Арыенцір — якасць, бяспека, эфектыўнасць

- 12:27Адукацыйная прастора, Рознае

Сёлетняя абласная жнівеньская педагагічная нарада на Брэстчыне праходзіла ў фармаце двухдзённай навукова-практычнай канферэнцыі “Адукацыя Брэстчыны: арыенціры развіцця”.

У першы дзень педагогі працавалі ў 5 секцыях, арганізаваных на базе гімназіі № 5 Брэста, Кобрынскага дзяржаўнага політэхнічнага каледжа, Ліноўскага ясляў-сада Пружанскага раёна, Жамчужненскай сярэдняй школы Баранавіцкага раёна і сярэдняй школы № 10 Пінска. Удзельнікі канферэнцыі абмяркоўвалі пытанні, звязаныя з кіраваннем установай адукацыі ў сучасных умовах, эфектыўным узаемадзеяннем сям’і і школы, арганізацыяй дапрофільнай падрыхтоўкі і профільнага навучання ў 10—11 класах, развіццём дашкольнай адукацыі і забеспячэннем якасці прафесійнай адукацыі.

На пленарным пасяджэнні канферэнцыі, якое праходзіла ў анлайн-рэжыме ў Брэсцкім аблвыканкаме, эксперты расказалі пра вынікі работы секцый і абазначылі праблемы развіцця адукацыі вобласці. На пасяджэнні прысутнічалі старшыня Брэсцкага аблвыканкама А.В.Ліс і першы намеснік міністра адукацыі Беларусі В.А.Богуш.


Начальнік абласнога ўпраўлення адукацыі Ю.М.Прасмыцкі адзначыў, што сістэма адукацыі Брэстчыны на працягу апошніх 5 гадоў развівалася даволі дынамічна і вынікова. Так, палепшыліся вынікі ўдзелу школьнікаў у цэнтралізаваным тэсціраванні і заключным этапе рэспубліканскай прадметнай алімпіяды, павялічылася колькасць выпускнікоў з сярэбранымі і залатымі медалямі. Усе дзеці пяцігадовага ўзросту ахоплены падрыхтоўкай да школы. У большасці раёнаў забяспечаны поўны ахоп асаблівых дзяцей спецыяльнай адукацыяй і карэкцыйна-педагагічнай дапамогай. Штогод павялічваецца колькасць дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без бацькоўскай апекі, уладкаваных на сямейныя формы выхавання. Станоўчыя зрухі назіраюцца ў паляпшэнні вучэбна-матэрыяльнай базы ўстаноў адукацыі. Працягваецца рацыянальная аптымізацыя адукацыйнай галіны. У вобласці выконваюцца ўсе сацыяльныя стандарты ў галіне адукацыі.

На Брэстчыне распрацаваны “Стратэгія і план развіцця сістэмы адукацыі Брэсцкай вобласці на 2016—2020 гады” і праграма “Адукацыя і маладзёжная палітыка Брэсцкай вобласці” на 2016—2020 гады. Іх змест накіраваны на ўмацаванне вучэбна-матэрыяльных, псіхолага-педагагічных, інфармацыйна-тэхналагічных, сацыякультурных і асобасных рэсурсаў развіцця адукацыйнай галіны.

— Асноўныя намаганні органаў кіравання адукацыяй і педагогаў вобласці на найбліжэйшыя 5 гадоў павінны быць сканцэнтраваны на збалансаваным, устойлівым і якасным развіцці галіны па ўсіх напрамках, — адзначыў Ю.М.Прасмыцкі. — Вялікую ўвагу трэба ўдзяляць даступнасці і новым формам дашкольнай адукацыі, укараненню электроннай школы ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі, метадычнай рабоце з педагогамі, якія забяспечваюць профільнае навучанне старшакласнікаў і дапрофільную падрыхтоўку вучняў, рабоце з адоранымі і высокаматываванымі дзецьмі, павышэнню прафесійнай кампетэнтнасці педагогаў ва ўзаемадзеянні з бацькамі, развіццю інклюзіўнай адукацыі, удасканаленню механізмаў прафілактыкі правапарушэнняў навучэнцаў ПТНУ, развіццю ў школах аб’яднанняў па інтарэсах працоўнай накіраванасці ў шосты дзень, выкарыстанню розных форм своечасовага маральнага і матэрыяльнага стымулявання творчых педагогаў і карысных дзіцячых ініцыятыў, практыка-арыентаванай падрыхтоўцы кадраў ва УВА, умацаванню сувязей з арганізацыямі — заказчыкамі кадраў, замацаванню моладзі ў сістэме адукацыі, павышэнню ролі Брэсцкага абласнога ІРА ў абнаўленні навукова-метадычнага забеспячэння адукацыі, арганізацыі занятасці школьнікаў і студэнтаў у вольны час, павышэнню кіраўніцкай кампетэнтнасці і колькасці настаўнікаў-метадыстаў, якасці выкладання асобных прадметаў і інш. Пастаўленыя задачы можна паспяхова выканаць дзякуючы развіццю эфектыўнай адукацыйнай практыкі, асабістай адказнасці, добрасумленнасці і ініцыятыўнасці кіраўнікоў і педагогаў, сумеснай мэтанакіраванай і сістэмнай рабоце настаўнікаў, зацікаўленых ведамстваў і бацькоў вучняў. Установам адукацыі варта актыўна ўключацца ў інавацыйныя працэсы і аператыўна рэагаваць на запыты часу.

У наступныя 5 гадоў у вобласці плануецца адкрыць 8 дашкольных устаноў і 11 дзіцячых дамоў сямейнага тыпу, закрыць 34 школы. Па словах Ю.М.Прасмыцкага, асноўнымі арыенцірамі развіцця адукацыйнай галіны Брэстчыны на найбліжэйшую пяцігодку павінны стаць якасць, бяспека і эфектыўнасць.

— Да аптымізацыі ўстаноў адукацыі варта адносіцца вельмі ўзважана, — заўважыў старшыня Брэсцкага аблвыканкама А.В.Ліс. — Пры закрыцці школ не павінна прэваліраваць фінансавае пытанне. Неабходна ўлічваць найперш кадравы патэнцыял устаноў і якасць адукацыі ў іх. Месцы ў дзіцячых садках павінны атрымліваць толькі тыя дзеці, якія сапраўды маюць у гэтым патрэбу. Даволі часта месцы ў дашкольных установах замацаваны за дзецьмі, што іх амаль не наведваюць. Актуалізавалася і праблема з размеркаваннем выпускнікоў ПТНУ. Рыхтаваць спецыялістаў трэба па прафесіях, запатрабаваных на рынку працы.

— Брэстчына вылучаецца высокім узроўнем кадравага патэнцыялу, які варта захоўваць і прымнажаць, — адзначыў В.А.Богуш. — Маладыя педагогі павінны адчуваць дзейсную дапамогу ў прафесійным росце з боку больш вопытных калег. Вялікую ўвагу трэба ўдзяляць інфарматызацыі адукацыі, якая добра дапамагае ў павышэнні эфектыўнасці галіны. У профільным навучанні важна забяспечыць найперш яго якасць і актыўнае ўзаемадзеянне школ з ПТНУ і ССНУ. Рэальнасць паказвае, што для паспяховай самарэалізацыі трэба атрымліваць і павышаць адукацыю на працягу ўсяго жыцця.

Лепшыя педагогі вобласці атрымалі з рук А.В.Ліса граматы і падзячныя пісьмы аблвыканкама. Сярод узнагароджаных: педагог дадатковай адукацыі Л.А.Жыцянёў з Цэнтра дзіцячай творчасці Целяхан Івацэвіцкага раёна, начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму адміністрацыі Ленінскага раёна Брэста Т.А.Савіч, дырэктар Баранавіцкага дзяржаўнага ПТК сферы абслугоўвання С.У.Шышына і дырэктар Кобрынскай спецыяльнай агульнаадукацыйнай школы-інтэрната Т.І.Драгун. У сваю чаргу В.А.Богуш уручыў нагрудныя знакі “Выдатнік адукацыі Рэспублікі Беларусь” настаўніцы гісторыі С.І.Данілюк з ліцэя № 1 імя А.С.Пушкіна Брэста і дырэктару сярэдняй школы № 16 Пінска Г.В.Тарэлкіну.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.