Арыенціры будучыні

Рэгіянальны этап ІІІ Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства “Нацыянальны чэмпіянат WorldSkills Belarus — 2018” адбыўся на Віцебшчыне.

Як падкрэсліў намеснік старшыні аргкамітэта начальнік упраўлення адукацыі Віцебскага аблвыканкама Дзмітрый Хома, прафесійнай адукацыі ў рэгіёне ўдзяляецца прыярытэтная ўвага. Праводзіцца маштабная сістэмная работа па ўсіх напрамках — ад прафарыентацыі і ўдасканальвання ўзаемадзеяння ўстаноў адукацыі з прадпрыемствамі, арганізацыі практыкі да развіцця вучэбна-метадычнага і матэрыяльна-тэхнічнага патэнцыялу ліцэяў і каледжаў. Толькі за апошнія 2 месяцы пад старшынствам кіраўніка Віцебскага аблвыканкама Мікалая Шарснёва і з удзелам усіх зацікаўленых бакоў адбыліся дзве вялікія нарады па забеспячэнні прадпрыемстваў вобласці кваліфікаванымі кадрамі. На ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў прафадукацыі, якія знаходзяцца ў падпарадкаванні ўпраўлення адукацыі, у мінулым годзе было выдаткавана 7,7 млн рублёў — удвая больш, чым за 2015—2016 гг. Віцебшчына актыўна ўдзельнічае ў руху WorldSkills. Яе прадстаўнікі дастойна выступілі ў складзе рэспубліканскай каманды ў фінале V Нацыянальнага чэмпіянату Расійскай Федэрацыі “Маладыя прафесіяналы” — WorldSkills Russia ў Краснадары і 44-м Міжнародным чэмпіянаце прафесійнага майстэрства WorldSkills International у Абу-Дабі. Сёлета рэгіянальныя адборачныя спаборніцтвы маладых прафесіяналаў складаліся з 14 этапаў, якія праходзілі ў Віцебску, Полацку, Наваполацку, Гарадку і Смальянах.

— Калі параўноўваць абсталяванне, што было ў нас у 2014 годзе, з тым, якое зараз набылі, то можна сказаць: падрыхтоўку да І Нацыянальнага чэмпіянату WorldSkills Belarus мы пачыналі з нуля, — расказаў дырэктар філіяла БДТУ “Віцебскі дзяржаўны тэхналагічны каледж” Міраслаў Івашкевіч. — Тым не менш на ІІ чэмпіянаце выйшлі ў лідары ў дзвюх кампетэнцыях, заваявалі 1-е месца па “цяслярскай справе” і 3-е па “сталярнай справе”. Наш навучэнец Валянцін Пасюцін удзельнічаў у чэмпіянаце ў Абу-Дабі. У гэтым годзе падрыхтаваліся па 5 кампетэнцыях. Людзі “загарэліся” спаборніцтвам — як выкладчыкі, так і навучэнцы. WorldSkills дае моцную матывацыю да развіцця і прафесійнага росту. Акрамя таго, гэта нядрэнная рэклама ўстановы адукацыі. Замежная паездка, параўнанне вопыту і ўзроўню падрыхтоўкі таксама прынеслі свой плён. Вынікі работы, спадзяюся, мы пабачым у маі.

У падрыхтоўцы рабочых кадраў рэгіянальная сістэма адукацыі цесна ўзаемадзейнічае з работадаўцамі. Вітаючы ўдзельнікаў спаборніцтва, старшыня Віцебскага абласнога савета наймальнікаў Уладзімір Туравінаў акцэнтаваў увагу на пытаннях удасканальвання матэрыяльна-тэхнічнай базы для атрымання якаснай прафадукацыі. Гаворка ішла аб неабходнасці сучасных пляцовак, лабараторый для падрыхтоўкі, павышэння прафесійнага майстэрства рабочых і спецыялістаў розных галін: у гэтым зацікаўлены як прадпрыемствы, так і ўстановы адукацыі. У прыватнасці, пры абсталяванні адной з такіх пляцовак, якая неўзабаве адкрыецца ў Віцебску, выкарыстаны вопыт усерасійскага чэмпіянату прафесійнага майстэрства работнікаў водаканалаў і прадпрыемстваў камунальнай гаспадаркі RUSSIAN WATER CUP.

— Не ўсё так проста, — адзначыў дырэктар Віцебскага дзяржаўнага тэхнічнага каледжа, старшыня Савета кіраўнікоў устаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі вобласці Аляксандр Ласякін. — Таму што сёння трэба падрыхтаваць нашага навучэнца на ўзроўні, які адпавядае самым высокім міжнародным стандартам. Для гэтага, безумоўна, павінна быць моцная база. А яе на роўным месцы не створыш — патрэбны сродкі, і мы ўдзячныя ўпраўленню адукацыі за сістэмную, пастаянную падтрымку. Пэўныя вынікі адчуваюцца ўжо сёння: напрыклад, калі 2 гады назад мы прымалі ўдзел у WorldSkills Belarus толькі па 3 кампетэнцыях, то цяпер ідзём па 9, а ў ІV чэмпіянат плануем уступіць па 15. Грунтоўная падрыхтоўка патрабуе ўкладання не толькі значных матэрыяльных, але і чалавечых рэсурсаў. Патрэбны кадры. Адзін з самых адказных момантаў — падрыхта-ваць дасведчаных, высокакваліфікаваных выкладчыкаў і майстроў вытворчага навучання. І гэта ў нас атрымліваецца. У мінулым чэмпіянаце нашы навучэнцы выступілі больш дастойна, чым студэнты некаторых профільных ВНУ, Андрэй Пяткоўскі прадстаўляў Беларусь у Абу-Дабі. Сучаснае пакаленне — выдатная моладзь. Яны мэтанакіраваныя, інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі дазваляюць ім знаходзіць самае новае і параўноўваць, працаваць над сабой. Яны — гонар нашай краіны, дзе створаны ўсе ўмовы для іх далейшага прафесійнага росту. Мы адчуваем велізарны клопат з боку кіраўніцтва вобласці. Магу сказаць на прыкладзе нашага каледжа: губернатар Мікалай Шарснёў, старшыня абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Цярэнцьеў асабіста ведаюць кожную вучэбна-вытворчую майстэрню, нават дзе знаходзіцца той ці іншы станок, і нашы праблемы, над чым мы працуем, што мы зможам зрабіць у будучыні. Ці ўсюды кіраўнікі настолькі знаёмы з установамі прафадукацыі? Мы настроены на вынік і ўпэўнены, што яго атрымаем.

Знамянальнай падзеяй, якая стане арыенцірам будучыні калі не цэламу пакаленню, то многім студэнтам і навучэнцам, назваў адборачны рэгіянальны этап спаборніцтва Уладзімір Цярэнцьеў.

— Чэмпіянат у Абу-Дабі засведчыў, што мы на правільным шляху, — перакананы старшыня абласнога Савета дэпутатаў. — У нас пакуль мала міжнароднага вопыту. Але тое, што рухаемся ў правільным напрамку, што захавалі ўсё лепшае ад савецкай сістэмы прафесійнай адукацыі, што актыўна развіваемся ў адпаведнасці з сучаснымі падыходамі і тэхналогіямі — абсалютна дакладна. Упэўнены, што нашай вобласці па плячы паспяхова выступіць у маі ў Мінску, а потым у Казані. Тым, хто прайшоў адборачны этап, жадаю ўдачы і поспеху, астатнім падцягвацца. Кожная ваша перамога — не толькі доказ, што вы лепшыя ў прафесіі, гэта пуцяводная зорка для ўсёй нашай сістэмы прафадукацыі і маладых рабочых. Вельмі важна, каб у нас былі гэтыя маячкі, за якімі мы будзем рухацца наперад.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.