Арыгінальныя, крэатыўныя, пераканаўчыя

- 12:35Рознае, Спецыяльная адукацыя

Гэтымі днямі ў нашай краіне праходзіць Рэспубліканскі конкурс “Лепшая ўстанова спецыяльнай адукацыі”. Як паведаміла галоўны спецыяліст аддзела спецыяльнай адукацыі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь Святлана Яўгенаўна Сысой, конкурс праводзіцца ў два этапы — абласны і рэспубліканскі — па наступных намінацыях: “Лепшая спецыяльная дашкольная ўстанова”, “Лепшая спецыяльная агульнаадукацыйная школа (спецыяльная агульнаадукацыйная школа-інтэрнат)”, “Лепшая дапаможная школа (дапаможная школа-інтэрнат)”, “Лепшы цэнтр карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі”.

Конкурс уяўляе сабой комплекс мерапрыемстваў па абагульненні i распаўсюджанні кіраўніцкага і педагагічнага вопыту работы ўстаноў спецыяльнай адукацыі нашай краіны. Яго асноўная мэта — садзейнічанне развіццю творчых ініцыятыў работнікаў, падтрымка эксперыментальнай і інавацыйнай дзейнасці, прыцягненне ўвагі грамадскасці да сі-стэмы, да работы яе педагогаў, фарміраванне ў насельніцтва краіны талерантнага стаўлення да асоб з АПФР.
Удзельнікі першага (абласнога) этапу конкурсу павінны былі падаць у аргкамітэт заяўку, а таксама спіс творчай групы (не больш за 15 чалавек), якая будзе прадстаўляць пэўную ўстанову спецыяльнай адукацыі, і інфармацыйна-аналітычную даведку аб яе дзейнасці за апошнія 3 гады. Журы абласнога этапу конкурсу вызначае па адным пераможцы ў кожнай намінацыі.
Для ўдзелу ў другім (рэспубліканскім) этапе конкурсу, які пройдзе на базе Акадэміі паслядыпломнай адукацыі з 17 лістапада па 17 снежня 2014 года, у аргкамітэт рэспубліканскага этапу конкурсу трэба накіроўваць справаздачу аб правядзенні абласнога этапу конкурсу і звесткі аб пераможцах першага этапу, а таксама інфармацыйна-аналітычную даведку аб дзейнасці ўстаноў. Такім чынам, колькасць удзельнікаў (фіналістаў) рэспубліканскага этапу конкурсу складзе не больш за 28 устаноў спецыяльнай адукацыі.
Другі этап конкурсу будзе праводзіцца ў два туры: завочны і вочны. У завочным туры пройдуць два мерапрыемствы: на першым кожны з калектываў устаноў прадставіць абагульнены вопыт работы сваіх педагогаў за апошнія тры гады, на другім пройдзе відэапрэзентацыя ўстаноў.
Звесткі і іншыя матэрыялы аб фіналістах (у тэкставым і электронным варыянтах) павінны быць накіраваны ў аргкамітэт не пазней чым 14 лістапада 2014 года. І ў першую чаргу — прадстаўленне абагульненага вопыту работы кожнага з педагагічных калектываў устаноў спецыяльнай адукацыі за апошнія тры гады (аб’ём — не больш за 20 старонак без уліку табліц, дыяграм, ілюстрацый і інш.). Дадаткова можна прыкласці фатаграфіі, публікацыі ў сродках масавай інфармацыі аб дзейнасці ўстаноў і інш. Калі ў тэксце, напрыклад, адлюстравана, што педагогі школы на працягу трох гадоў выступілі на 5 рэспубліканскіх, 10 абласных, 25 раённых метадычных мерапрыемствах, то лепш даслаць і копіі праграм адпаведных мерапрыемстваў. Калі ж паведамляецца, што ўстанова з’яўляецца рэспубліканскай эксперыментальнай пляцоўкай, то дадаткова павінна быць прадстаўлена копія справаздачы за папярэднi год аб рэалізацыі пэўнага эксперыментальнага праекта. Калі ж згадана, што педагогамі ўстановы на працягу 3 гадоў падрыхтаваны 15 публікацый, то прыкладаюцца ксеракопіі артыкулаў з назвай выдання, нумарам, датай і інш.
Акрамя таго, неабходна даслаць відэапрэзентацыю (працягласцю да 20 хвілін) сваёй установы спецыяльнай адукацыі. Гэта фільм (мультымедыйная прэзентацыя з відэаролікам) аб усіх удзельніках адукацыйнага працэсу, аб іх дасягненнях і поспехах, асаблівасцях і перспектывах установы і інш. Відэапрэзентацыі павінны адлюстроўваць асноўныя, найбольш яркія аспекты дзейнасці педагогаў, сацыяльную значнасць, эфектыўнасць і выніковасць работы. Пры гэтым важна, наколькі арыгінальным, пераканаўчым, доказнымі і эстэтычнымі з’яўляецца ўсё, што знята.
Тры ўстановы спецыяльнай адукацыі, якім удасца набраць найбольшую колькасць балаў па выніках завочнага тура ў кожнай з намінацый, стануць удзельнікамі вочнага тура другога этапу конкурсу. Такім чынам, колькасць удзельнікаў вочнага тура складзе не больш за 12 устаноў спецыяльнай адукацыі. На вочным этапе прадугледжана і абарона адукацыйнага праекта.
Абарона адукацыйнага праекта (не больш за 15 хвілін) будзе праходзіць на сцэне. Пры гэтым удзельнікам важна прадэманстраваць свабоднае валоданне матэрыялам, які яны прэзентуюць, разуменне яго сутнасці, поўнасцю раскрыць тэму, быць крэатыўным, выразным.
Крытэрыямі ацэнкі конкурсных матэрыялаў з’яўляюцца актуальнасць тэмы, адпаведнасць вопыту педагагічнай дзейнасці сучасным тэндэнцыям развіцця спецыяльнай адукацыі, умелае раскрыццё і сувязь з соцыумам; утрымліванне інфармацыі аб даступнасці спецыяльнай адукацыі, эфектыўнасці і спрыяльных умовах функцыянавання яе ўстаноў, аб выкарыстанні сучасных тэхналогій у рабоце, інклюзіўным падыходзе ў сістэме адукацыі ўвогуле. І ў рэшце рэшт, змест конкурснага матэрыялу павінен адпавядаць заяўленай тэме.
Пераможцы конкурсу (установы) вызначаюцца ў кожнай з намінацый з удзельнікаў вочнага тура рэспубліканскага этапу конкурсу па суме балаў, набранай гэтымі ўстановамі спецыяльнай адукацыі ў завочным і вочным турах.

* * *

Некалькі слоў аб пераможцах з Гомельскай вобласці. У верасні на базе Гомельскага абласнога цэнтра карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі прайшоў вочны тур першага (абласнога) этапу конкурсу. У ім прынялі ўдзел 25 устаноў спецыяльнай адукацыі. З іх 7 спецыяльных дашкольных устаноў, 3 спецыяльныя агульнаадукацыйныя школы (спецыяльныя агульнаадукацыйныя школы-інтэрнаты), 3 дапаможныя школы (дапаможныя школы-інтэрнаты), 12 цэнтраў карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі. Да самапрадстаўлення калектывы падышлі творча. Журы ацэньвала і педагагічны КВЗ, і педсавет, і работу тэлестудыі, і танцавальныя нумары, і касцюміраваныя эцюды. Па выніках гэтага этапу ў кожнай намінацыі былі вызначаны па тры лепшыя ўстановы.
Дыпломамі І ступені былі ўзнагароджаны спецыяльны яслі-сад № 30 для дзяцей з парушэннямі зроку Мазыра ў намінацыі “Лепшая спецыяльная дашкольная ўстанова”; Рэчыцкая спецыяльная агульнаадукацыйная школа-інтэрнат для дзяцей з парушэннем слыху ў намінацыі “Лепшая спецыяльная агульнаадукацыйная школа (спецыяльная агульнаадукацыйная школа-інтэрнат)”; дапаможная школа-інтэрнат № 5 Гомеля і Ельская дапаможная школа-інтэрнат у намінацыі “Лепшая дапаможная школа (дапаможная школа-інтэрнат)”; Гомельскі абласны цэнтр карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі ў намінацыі “Лепшы цэнтр карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі”.
Установы-пераможцы пачалі актыўную падрыхтоўку матэрыялаў і творчых нумароў для таго, каб годна прадставіць Гомельскую вобласць на заключным этапе Рэспубліканскага конкурсу “Лепшая ўстанова спецыяльнай адукацыi”.

Надзея ЦЕРАХАВА.