Арыенцір на шчаслівыя канікулы

- 12:36Выхаванне

Жыццё кожнага чалавека ўяўляе сабой бясконцы ланцужок выбараў, ад якіх залежыць яго будучыня. Для падлеткаў тэма выбару асабліва актуальная, таму што яны стаяць на парозе дарослага жыцця. Лагер працы і адпачынку “Арыенцір” даў юнакам і дзяўчатам арыенцір на шчаслівае, яркае, вясёлкавае лета, дзе знайшлося месца адпачынку, працоўным справам, цікавым сустрэчам, экскурсіям, а самае галоўнае, дапамог сарыентавацца ў прафесійнай будучыні.

“Прафесіі з вялікай перспектывай” — пад такой назвай прайшла гадзіна зносін, падчас якой выхаванцы лагера адкрылі для сябе новыя прафесіі: супервайзер, прамоўтар, капірайтар, інтэрнэт-коўч, кантэнт-менеджар. І гэта далёка не поўны пералік. Напрыклад, падлеткам цікава было даведацца, што медыяпланер — гэта спецыяліст, які плануе рэкламную кампанію арганізацыі, а лайф-коўч дапамагае развіць упэўненасць ў сабе і дзелавыя якасці.

Хто можа даць парады ў нялёгкім выбары прафесіі? Выхаванцы “Арыенціра” дружна адкажуць: “Зоркі!” Так, менавіта зоркі параяць, напрыклад, Блізнятам стаць псіхолагамі або журналістамі, Дзевам паспрабаваць сябе ў навуковай дзейнасці, а Ракам выбраць медыцыну. І усё ж такі самымі галоўнымі дарадчыкамі ў жыцці падлеткаў з’яўляюцца бацькі. Пра ролю сям’і ў прафесійным самавызначэнні дзяцей ішла гаворка на ток-шоу “Выбар”, дзе сустрэліся выхаванцы лагера і іх бацькі, сярод якіх былі настаўнік, медыцынская сястра, трактарыст, жывёлавод, дыспетчар. Шчырая размова аб поспехах і няўдачах, аб цяжкасцях і шляхах іх пераадолення нікога не пакінула абыякавым. Бацькі і дзеці нібыта з іншага боку паглядзелі адно на аднаго, разам вучыліся паважаць выбар кожнага, прыслухоўвацца да мудрых парад старэйшага пакалення.

Году малой радзімы прысвячаюць выхаванцы лагера свае працоўныя справы: экалагічныя акцыі “Мой родны аграгарадок”, відавыя праполкі на палях СВК “Нягневічы”, добраўпарадкаванне тэрыторыі школы, акцыі “Помнікі” і “Клопат”, спартыўныя святы.

Наша шчаслівае лета, калі побач сябры і аднадумцы, бацькі і любімыя настаўнікі, якія разумеюць і падтрымліваюць, калі наперадзе яшчэ так шмат сонечных дзён, працягваецца. Няхай жа яно будзе бясконцым!

Марына СЯВЕЦ,
дырэктар лагера працы і адпачынку “Арыенцір”
Нягневіцкай сярэдняй школы Навагрудскага раёна.

Фота аўтара.