Права на сям'ю і абарону ад гвалту

- 11:49Сацыяльны ракурс

Хто раскажа дзецям пра іх правы?

30 гадоў назад Генеральная Асамблея ААН прыняла Канвенцыю аб правах дзіцяці, якую сёння падтрымліваюць 196 краін, у тым ліку і тыя, што не з’яўляюцца членамі ААН. Адзіныя, хто не ратыфікаваў канвенцыю, — гэта ЗША.

Канвенцыя аб правах дзіцяці прадугледжвае забеспячэнне права дзяцей на адукацыю, дастойны ўзровень жыцця, а таксама іх абарону ад усіх форм гвалту і дыскрымінацыі.

Нягледзячы на, здавалася б, міжнародную абароненасць, у дачыненні да непаўналетніх узнікаюць новыя пагрозы, якія пужаюць не толькі сваімі маштабамі, але і стаўленнем да праблемы. Так, у нашай краіне штогод фіксуецца ўсё больш злачынстваў, у якіх дзеці становяцца ахвярамі сексуальнага гвалту, а педафілія працягвае насіць латэнтны характар.

Тэму абароны дзяцей, іх удзел у крымінальным працэсе і правы, пра якія непаўналетнія не ведаюць, мы абмеркавалі падчас прэс­снедання, якое да дня прыняцця канвенцыі было арганізавана заснавальнікам і членам Праўлення міжнароднай грамадскай арганізацыі “Разуменне” членам Камісіі па справах непаўналетніх пры Савеце міністраў Андрэем Міхайлавічам МАХАНЬКО.

Андрэй Міхайлавіч, на­ша краіна адна з першых ратыфікавала Канвенцыю аб правах дзіцяці. Як сёння выконваюцца абавязкі па канвенцыі?

— Канвенцыя ААН аб правах дзіцяці была прынята Генеральнай Асамблеяй 20 лістапада 1989 года. Дакумент мае 54 артыкулы, якія вызначаюць правы дзяцей і абавязваюць краіны свету абараняць іх.

Наша краіна ратыфікавала канвенцыю ў 1990 годзе, а з 1 студзеня 1994 года яна стала часткай нацыянальнага заканадаўства — быў прыняты Закон “Аб правах дзіцяці”.

Наша краіна, як і ўсе астатнія, прадстаўляе справаздачы аб выкананні канвенцыі ў Камітэт ААН па правах дзіцяці. Апошняя справаздача была накіравана ў лютым 2019 года. На падставе справаздач дзяржаў Камітэт ААН, які складаецца з 17 незалежных экспертаў, стварае заключныя рэкамендацыі для краіны па найбольш удалай абароне і прасоўванні правоў дзяцей. Альтэрнатыўныя справаздачы дапамагаюць Камітэту ААН з вызначэннем першачарговых для краіны заключных рэкамендацый, на падставе якіх пасля фарміруюцца нацыянальныя планы дзеянняў па выкананні канвенцыі ў кожнай краіне. “Разу­менне” двойчы прадстаўляла камітэту свае альтэрнатыўныя справаздачы, чым моцна паўплывала на фарміраванне інтарэсу да абароны права дзяцей жыць у свабодным ад насілля, клапатлівым і развітым асяроддзі. Канвенцыя ААН аб правах дзіцяці — гэта важная частка нашага заканадаўства.

Каб падмацаваць дзеянне канвенцыі, Генеральная Асамблея ААН прыняла тры факультатыўныя пратаколы да яе. Першы — аб недапушчэнні ўдзелу дзяцей ва ўзброеных канфліктах. Другі — аб прадухіленні сексуальнай эксплуатацыі непаўналетніх. Трэці — аб стварэнні камунікатыўнай працэдуры, згодна з якой дзеці самі ці праз сваіх прадстаўнікоў маглі б звяртацца па пытаннях абароны правоў у міжнародны орган — Камітэт ААН па правах дзіцяці. Наша краіна далучылася да першых двух пратаколаў. Сёння, дарэчы, з’яўляецца актуальным пытанне аб далучэнні і да трэцяга.

Беларусь уваходзіць у першую сотню краін, дзе абарона непаўналетніх рэалізоўваецца на высокім узроўні (Child Rights Index, 2019). Але гэта не значыць, што трэба сядзець склаўшы рукі. Сістэму абароны правоў дзяцей трэба ўмацоўваць.

“Разуменне”право­дзіла апытанне сярод дзяцей і падлеткаў, наколькі добра яны веда­юць свае правы. Якія праблемы сталі відавочнымі падчас апрацоўкі вынікаў апытання? Ці добра дзеці арыентуюцца ў сваім прававым полі?

— У 2004 годзе было праведзена першае SCARI — даследаванне наконт гвалту ва ўстановах для дзяцей­сірот. Пасля такія даследаванні паўтараліся ў 2009­м і ў 2015­м, а наступнае будзе праводзіцца ў 2021 годзе. Такім чынам было выяўлена шмат пагроз, з якімі сутыкаюцца ці могуць сутыкнуцца дзеці ў дзіцячых дамах і інтэрнатах.

У 2012­м было праведзена даследаванне траўматычных выпадкаў у дзяцінстве сярод моладзі ва ўзросце 18—24 гадоў. А зараз мы паглядзелі, як дзеці ведаюць свае правы. І што вы думаеце? Дзеці ведаюць пра некаторыя свае правы вельмі добра, напрыклад, пра права на адукацыю, на ахову здароўя, права на жыццё, на выхаванне ў сям’і, на абарону ад гвалту. Але шэраг правоў сёння ўвогуле ім невядомы. Напрыклад, непаўналетнія не ведаюць, што маюць права на выказванне асабістага меркавання, на свабоду асацыяцый, права на абарону ад сексуальнай эксплуатацыі і гандлю людзьмі. Але больш за ўсё ўражвае, што дзеці не ведаюць пра права на гульню! Былі і кур’ёзы: з правоў дзеці выбіралі неіснуючыя, напрыклад, права на бургер і колу кожны дзень ці права не прыбіраць раніцай ложак.

З якімі пагрозамі сёння часцей за ўсё сутыкаюцца дзеці ў нашай краіне? Якое месца ў агульным спісе пагроз займа­юць сексуальныя злачынствы ў дачыненні да непаўналетніх?

— Самым кантрасным месцам, дзе яскрава адлюстроўваюцца ўсе тэндэнцыі ў дзіцячым жыцці, на жаль, з’яўляецца інтэрнатная ўстанова для сірот. Калі праводзілі там свае даследаванні па распаўсюджванні таго ці іншага тыпу гвалту над дзецьмі, атрымалі наступныя лічбы: эмацыянальнаму і эканамічнаму насіллю падвяргаюцца 100% рэспандэнтаў, фізічнаму насіллю ў кірунку “дарослыя — дзеці”, “адзін супраць старэйшага”, “адзін супраць некалькіх роўных” з варыяцыямі — 27% рэспандэнтаў, сексуальнаму гвалту — да 11% рэспандэнтаў (выключна зносіны па ўзаемнай згодзе з удзелам дзяўчынак ва ўзросце 12—15 гадоў — 55%). Такім чынам, сексуальны гвалт, як і фізічны, знаходзіцца ў ліку асноўных пагроз у дачыненні да дзяцей. Натуральна, што ў сем’ях гэтыя паказчыкі будуць значна ніжэйшымі.

Дарэчы, сярод пагроз варта засяродзіць увагу на тых, што звязаны з сучаснымі сродкамі камунікацыі: інтэрнэтам, сацыяльнымі сеткамі і месен­джарамі накшталт Viber, Tik­Tok, Telegram. Там квітнее тое, што раней мы называлі некарэктным тэрмінам “дзіцячая парнаграфія”, — булінг, хейтынг (няна­вісць), заклікі да самагубстваў, грумінг (заляцанні) у дачыненні да непаўналетніх і іншыя вельмі небяспечныя пагрозы для дзяцей і падлеткаў. Я ўпэўнены, што і ў гэтым кірунку неабходны моцныя падыходы для абароны дзяцей.

За апошнія 5 гадоў колькасць злачынстваў супраць палавой недатыкальнасці непаўналетніх павялічылася ў 5 разоў. Чаму так адбылося? Чаму праблема дагэтуль носіць латэнтны характар?

— У сярэдзіне 2009 года ў Мінску быў адкрыты першы ў гісторыі краіны дружалюбны да дзяцей пакой апытання “Дом разумення”, і гэта быў пачатак арганізаванага адказу на выклік сексуальнага гвалту над дзецьмі. Лагічна адсочваць статыстыку менавіта з 2008 года, калі было раскрыта 238 сексуальных злачынстваў у дачыненні да дзяцей. У Швецыі на той час было выяўлена 2992 такія злачынствы. Гэта значыць, што ў нашай краіне латэнтнасць мела дванаццаціразовую перавагу ў параўнанні са Швецыяй, у той час як у Швецыі пражывае амаль такая ж колькасць людзей, што і ў нас. Чаму гэтыя злачынствы латэнтныя? Каму 12­гадовы падлетак ці 7­гадовы дзіця можа раска­заць пра гэта? Яны не ведаюць, як пра гэта можна паведаміць і ці павераць ім. А калі гэта быў бацька ці айчым, а маці не працуе і залежыць ад яго? Гэта сорамна і балюча ўспамінаць. Відавочна, чаму гэтая праблема мае латэнтны характар.

У 2018­м і 2019­м коль­касць выяўленых сексуальных злачынстваў склала тысячу, таму мы кажам пра шасціразовы рост выяўлення сексуальных злачынстваў над дзецьмі за апошнія 11 гадоў. Гэта менш чым у Швецыі ў 2—2,5 разу, і гэта натхняе. Дзеці пачалі ўдзельнічаць у крымінальным працэсе ў дружалюбных умовах.

Па якім прынцыпе трэба працаваць з дзецьмі, якія сталі ахвярамі педафілаў? Як у нашай краіне адбываецца апытанне ахвяр і ўдзел дзяцей у крымінальным працэсе?

— Сёння больш чым тры чвэрці пацярпелых дзяцей ­удзельнічаюць у крымінальным працэсе ў дружалюбных умовах (адкрыты 23 дружалюбныя да дзяцей пакоі апытання “Дом разу­мення”), а павінны ўдзельнічаць усе 100%.

Пакуль далёка не ўсе следчыя разумеюць, чаму для дзіцяці з’яўляецца важным менавіта такі рэжым удзелу ў следстве і су­дзе. Важна прытрымлівацца парадку, які прадухіляе паўторную траўматызацыю дзіцяці, якое пацярпела. І самае галоўнае не ў тым, што хлопчык ці дзяўчынка сядзіць на мяккай канапе ў пафарбаваным у цёплыя колеры, утульным пакойчыку. Справа ў тым, што апытанне дзіцяці, якое пацярпела, праводзіць спецыяльна падрыхтаваны псіхолаг, а следчы кіруе працэсам апытання з суседняга пакоя праз аудыявідэаканферэнцсувязь, не палохаючы пры гэтым дзіця міліцэйскай формай. Важна, што пакой знаходзіцца ў сацыяльна­педагагічным цэнтры, амбулаторыі ці іншай установе, а не ў міліцэйскім участку. Самы галоўны прынцып апытання дзіцяці: не зрабі яшчэ больш балюча, аднак эфектыўна атрымай доказы злачынства. Пасля таго як былі прапанаваны адпаведныя ўмовы, бацькі і дзеці перасталі баяцца і пачалі больш расказваць пра сваю бяду, у іх з’явілася надзея, што злачынства будзе раскрыта, а злачынца — пакараны. Увогуле, — немагчы­масць пазбегнуць адказнасці вельмі моцны матыватар для ахвяр, каб расказаць пра тое, што з імі адбылося.

Якія псіхасаматычныя прыметы могуць сведчыць пра тое, што дзіця падверглася гвалту?

— Іх многа, але я спынюся на некаторых яскравых індыкатарах, на якіх настаўнікі, урачы, а таксама бацькі ці апекуны павінны засяродж­ваць увагу. Самы першы — паніклы выгляд: шэры твар, пагаслы позірк, дзіця ўвесь час блукае ў думках ці, наадварот, звыш­актыўна і правакацыйна сябе паво­дзіць. Змены ў паво­дзінах, у фізічным ці псіхічным здароўі дзіцяці — усё гэта можа сведчыць пра гвалт. Да кожнага індыкатару трэба падыходзіць з адказнасцю, правяраць, а не адразу ставіць у катэгорыю “сацыяльна небяспечнае становішча”.

“Разуменне”сумесна з Акадэміяй паслядыпломнай адукацыі рэалізоўвае праект па навучанні следчых асновам узроставай псіхалогіі. У чым яго сутнасць?

— Сёння ў АПА праводзіцца курс для псіхолагаў па апытанні дзяцей, якія пацярпелі ад гвалту, а таксама курс для супрацоўнікаў Следчага камітэта па асновах дзіцячай псіхалогіі. АПА — даўні і надзейны партнёр “Разумення”, мы праводзім шмат сумесных праектаў, самы маштабны з якіх — VII Міжнародная канферэнцыя “Бяспечная Беларусь для дзяцей”, якая адбылася ў канцы мінулага года, а наступная запланавана на 2020 год.

АндрэйМіхайлавіч, згодназартыкулам 34 Канвенцыі аб правах дзіцяці, дзяржава павінна абараняць непаўналетніх ад усіх форм сексуальнай эксплуатацыі і спакушэння. Чаго менавіта з юрыдычнага боку не хапае, каб у поўнай меры аказаць дзіцяці і яго сям’і адпаведную дапамогу?

— Наша краіна ўжо набліжаецца да таго моманту, калі трэба думаць пра прыняцце закона па абароне дзяцей ад гвалту. Але адвакатаваць такі дакумент пакуль ніхто не можа.

Што тычыцца дапамогі дзецям і сем’ям, на гэта накіравана дзейнасць пакояў апытання. Некаторыя з іх не зусім актыўна ўзаемадзейнічаюць з пацярпелымі ад гвалту, бо існуе вельмі вялікая цякучка кадраў. А іншыя, як, напрыклад, у Жодзіне ці Савецкім раёне Мінска, працуюць проста выдатна. Акрамя гэтага, унікальны пакой ёсць у Дзяржкамітэце судовых экспертыз. Такіх пакояў па ўсім свеце не больш чым 20. У пакоі Дзярж­камітэта дружалюбнае апытанне дзяцей спалучаецца з шэрагам экспертыз, у тым ліку з псіхолага­фізіялагічным даследаваннем на паліграфе таго, хто падазраецца ў злачынстве. Мы гэтым павінны ганарыцца, таму што гэта сведчыць пра правільны курс у развіцці і абароне дзяцей.

Гутарыла Наталля САХНО.