаў.
— Функцыянуюць школы вобласці нядрэнна, але, тым не менш, штогод немалая іх колькасць аптымізуецца і рэарганізуецца…
— Так, сапраўды. У гэтым годзе ў нас закрыта 9 школ. Усяго ж за апошнія пяць гадоў аптымізавана ці рэарганізавана 98 устаноў агульнай сярэдняй адукацыі. Часта даводзіцца сутыкацца з неразуменнем педагогаў або бацькоўскай грамадскасці, таму хачу патлумачыць, што такія меры прымаюцца толькі з мэтай павышэння якасці і эканамічнай эфектыўнасці функцыянавання сістэмы адукацыі, пры гэтым улічваецца дэмаграфічная сітуацыя і асаблівасці развіцця раёнаў.
Як правіла, закрыццё школ абумоўлена ўстойлівай тэндэнцыяй да памяншэння колькасці дзяцей школьнага ўзросту. У малакамплектных школах немагчыма якасна і на належным узроўні арганізаваць адукацыйны працэс, таму аптымізацыя працягнецца.
Нягледзячы на гэта, падстаў для хвалявання ў педагогаў і бацькоў узнікаць не павінна. Для навучэнцаў з закрытых школ штодзень арганізоўваецца падвоз у тыпавыя ўстановы, дзе створаны ўсе ўмовы для навучання. Не застаюцца без увагі і педагогі. Напрыклад, пасля праведзенай аптымізацыі ў сельскіх школах колькасць выпускных класаў з напаўняльнасцю пяць і менш навучэнцаў зменшылася на 23 пазіцыі. Адпаведна, у нас вызвалілася нямала педагогаў. Але ўсім ім былі прадастаўлены працоўныя месцы ў іншых установах адукацыі, а таксама магчымасці для праходжання перападрыхтоўкі. Такім чынам, работа будзе весціся і далей, бо нараканняў яна не выклікае. Пасля правядзення аптымізацыі абгрунтаваных скаргаў як з боку бацькоў, так і ад педагогаў у абласное ўпраўленне адукацыі не паступала.
— У бягучым годзе рэарганізацыя значна закранула і сетку ўстаноў прафесійна-тэхнічнай адукацыі.
— Работа ў гэтым кірунку ў нас таксама праводзіцца планава і ўжо не першы год. Але мы не разглядаем аптымізацыю як механічнае скарачэнне. Гэта перш за ўсё канцэнтрацыя рэсурсаў. Эканоміка рухаецца па інавацыйным шляху, укараняюцца новыя тэхналогіі ў вытворчасці. Час патрабуе адукаваных рабочых рук, таму ў прафесійна-тэхнічных установах павінна весціся падрыхтоўка не проста рабочых у традыцыйным разуменні, а высокакваліфікаваных спецыялістаў. З гэтай мэтай і праводзіцца аптымізацыя.
Сёлета ў форме далучэння рэарганізавана сем устаноў прафесійна-тэхнічнай адукацыі. Гэты крок накіраваны на стварэнне шматузроўневых, шматпрофільных устаноў, якія будуць рэалізоўваць шырокі спектр адукацыйных праграм. Рэарганізацыя дазволіць рацыянальна выкарыстоўваць кадравы патэнцыял, вучэбна-матэрыяльную базу ўстаноў, больш эфектыўна расходаваць бюджэтныя сродкі.
— Маштабная рэарганізацыя неяк паўплывала на колькасць паступаючых ва ўстановы ПТА? І як у цэлым прайшла ўступная кампанія на Магілёўшчыне?
— Адразу хачу адзначыць, што аптымізуецца не толькі сама сетка ўстаноў прафесійна-тэхнічнай адукацыі, але і прафесіі, спецыяльнасці, па якіх прапануецца навучанне. Адпаведнымі спецыялістамі праводзіцца пастаянны маніторынг рынку працы. У выніку незапатрабаваныя кваліфікацыі закрываюцца, а на іх месцы з’яўляюцца новыя.
У гэтым годзе для максімальнай адпаведнасці падрыхтоўкі кадраў умовам сучаснага рынку працы былі ліквідаваны 29 і адкрыты 16 спецыяльнасцей. Так, на базе Магілёўскага політэхнічнага каледжа адкрыта падрыхтоўка рабочых з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй па кваліфікацыі “мехатронік 5 разраду (машынабудаванне)”. У Бабруйскім дзяржаўным каледжы імя А.Я.Ларына пачалі рыхтаваць выхавальнікаў і дызайнераў мэблі. А ў Магілёўскім прафесійным агралесатэхнічным каледжы імя К.П.Арлоўскага ўпершыню ў рэспубліцы пачата падрыхтоўка рабочых з павышаным разрадам кваліфікацыі “наладчык аўтаматызаванага тэхналагічнага абсталявання ў жывёлагадоўлі 5 разраду”.
Такое абнаўленне прапанаваных для навучання спецыяльнасцей праводзіцца штогод, што дазваляе ўстановам ПТА быць запатрабаванымі ў моладзі. Планы набору павінны выканаць практычна ўсе навучальныя ўстановы. На дзённае навучанне ў іх паступіць 2887 выпускнікоў школ на аснове агульнай базавай адукацыі, 1078 выпускнікоў з агульнай сярэдняй адукацыяй і 108 маладых людзей, якія атрымалі спецыяльную адукацыю.
Даволі паспяхова ў нас прайшла і ўступная кампанія ў ВНУ і ўстановы ССА. Вядома, па асобных спецыяльнасцях узнікалі пэўныя цяжкасці, але, дзякуючы дадатковаму набору, сур’ёзных недабораў не назіраецца.
— Уладзімір Уладзіміравіч, а як ідуць справы з адукацыяй і выхаваннем дзяцей дашкольнага ўзросту?
— У Магілёўскай вобласці функцыянуе 513 устаноў дашкольнай адукацыі з колькасцю выхаванцаў звыш сарака тысяч чалавек. Праблем з забяспечанасцю малых месцамі ў дзіцячых садках не ўзнікае, сацыяльны заказ сям’і і дзяржавы на дашкольную адукацыю мы выконваем цалкам. Штогод уводзяцца ў эксплуатацыю новыя дашкольныя ўстановы. У мінулым і гэтым годзе ў Магілёве быў пабудаваны дзіцячы сад на 240 месцаў, вернуты ў сетку дзіцячы сад на 220 месцаў. Адкрыты дзіцячы сад на 75 месцаў у Касцюковічах, чатыры дадатковыяя групы на 75 месцаў у Шклове, вернуты ў сетку дзіцячы сад на 190 месцаў у Бабруйску.
Існуючыя віды дашкольных устаноў дазваляюць забяспечыць варыятыўнасць адукацыйнага працэсу, арыентаваць яго на індывідуальныя запыты дзяцей і іх бацькоў. Адметна, што на працягу апошніх пяці гадоў не назіраецца росту пропускаў па хваробе адным дзіцем. Гэты паказчык складае ў нас 4,4 дня і з’яўляецца лепшым у рэспубліцы.
— Цяпер актуальным з’яўляецца пытанне забеспячэння ўстаноў адукацыі педагагічнымі кадрамі. Ці хапае ў магілёўскіх навучальных установах настаўнікаў?
— У сферы адукацыі кадры, нашы педагогі — асноўны складнік эфектыўнай і паспяховай работы. Таму ў вобласці развіта высокая адказнасць кіраўнікоў на месцах за кожнага работніка, за дакладнае прагназаванне патрэбы ў кадрах, своечасовае павышэнне іх кваліфікацыйнага ўзроўню.
Гэта дае станоўчы вынік. Забяспечанасць навучальных устаноў педагогамі складае амаль сто працэнтаў. А па адукацыйным і кваліфікацыйным узроўні педагагічных работнікаў Магілёўшчына знаходзіцца сярод лідараў у параўнанні з іншымі рэгіёнамі рэспублікі. Амаль усе нашы педагогі маюць вышэйшую адукацыю, а больш за семдзесят працэнтаў з іх — вышэйшую або першую кваліфікацыйную катэгорыю.
Вядома, ёсць у нас і пэўны кадравы дэфіцыт. У сувязі з інтэнсіўным будаўніцтвам новых устаноў дашкольнай адукацыі ў Магілёве і Бабруйску адчуваецца недахоп выхавальнікаў. У школах не хапае настаўнікаў фізіка-матэматычнага профілю.
Праблему стараемся вырашаць усімі даступнымі метадамі. У першую чаргу за кошт узмацнення прафарыентацыі навучэнцаў, актывізацыі работы па накіраванні на навучанне па мэтавых дагаворах. Актыўна вядзём работу і па замацаванні маладых спецыялістаў. У прыватнасці, прымаюцца меры па павышэнні аплаты працы педагогаў, у тым ліку маладых педагогаў. На працягу двух гадоў з моманту заключэння кантракта прадугледжана павышэнне тарыфнай стаўкі на дзесяць працэнтаў і надбаўка за стаж. Маладым спецыялістам з вышэйшай адукацыяй, уключаным у банкі даных адоранай і таленавітай моладзі, устаноўлена павышэнне тарыфных ставак на 50 працэнтаў. За работу ў сельскай мясцовасці — яшчэ дваццаціпрацэнтная надбаўка.
Належныя ўмовы створаны і для кар’ернага росту маладых спецыялістаў. У парадку выключэння са згоды ўпраўлення адукацыі аблвыканкама магчымы допуск да атэстацыі на першую кваліфікацыйную катэгорыю, з дазволу міністра адукацыі рэспублікі — на вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю без уліку раней прысвоенай катэгорыі і стажу работы.
Вынікам такой падтрымкі стала больш чым шасцідзесяціпрацэнтнае замацаванне маладых педагогаў на сваіх першых працоўных месцах. Сёлета для работы ва ўстановах адукацыі вобласці накіравана 547 маладых спецыялістаў. Спадзяюся, што і яны застануцца вернымі педагогіцы.
— Вы сказалі аб высокім прафесійным узроўні магілёўскіх настаўнікаў. Гэты факт, несумненна, уплывае на вынікі работы. Якімі поспехамі педагогі і навучэнцы вобласці могуць сёння ганарыцца?
— Адораных дзяцей, чый талент раскрыўся дзякуючы рабоце педагогаў, на Магілёўшчыне вельмі многа. Штогод школьнікі прымаюць удзел у алімпіядным руху. Нашы вучні паспяхова выступаюць як на рэспубліканскіх, так і на міжнародных алімпіядах. Не меншая колькасць адораных дзяцей у нас у спорце і творчасці.
Калі ж гаварыць пра дасягненні педагагічных калектываў, то асабліва вызначыўся Магілёўскі эканамічны прафесійна-тэхнічны каледж. Указам прэзідэнта навучальная ўстанова прызнана пераможцай адпаведнага спаборніцтва і занесена на рэспубліканскую Дошку гонару за дасягненне ў 2014 годзе найлепшых паказчыкаў у сферы сацыяльна-эканамічнага развіцця сярод арганізацый адукацыі.
— Уладзімір Уладзіміравіч, якія планы на будучыню, на наступны навучальны год?
— Галоўным арыенцірам для сферы адукацыі вобласці застанецца мэтанакіраванасць на павышэнне якасці адукацыі, рэалізацыю ўсіх даведзеных адукацыйных стратэгій. Мы нядрэнна папрацавалі ў мінулым навучальным годзе. Наперадзе новы год, новыя задачы, таму будзем ісці наперад, да новых дасягненняў, абапіраючыся на ўжо створанае. Думаю, агульнымі намаганнямі магілёўскім педагогам нават самыя складаныя задачы будуць па плячы.
Гутарыла Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.