Павышэнне якасці адукацыі, выхаванне грамадзянскасці і патрыятызму ў падрастаючага пакалення — на гэтых пытаннях была акцэнтавана ўвага ўдзельнікаў выніковай калегіі галоўнага ўпраўлення па адукацыі Магілёўскага аблвыканкама. У пасяджэнні прымаў удзел намеснік старшыні аблвыканкама Валерый Малашка. Па відэасувязі да калегіі далучыліся галоўны спецыяліст упраўлення агульнай сярэдняй, дашкольнай і спецыяльнай адукацыі Міністэрства адукацыі Ірына Булаўкіна, а таксама намеснікі старшынь, начальнікі аддзелаў і ўпраўленняў па адукацыі рай- і гарвыканкамаў, кіраўнікі ўстаноў адукацыі абласнога падпарадкавання.
Пасяджэнне калегіі адкрыў начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі аблвыканкама Андрэй Заблоцкі.
— Летась паслядоўна ажыццяўлялася работа па павышэнні якасці адукацыі. У прыярытэце было захаванне яе даступнасці, гарантаванне бяспечнага адукацыйнага працэсу. Ва ўмовах эканоміі бюджэтных сродкаў мы здолелі забяспечыць рэалізацыю ўсіх дзяржаўных праграм, накіраваных на стабільнае функцыянаванне і развіццё адукацыйнай галіны. У мінулым годзе дасягненні ўстаноў адукацыі і педагогаў рэгіёна неаднаразова былі адзначаны як на абласным, так і на рэспубліканскім узроўні, — паведаміў Андрэй Барысавіч.
І сапраўды, ганарыцца ёсць чым. Так, Магілёўскі дзяржаўны абласны ліцэй № 3 за выніковую дзейнасць быў занесены на рэспубліканскую Дошку гонару. Магілёўскі дзяржаўны эканамічны прафесійна-тэхнічны каледж і Магілёўскі дзяржаўны прафесійны агралесатэхнічны каледж імя К.П.Арлоўскага прызнаны лепшымі сярод арганізацый сацыяльнай сферы з занясеннем на абласную Дошку гонару. Сярод устаноў агульнай сярэдняй адукацыі сельскай мясцовасці лепшай у рэспубліцы стала Мяжысецкая сярэдняя школа Магілёўскага раёна. На рэспубліканскім этапе алімпіяды па вучэбных прадметах у агульным рэйтынгу сярод абласцей магілёўскія навучэнцы занялі 1-е агульнакаманднае месца, заваяваўшы 36 дыпломаў. Сваю канкурэнтаздольнасць пацвердзілі ўстановы прафесійнай адукацыі. На заключным этапе чарговага рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства WorldSkills Belarus навучэнцы ўстаноў ПТА заваявалі 21 прызавое месца і сталі другімі ў камандным заліку. Па выніках конкурсу прафесійнага майстэрства “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь — 2020” каманда Магілёўскай вобласці заняла пяць прызавых месцаў. Ганаровых дыпломаў удастоены амаль усе ўдзельнікі.
Такіх значных дасягненняў шмат, і гэта лепшае пацвярджэнне плённай працы магілёўскага настаўніцтва. Але спыняцца ў развіцці нельга.
— Сёння перад намі стаіць задача далейшага ўдасканалення сістэмы адукацыі ў адпаведнасці з патрабаваннямі, якія ставяць перад намі грамадства і дзяржава, з улікам існуючых традыцый і назапашанага вопыту, — звярнуўся да прысутных начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі аблвыканкама.
Як адзначыў Андрэй Заблоцкі, па ўсіх напрамках адукацыйнай дзейнасці спрацавалі дастаткова прадукцыйна. Напрыклад, функцыянаванне ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі было скіравана не толькі на якасць, але і на эканамічную эфектыўнасць. Былі прыняты рознабаковыя меры па павелічэнні напаўняльнасці класаў і памяншэнні выдаткаў на аднаго вучня, правядзенні паслядоўнай работы па аптымізацыі і рацыяналізацыі сеткі ўстаноў адукацыі з улікам дэмаграфічнай сітуацыі і асаблівасцей развіцця раёнаў. Вялікую работу правялі і па ўдасканаленні якасці і даступнасці навучання, яго арыентацыі на запыты дзяцей і бацькоў. Шмат было зроблена па ўдасканаленні матэрыяльна-тэхнічнай базы. Вынік — стабільнае функцыянаванне і станоўчая дынаміка развіцця ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі, што прыводзіць да павышэння якасці навучання.
У мінулым навучальным годзе 68% школьнікаў паказалі высокі і дастатковы ўзровень ведаў. Сярэдні бал атэстата — 8,5 і больш — меў 31% выпускнікоў сярэдняй школы. Атэстаты асаблівага ўзору з узнагароджаннем залатымі і сярэбранымі медалямі атрымаў 341 выпускнік 11 класа, а пасведчанні аб агульнай базавай адукацыі з адзнакай былі выдадзены 465 выпускнікам 9-х класаў. Па выніках цэнтралізаванага тэсціравання магілёўскія навучэнцы атрымалі 25 стабальных сертыфікатаў. Лепшыя вынікі паказалі выпускнікі Бабруйска, Клічаўскага, Чавускага, Быхаўскага, Клімавіцкага, Крычаўскага і Круглянскага раёнаў. Але ў шэрагу раёнаў вынікі ЦТ па-ранейшаму застаюцца ніжэйшымі за сярэднеабласныя паказчыкі.
— Важным напрамкам у рабоце па павышэнні вынікаў цэнтралізаванага тэсціравання з’яўляецца пераразмеркаванне патокаў навучэнцаў і скарачэнне колькасці базавых класаў. Пасля заканчэння базавай школы менш падрыхтаваных вучняў трэба арыентаваць на навучанне ва ўстановах ПТА, больш падрыхтаваных — у профільных класах. Пры гэтым асаблівую ўвагу варта ўдзяляць функцыянаванню класаў педагагічнай і аграрнай накіраванасці, — адзначыў Андрэй Заблоцкі.
Па яго словах, значная работа была праведзена ва ўстановах спецыяльнай адукацыі. Зараз 99,9% дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця маюць магчымасць атрымліваць якасную адукацыю і карэкцыйную дапамогу. Ранняй комплекснай дапамогай ахоплены ўсе дзеці, якія маюць у ёй патрэбу. Рэгіён працягвае крочыць насустрач інклюзіі. У мінулым годзе былі створаны яшчэ два інклюзіўныя класы — у агульнаадукацыйных установах Горацкага і Круглянскага раёнаў.
Станоўчыя тэндэнцыі захаваліся летась і ў дашкольнай адукацыі. Якасць і даступнасць адукацыйных паслуг для дашкалят забяспечваюцца за кошт будаўніцтва новых дзіцячых садкоў. Толькі за апошнія гады ў рэгіёне былі ўведзены ў эксплуатацыю пяць дашкольных устаноў агульнай напаўняльнасцю 700 месцаў у Магілёве, Бабруйску, Слаўгарадзе, аграгарадках Дабрэйка Шклоўскага і Усход Магілёўскага раёнаў. Працягваецца павышэнне прафесійнага ўзроўню выхавальнікаў, забеспячэнне навучальных устаноў сучаснымі сродкамі навучання.
У прафесійна-тэхнічнай адукацыі ў справаздачны перыяд упор рабілі не толькі на якасць, але і на забеспячэнне кадравых патрэб рэгіёна. Падрыхтоўка рабочых вядзецца з улікам рынку працы, змяненняў у эканоміцы. Набыццё прафесіі становіцца папулярным сярод моладзі. За мінулы год выпуск устаноў прафтэхадукацыі склаў 5,2 тысячы чалавек. Амаль усім прадастаўлена першае рабочае месца. Але прафтэхадукацыя вобласці сутыкалася і з праблемамі.
— Актуальным застаецца пытанне прагназавання патрэбы ў рабочых кадрах пры фарміраванні заказу на падрыхтоўку праз аўтаматызаваную сістэму “Дзяржзаказ і прыём”. Не ўсюды атрымліваецца належным чынам арганізаваць дадзеную работу. У адных раёнах наладзілі гэты алгарытм і поўнасцю забяспечваюць сябе кадрамі, у іншых пакуль ёсць праблемы. Рашэннем можа стаць забеспячэнне ўзаемадзеяння з базавымі арганізацыямі па прагназаванні патрэбы ў кадрах і фарміраванне заказу з удзелам мясцовых органаў кіравання. Неабходна таксама павысіць эфектыўнасць прафарыентацыі, больш матываваць моладзь на навучанне па мэтавых дагаворах, — падкрэсліў Андрэй Барысавіч.
Адметна, што ў мінулым годзе праводзілася значная работа па выхаванні падрастаючага пакалення, абароне правоў і законных інтарэсаў дзяцей, стварэнні ўмоў для свабоднага i эфектыўнага ўдзелу моладзі ў сацыяльным, эканамічным і культурным жыцці грамадства. Вялікая ўвага ўдзялялася таксама кадраваму забеспячэнню навучальных устаноў. Сёння ўстановы адукацыі вобласці ўкамплектаваны кваліфікаванымі педагагічнымі кадрамі ў поўным аб’ёме. Прафесійны ўзровень магілёўскіх педагогаў даволі высокі — 69% маюць катэгорыю “настаўнік-метадыст”, вышэйшую і першую кваліфікацыйныя катэгорыі. Але ёсць тут і негатыўны момант. Знізіліся паказчыкі замацавання маладых педагогаў на першых працоўных месцах. Прычына — недастатковая работа мясцовых органаў улады з маладымі спецыялістамі. Каб выправіць сітуацыю, на калегіі было вырашана прадугледзець для маладых настаўнікаў дадатковыя меры падтрымкі, а таксама разнастайныя спосабы матэрыяльнага і маральнага стымулявання. Гаварылі і аб неабходнасці матывацыі маладых спецыялістаў да павышэння кваліфікацыі. Тым больш што ўсе ўмовы для кар’ернага росту створаны.
— Сістэма адукацыі Магілёўскай вобласці функцыянуе стабільна. Але спыняцца на дасягнутым нельга. Адукацыйная сфера закранае практычна ўсе слаі нашага грамадства. Ад эфектыўнасці нашай работы залежыць лёс кожнага дзіцяці, кожнай канкрэтнай сям’і. Гэта стымул імкнуцца да яшчэ большай якасці і выніковасці, — матываваў калег Андрэй Заблоцкі.
Асаблівы акцэнт падчас калегіі быў зроблены на важнасці грамадзянска-патрыятычнага выхавання падрастаючага пакалення. Неаднаразова казалі пра тое, што для ўстаноў адукацыі гэты напрамак дзейнасці павінен быць адным з прыярытэтных. Менавіта так адбываецца ва ўстановах адукацыі Бабруйска. Грамадзянска-патрыятычнае выхаванне ў горадзе ўяўляе сабой сістэмную мэтанакіраваную дзейнасць, да якой далучаны не толькі навучальныя ўстановы, але і бацькі, грамадскасць, органы ўлады. Штотыдзень у горадзе праводзіцца адзіны дзень патрыёта, вядзецца работа па развіцці маладзёжнага руху, далучэнні вучняў да пошукавай, турысцка-краязнаўчай, даследчай дзейнасці.
— Моладзь — будучыня краіны, таму работа з ёй павінна быць у прыярытэце. Кожны з бацькоў і кожны педагог павінен разумець: тое, што мы ўкладзём у нашых дзяцей сёння, дасць адпаведныя ўсходы заўтра. Здолеем выхаваць дастойнага грамадзяніна — можам быць упэўненымі ў стабільным развіцці нашай краіны. Мы імкнёмся аб’ядноўваць усе намаганні, каб работа ў гэтым напрамку дала вынік, каб нашы дзеці шанавалі і бераглі сваю краіну, былі яе шчырымі патрыётамі, — адзначыла начальнік упраўлення па адукацыі Бабруйскага гарвыканкама Алена Лісіца.
Для аб’яднання намаганняў у агульнай справе грамадзянска-патрыятычнага выхавання ў рэгіёне ініцыіравалі маштабны абласны праект #Мая_Зямля_Прыдняпроўе.
— Грамадзянска-патрыятычнае выхаванне пачынаецца не ў школе. Нараджаючыся ў сям’і, яно развіваецца ў дзіцячым садзе. Настаўнікі пачатковай школы прымаюць гэтую эстафету, якая ў старшых класах павінна быць накіраванай на фарміраванне сацыяльна сталай, прыхільнай да высокіх маральных ідэалаў і традыцыйных нацыянальных каштоўнасцей асобы. Менавіта таму сёння перад школай стаіць задача быць не проста навучальнай установай, а паўнавартасным сацыяльным інстытутам. Праект прадугледжвае на сістэмнай аснове далучаць падрастаючае пакаленне да ўнікальнай сацыякультурнай спадчыны і сучаснасці Прыдняпроўскага краю. Яго галоўная асаблівасць — масавае прыцягненне навучэнцаў да культурна-пазнавальнай і даследчай дзейнасці, накіраванай на вывучэнне сваёй малой радзімы, — патлумачыла намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення па адукацыі аблвыканкама Ірына Кускова.
Праект будзе ажыццяўляцца ў некалькі этапаў і аб’яднае дзяцей, педагогаў, бацькоў, іншых зацікаўленых. Па яго заканчэнні плануецца стварэнне даведніка па Магілёўскай вобласці, інтэрактыўнай карты, якая адлюструе ўсе адметнасці рэгіёна, а таксама мабільнага дадатку “МаяЗямляПрыдняпроўе”. Усе гэтыя напрацоўкі ўстановы адукацыі будуць актыўна выкарыстоўваць у сваёй дзейнасці. Канчатковыя інфармацыйныя прадукты праекта будуць арганічна ўплецены ў адукацыйную праграму. Плануецца, што, акрамя выхаваўчай функцыі, масавыя падарожжы стануць сродкам нагляднай прафарыентацыі, паспрыяюць прафесійнаму самавызначэнню навучэнцаў.
— Праект актуальны, таму ў яго рэалізацыі важна не дапусціць фармалізму. Падключыцца да яго павінна кожная ўстанова адукацыі. Але візуальныя інфармацыйныя прадукты праекта не галоўная мэта. Больш важны вынік — станаўленне маладога чалавека на станоўчых прыкладах, якімі поўніцца наша родная зямля. У грамадзянска-патрыятычным выхаванні моладзі неабходна выкарыстоўваць усе наяўныя рэзервы, як і ў рабоце па павышэнні якасці адукацыі. Для вырашэння праблемных момантаў трэба задзейнічаць нявыкарыстаныя рэсурсы, якія ў нас ёсць, — падкрэсліў намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Валерый Малашка.
Настаўніцтва вобласці ў мінулым годзе добра справілася з выкананнем ускладзеных на яго задач. Руплівая праца шматтысячнага калектыву педагогаў вобласці неаднойчы высока адзначалася. Не абышлося без узнагарод і на калегіі. А фінальнай кропкай пасяджэння стала прыняцце агульнай рэзалюцыі. З арыенцірам на ўсебаковае развіццё сферы адукацыі рэгіёна працаваць плануецца і надалей.
Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.