Асаблівае навучанне

- 13:42Інклюзія, Сацыяльны ракурс

Пры навучанні дзяцей з АПФР я выкарыстоўваю не толькі агульнапрынятыя, але і спецыфічныя для такіх вучняў прыёмы, якія дапамагаюць дазіраваць вучэбны матэрыял, рабіць яго даступным.

На этапе тлумачэння новага матэрыялу аддаю перавагу: 

кароткаму аповеду з выкарыстаннем прадметаў рэчаіснасці і ўласных дзеянняў — пры знаёмстве з паняццем антонімаў на ўроку беларускай мовы слоўнае тлумачэнне падмацоўваю прыкладамі з жыцця (чорны-белы колер адзення прысутных, столь-падлога класа, высокі-нізкі рост вучняў, мяккая-цвёрдая мэбля, вый­сці-зайсці ў памяшканне, падняцца-апусціцца на стул, гучны-ціхі голас); 

гутарцы з удакладняльнымі пытаннямі — нумары старонак з правільны­мі адказамі загадзя падрых­таваны і ляжаць перад вучнем; 

разбіўцы матэрыялу на порцыі — пры вывучэнні мастацкага твора (апавядання, казкі) знаёмства з тэкстам адбываецца паступова, з перапынкамі (удакладняльныя пытанні; гульня “Чароўны куфэрак” — выбраць са скрыначкі прадметы, названыя ва ўрыўку; размеркаванне карцінак — раскласці на кучкі карцінкі ў адпаведнасці з часткамі тэксту);

лісту з белымі плямамі — пасля прачытання мастацкага твора вучню прапаноўваецца варыянт таго ж твора або яго ўрыўка з пропускамі, якія неабходна запоў­ніць, карыстаючыся каляровым стрыжнем. Пропускі робяцца не ў любым месцы тэксту! Прапушчанымі могуць быць імя героя, месца дзеяння, час дзеяння, пачуцці героя, рэплікі, стан прыроды, асноўная думка — тое, што неабходна для разумення зместу твора і дасягнення выхаваўчага эфекту;

пошуку інфармацыі— адным з актыўных метадаў навучання з’яўляецца метад “Пазлы”. Ён накіраваны на ўцягванне вучня ў працэс актыўнай вучэбнай дзейнасці, пошук інфармацыі. Напрыклад, у пачатку ўрока літаратуры з дапамогай разрэзанай карцінкі вучню даецца магчымасць самастойна адшу­каць адказ на пытанне, якой бу­дзе тэма ўрока, а не атрымаць яе фармулёўку ў гатовым выглядзе.

Асэнсаванне вучэбнага матэрыялу ва ўсіх апісаных выпадках адбываецца максімальна эфектыўна, бо захоўваюцца важныя прынцыпы: апора на жыццёвы во­пыт дзіцяці, максімальная кан-
крэтызацыя маўлення (гукавая, наглядная, рухальная), візуалізацыя і актывізацыя ўвагі. 

Важна спрыяць сацыялізацыі вучня з АПФР у дзіцячым калектыве (класе, школе), таму на розных этапах урока стараюся забяспечыць ўзаема­дзеянне такога дзіцяці з іншымі вучнямі класа.

Так, вусны адказ дамашняга задання (пераказ часткі твора, адказы на пытанні па творы, выразнае чытанне, пераказ правіла) вучань з АПФР дае не настаўніку, а суседу па парце (высокаматываванаму вучню класа). 

Гульня “Хто-што” па прынцыпе “Даміно” для замацавання тэмы “Адушаўлёныя і неадушаўлёныя назоўнікі” праводзіцца толькі пры ўдзеле каго-небудзь з аднакласнікаў. 

Прыём інтэрактыўнага навучання “Рамонак” можна выкарыстоўваць на этапах праверкі дамашняга задання, замацавання засвоенага матэрыялу або на этапе кантролю ведаў. Ён рэалізуецца ў пары: паслядоўна адрываючы пялёсткі з напісанымі на іх пытаннямі, вучань з АПФР дае адказы аднакласніку. 

На этапе стварэння псіхалагічнага настрою ўрока прапаноўваю вучням па­дзяліцца адно з адным кропелькай дабрыні праз дотык далоняў, усмешку, выкарыстоўваю прыём “Ажыві смайлік”.

Паколькі для вучня з АПФР характэрны запаволенасць усведамлення інфармацыі, істотная залежнасць ад мінулага вопыту, цяжкасці ў знаходжанні агульных і адметных элементаў, на этапе замацавання атрыманых ведаў ад настаўніка патрабуецца:

стварыць  алгарытм дзеянняў вучня з пакрокавым апісаннем кожнага (прыклад — пераклад мастацкага тэксту “Сінічка”);

забяспечыць выкарыстанне вылучальных маркераў — практыкаванне папярэдне раздрукоўваецца на асобным аркушы паперы, агучваецца заданне (выдзеліць маркерам у тэксце назоўнікі, прыметнікі, дзея­словы і інш., выдзеліць маркерам уласныя назвы). Пры яго выкананні дзіця вучыцца вылучаць пэўную групу слоў з шэрага іншых. Заданне можна ўскладніць, калі замест аднаго маркера выкары­стаць некалькі рознакаляровых. Тады ў вучня выпрацоўваецца ўменне адрозніваць і размяжоўваць паняцці;

падрыхтаваць заданні для адпрацоўкі навыку групоўкі і класіфікацыі паняццяў — часта выкарыстоўваю на ўроках беларускай мовы прыём “Лінгвістычная размалёўка”, які накіраваны на фарміраванне ўменняў класіфікаваць моўныя паняцці. Напрыклад, па ячэйках табліцы размеркавана пэўная колькасць назоўнікаў. Неабходна зафарбаваць чырвоным (зялёным, сінім і інш.) колерам назоўнікі множнага ліку. Калі заданне будзе выканана правільна, то атрымаецца пэўны малюнак (сэрца, сняжынка, лісток). Далей на ўроку праводзіцца работа з выкарыстаннем “намаляванага” слова (сэрца, сняжынка, лісток): вызначыць род, разабраць па саставе, скласці сказ і г.д.);

арганізаваць цікавую самастойную работу вучня з АПФР — прыём “Асацыятыўны рад” дазваляе прыцягнуць вучня да актыўнай ра­зумовай дзейнасці, развівае творчае і лагічнае мысленне. Так, на ўроку літаратурнага чытання пры вывучэнні верша Юрася Свіркі “Шчасце” прапаноўваецца падабраць і запісаць у слупок словы-асацыяцыі да паняцця “шчасце”;

арганізаваць парную работу вучня з АПФР з аднакласнікам — прыём “Лато” асабліва эфектыўны падчас вывучэння лексікі на ўроках беларускай мовы (сінонімы, антонімы), пры вывучэнні арфаграфіі (правапіс у, ў; правапіс літар е, ё, я; правапіс вялікай літары).

У працэсе гульні вучню з АПФР неабходна закрыць усе ячэйкі чырвонага поля слоў пэўнымі словамі зялёнага колеру. Гэтыя словы загадзя разрэзаны і складзены ў канверт. Вучню дапамагае яго аднакласнік (высокаматываваны вучань), які паступова выцягвае і агучвае новыя словы, кансультуе пры ўзнікненні цяжкасцей, правярае вынік; 

своечасова актывізаваць увагу вучняў — выкарыстоўваць на ўроку незвычайныя прадметы, уключаць у розныя сітуацыі на ўроку нечаканыя аб’екты. Пашырэнню лексічнага запасу слоў і развіццю слыхавой памяці садзейнічае прыём “Мяшок слоў”. Настаўнік дастае з мяшочка прадметы і называе іх, пасля ці хавае іх назад, ці раскладвае на стале. Вучню неабходна ўспомніць і запісаць ці проста назваць убачаныя прадметы;

забяспечыць выкарыстанне вялікай колькасці аднатыпных практыкаванняў для пастаяннага паўтарэн­ня матэрыялу.

Выбар метадаў і прыёмаў залежыць ад многіх фактараў: зместу ўрока, яго задач, матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння, узроўню падрыхтаванасці дзіцяці з АПФР, яго ўзроставых і псіхафізічных асаблівасцей. Таму падрыхтоўка да ўрока ў класе інтэграванага навучання і выхавання павінна быць грунтоўнай, адказнай, усебаковай. Кожны этап трэба прадумаць да дробязей, заданні выбіраць у адпаведнасці з патрабаваннямі праграмы і здольнасцямі вучня з АПФР. У класе неабходна стварыць аптымальныя ўмовы для развіцця і навучання дзіцяці, камфортную для камунікацыі атмасферу. З гэтай мэтай варта выкарыстоўваць займальныя прыёмы, гульні, дазіраваць дапамогу вучню з боку настаўніка або іншых вучняў.

Ліст з белымі плямамі

Пераклад мастацкага тэксту

Наталля ВАРНІЧЭС,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры
Мярэцкаўскага дзіцячага сада — базавай школы Глыбоцкага раёна.