Асабісты прыклад, маральны аўтарытэт

Жыццёвае крэда Віктара Уладзіміравіча Гардзейчыка, настаўніка дапрызыўнай падрыхтоўкі і АБЖ сярэдняй школы № 2 Бярозы, ветэрана вайны ў Афганістане, афіцэра запасу, можна выказаць радкамі верша, напісанага ім пасля чарговага наведвання разам з вучнямі Брэсцкай крэпасці-героя: “Над Бугом крепость встала у врага сплошной стеной, // И он не смог сломить сопротивленья, пока не пал последний Крепости герой. // Ведь крепость духа, крепость силы воли, // Она сильней, чем крепость стали! Во сто крат!”

Віктар Уладзіміравіч яшчэ са школьных гадоў сур’ёзна рыхтаваў сябе да выканання воінскага абавязку, падумваў пра паступленне ў ваеннае вучылішча, але ўсё ж вырашыў праве­рыць сябе спачатку тэрміновай службай. Перад прызывам атрымаў спецыяльнасць вадзіцеля, а ў вучэбным падраздзяленні ў далёкім Ташкенце стаў ваенным вадзіцелем авіяцыйнага палівазапраўшчыка. Быў лістапад 1986 года. Зусім побач, “за рэчкай”, у Афганістане савецкія салдаты і афіцэры выконвалі інтэрнацыянальны абавязак, і малодшы сяржант Віктар Гардзейчык падае рапарт аб накіраванні яго ў гарачую кропку. Працуючы вадзіцелем палівазапраўшчыка на аэрадроме Кундуз, за 20 месяцаў баявой службы ён заправіў больш чым 20 тысячамі тон авіяцыйнага газу паліўныя бакі вінтакрылых машын.

Вярнуўшыся да мірнай працы, Віктар Гардзейчык прыняў рашэнне стаць настаўнікам, паступіў у Брэсцкі дзяржаўны педагагічны інстытут імя А.С.Пушкіна, які паспя­хова скончыў у 1993 годзе, атрымаўшы спецыяльнасць выкладчыка пачатковай ваеннай падрыхтоўкі. І вось ужо 27 гадоў Віктар Уладзіміравіч працуе ў сярэдняй школе № 2 Бярозы. Яго ўрокі і пазакласная работа пакідаюць значны след у душах дзяцей, і штогод частка з іх прымае рашэнне паступаць у навучальныя ўстановы Міністэрства абароны, Міністэрства ўнутраных спраў, Міністэрства па надзвычайных сітуацыях.

Чым жа адметны стыль настаўніцкай дзейнасці Віктара Гардзейчыка? Чаму многія выпускнікі школы ахвотна ідуць ва Узброеныя Сілы і ў іх, як яны самі кажуць, не ўзнікае думкі ўхіліцца ад выканання канстытуцыйнага абавязку, бо “было б усё жыццё сорамна перад настаўнікам Гардзейчыкам”? Перш за ўсё вялікую ролю адыгрывае асабісты прыклад, высокі маральны аўтарытэт Віктара Уладзіміравіча як чалавека, які сумленна адслужыў тэрміновую ваенную службу, ды яшчэ ва ўмовах баявых дзеянняў у Афганістане.

На пытанне, ці складана працаваць са школьнікамі ў сучасных умовах, В.У.Гардзейчык адказвае так: “Дзеці заўсёды застаюцца дзецьмі, ім ва ўсе часы цікава пазнаваць нешта новае, таму важна захапіць іх у працэсе ўрока і добрымі справамі заахвоціць імкненне да дасягнення поспеху. Таму пры адборы на ўдзел у розных спаборніцтвах і конкурсах зыходжу з жадання і гатоўнасці старшакласнікаў займацца дадаткова ў асабісты час, а затым разам вызначаем мэты, працуем над іх дасягненнем”. Віктар Уладзіміравіч кіруе школьным клубам “Гіяцынт”, які працуе па напрамках “Юны стралок”, “Юны інспектар дарожнага руху”, “Юны выратавальнік”, “Дапрызыўная моладзь”. Яго вучні-гурткоўцы пастаянна ў ліку прызёраў на конкурсах абласнога і рэспубліканскага ўзроўню і нават былі чэмпіёнамі краіны ў ваенна-спартыўнай гульні “Зарніца”.

Да правядзення заняткаў па дапрызыўнай падрыхтоўцы, асновах бяспекі жыцця­дзейнасці, а з нядаўніх часоў, пасля праходжання курса навучання ў Парку высокіх тэхналогій, і па праграмаванні Віктар Гардзейчык ставіцца творча, пастаянна шукае новыя падыходы.

“Метады маёй работы быццам бы і агульнапрынятыя (аповед, паказ, трэніроўкі), але з улікам сучасных магчымасцей. Практычна на кожным уроку актыўна выкарыстоўваю інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі, як для замацавання матэрыялу, так і для праверкі дамашніх заданняў”, — дзеліцца Віктар Уладзіміравіч. На думку настаўніка, дапрызыўную падрыхтоўку абавязкова павінны выкладаць людзі, якія самі прайшлі вайсковую школу.

Прызнаннем значнага ўкладу настаўніка ў патрыятычнае выхаванне навучэнцаў сярэдняй школы № 2 Бярозы і павышэнне матывацыі юнакоў быць абаронцамі Айчыны стала ўзнагароджанне Віктара Уладзіміравіча Гардзейчыка юбілейным медалём “75 гадоў вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў”.

Уладзімір КАСЬЯНАЎ,
падпалкоўнік у адстаўцы.