Асабістым прыкладам

- 17:30Нам пішуць

Педагогі Шчучынскага палаца творчасці дзяцей і моладзі далі старт экалагічнай кампаніі “Уладкуем малую радзіму”.

…Кожны мой дзень ужо шмат гадоў пачынаецца з ранішняй прабежкі вакол гарадскога возера. Гэта стала нормай ладу жыцця, дае зарад бадзёрасці на цэлы дзень, дазваляе абдумаць надзённыя дырэктарскія справы.

Радуе, што на гэтым ранішнім марафоне я не адна. Раўнюткія дарожкі аблюбавалі тыя, хто захапіўся скандынаўскай хадзьбой. Па вечарах людзі паважанага ўзросту здзяйсняюць пешыя прагулкі, а моладзь — веласіпедныя. Гарадское возера за апошнія гады пры актыўнай падтрымцы раённай улады добраўпарадкавана і стала месцам адпачынку гараджан. На пляцоўцы каля возера ладзяцца раённыя мерапрыемствы, спартыўныя святы. Менавіта ў такім маляўнічым месцы на беразе гарадскога возера і знаходзіцца наша ўстанова дадатковай адукацыі — Шчучынскі палац творчасці дзяцей і моладзі. Невыпадкова, што падтрымліваць чысціню на прыазёрнай тэрыторыі стала традыцыйнай справай, а ўдзел у глабальнай экалагічнай кампаніі “Уладкуем малую радзіму”, якая стартавала ў Беларусі, палічылі сваім грамадзянскім абавязкам.

Дружнай талакою выйшлі педагогі на бераг возера, каб навесці парадак, прыбраць берагавую лінію, падрыхтаваць яе да пачатку сезона адпачынку. Хутка водную гладзь парушаць байдаркі, каноэ, а хлопчыкі і дзяўчынкі з аб’яднання “Веславанне на байдарках і каноэ” пачнуць сезон спартыўных баталій. Такое цікавае аб’яднанне па інтарэсах адкрыта ў нашай установе дзякуючы падтрымцы старшыні райвыканкама Сяргея Васільевіча Ложачніка. Гэта дазволіла развіваць у горадзе такі захапляльны від спорту, як веславанне, і нават ужо стаць гаспадарамі абласных спаборніцтваў па веславанні “Шчучынская рэгата”.

…Наступіць заўтрашняя раніца. І я зноў пабягу ўздоўж возера па алеі маладых дрэўцаў, каб набрацца жыватворных сіл роднай зямлі дзеля таго, каб зноў тварыць з падвоенай энергіяй.

Ірына ДЗЕГЦЯРОВА,
дырэктар Шчучынскага палаца творчасці дзяцей і моладзі.