Асаблівае прызначэнне — вучыць дзяцей

- 12:13Навіны рэгіёнаў

Стаяльская школа Клічаўскага раёна за доўгія гады работы выпусціла дзясяткі таленавітых і годных вучняў. Зараз будынак пустуе, але яго сцены да гэтага часу памятаюць вясёлы дзіцячы смех, школьныя званкі і добразычлівыя галасы настаўнікаў. Тут працавала не адно пакаленне моцных педагогаў, у іх ліку — Марыя Іосіфаўна Бяляк і Марыя Дзямідаўна Шалай. Кожная з жанчын прысвяціла навучальнай установе амаль усю сваю працоўную біяграфію.

М.Д.Шалай.

Стаяльская школа Клічаўскага раёна за доўгія гады работы выпусціла дзясяткі таленавітых і годных вучняў. Зараз будынак пустуе, але яго сцены да гэтага часу памятаюць вясёлы дзіцячы смех, школьныя званкі і добразычлівыя галасы настаўнікаў. Тут працавала не адно пакаленне моцных педагогаў, у іх ліку — Марыя Іосіфаўна Бяляк і Марыя Дзямідаўна Шалай. Кожная з жанчын прысвяціла навучальнай установе амаль усю сваю працоўную біяграфію.

Марыя Іосіфаўна зараз жыве з дачкой у Клічаве. Настаўніцай пачатковых класаў стаяльскай школы яна працавала яшчэ ў даваенны час, пачынаючы з 1939 года. Выкладчыцкая работа яе захапляла заўсёды: у дзяўчыны быў асаблівы талент вучыць дзяцей. Таму ніхто не здзівіўся, калі яна з першага разу паступіла ў Магілёўскае педагагічнае вучылішча.

М.І.Бяляк.

“Вядома, паступаць было складана: многія, хто паехаў разам з ёй, не здалі ўступных выпрабаванняў і вярнуліся назад, — успамінае, па расказах маці, дачка педагога Кацярына Іванаўна. — Мама вучылася добра, старалася, бо сям’я была небагатая і дапамагчы не было каму. Скончыла вучылішча ў 1938 годзе і была накіравана на работу ў Сушанскую пачатковую школу Клічаўскага раёна, а з 1939 года перайшла ў Стаяльскую пачатковую школу”.

У перыяд нямецкай акупацыі ў раёне закрылі ўсе ўстановы адукацыі, але трэба было працаваць. І Марыю Іосіфаўну запрасілі дапамагаць у калгасе. Тут працавала шмат непісьменных людзей, і яна дапамагала брыгадзіру весці бухгалтэрыю. Часта іх забіралі ў Клічаў прыбіраць нямецкія казармы. Менавіта падчас такіх работ яна ўпершыню ўбачыла забітага чалавека. Яго твар жанчына не змагла забыць і пасля вайны — настолькі ўзрушылі яе жорсткасць і самаўпраўства акупантаў.

Да сваёй прафесіі жанчына вярнулася ў 1944 годзе і на працягу наступных 30 гадоў ні разу ёй не здрадзіла. Кацярына Іванаўна добра памятае: мама вельмі любіла сваю работу. І нават некаторыя інспектары, якія прыязджалі з праверкамі з Магілёва, пасля знаёмства з такім захопленым і патрабавальным педагогам прасілі падзяліцца вопытам, паказаць, якія заданні яна рыхтуе да ўрока, які матэрыял выкарыстоўвае.

Марыю Іосіфаўну ведалі і паважалі многія: нельга было выйсці на вуліцу, каб на кожным кроку не пачуць прывітанне ў адрас настаўніцы. Нават калі яна выйшла на заслужаны адпачынак, вучні тэлефанавалі і прыходзілі да яе на святы, рэгулярна спраўляліся пра здароўе сваёй першай настаўніцы. Многія з іх узялі з яе прыклад і сталі добрымі педагогамі: жанчына захапляла сваёй прафесіяй.

“Мама была хуткая, кемлівая і вельмі прыгожая, — гаворыць яе дачка. — Яна глядзела за сабой, заўсёды добра апраналася і да апошняга хадзіла на абцасах. Прыгожыя густыя валасы яна заплятала ў косы і ўкладвала ў прычоску. Яна была незвычайнай і нават жартавала, што калі б не пайшла ў настаўнікі, то стала б артысткай. Вельмі любіла спяваць, удзельнічала ў школьнай самадзейнасці”.

І нават цяпер, калі прыходзяць госці, яна заўсёды прыгадвае адну са сваіх любімых песень: “Окрасился месяц багрянцем, // И волны бушуют у скал, // Поедем, красотка, кататься, // Давно я тебя поджидал…”.

А нядаўна, 1 лютага, Марыя Іосіфаўна адзначыла 100-годдзе. Кветкі і падарункі настаўніцы ўручылі старшыня Клічаўскага райкама прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Ганна Міхайлаўна Яшчук, прадстаўнікі Клічаўскага райвыканкама, раённага савета ветэранаў і цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.

Свае віншаванні педагогу перадала і яе калега — ветэран Вялікай Айчыннай вайны і педагагічнай працы заслужаны настаўнік БССР Марыя Дзямідаўна Шалай, якая ў лістападзе 2018 года адзначала 95-годдзе. Дзяўчынкай яна вучылася ў стаяльскай школе, а потым усё жыццё там выкладала. Яе агульны стаж педагагічнай працы склаў больш за 30 гадоў.

Марыя Дзямідаўна — вядомы ў раёне чалавек, на долю якога выпала шмат выпрабаванняў. Вайна здарылася, калі дзяўчына толькі скончыла школу. “Будучы падлеткамі, мы не маглі ў поўнай меры ўсвядоміць усё тое, што нас чакае наперадзе, — успамінае яна. — Бацькі ж, калі пачулі гэтую страшную навіну, плакалі на вуліцы, стоячы каля рупара”.

Партызанскі рух захапіў Клічаўшчыну ледзь не з першых дзён вайны. У партызаны запісваліся ўсёй школай — услед за дырэктарам навучальнай установы Ігнатам Зіноўевічам Ізохам, успамінае Марыя Дзямідаўна. Атрад быў створаны на 9-ы дзень акупацыі раёна нямецка-фашысцкімі захопнікамі — 14 ліпеня 1941 года. У далейшым ён быў ператвораны ў 277-ы партызанскі полк Клічаўскага партызанскага злучэння. Тут ваявала і будучы заслужаны настаўнік.

За гэтыя жахлівыя ваенныя гады было многа гора і страт. Памяць Марыі Дзямідаўны адмаўляецца забываць тое, што давялося перажыць, што з ёй і яе блізкімі адбывалася ў той час. “Асабліва цяжка было жанчынам — на іх долю выпала больш за ўсё пакут, — успамінае яна. — На Клічаўшчыне кожная заслужыла ўзнагароду. Успамінаю звыклую для ваенных часоў карціну: ідуць жанчыны і цягнуць па дарозе бароны — на выпадак, калі закладзена выбухоўка. Следам ідзе калона акупантаў, едзе тэхніка… Каб не падарвацца самім, немцы адпраўлялі наперад нашых жанчын…”

Ніколі не забудзе Марыя Дзямідаўна свой першы вялікі бой на чыгунцы. “Увосень 42-га мы перайшлі ў Крупскі раён, — расказвае ветэран, нібы гэта здарылася ўчора. — Наша заданне — падарваць мост праз раку Начу. Там цягнікі хадзілі без канца — везлі дапамогу з Германіі на фронт. Амаль дзень мы ляжалі ў засадзе і назіралі, а калі пачало змяркацца, сталі прабірацца бліжэй да чыгункі. Зноў заляглі — да мэты заставалася паўкіламетра: далей прасоўвацца было нельга — уздоўж дарогі ўвесь лес быў ссечаны. Вялізныя цяжкія дрэвы ляжалі штабелямі — ні прайсці ні праехаць. Паступіў сігнал — і мы сталі наступаць… Завязаўся бой. Камандзіра ўзвода параніла адразу ж, ён перакуліўся праз вялікае дрэва і не мог самастойна перамяшчацца. Убачыў мяне і кажа: “Маруська, мяне не пакідай, дапамажы”. Гэта быў Васіль Васільевіч Дзёмін з Таганрога, першы чалавек, якога я выратавала. Я адгінала верхавіны дрэў і паўзла разам з ім назад у штаб. А мост мы ўсё-такі разбілі…”

Марыя Дзямідаўна таксама атрымала баявое раненне. У вайну яна страціла брата, які трапіў у палон і загінуў у Літве, і бацьку, якога расстралялі 2 верасня 1941 года за дапамогу супраціўленню. На Клічаўшчыне баі ішлі пастаянна. Пасля чарговага супрацьстаяння ў дзверы іх дома пастукалі 4 падпольшчыкі — іх ніхто не хацеў пускаць на начлег. “А як жа мы не пусцім?!” — і цяпер здзіўляецца настаўніца, нават не думаючы, што ў яе сям’і мог быць іншы выбар.

“На наступны дзень на майго бацьку данеслі. Людзі казалі, што суседка Зося збегала ў Клічаў у камендатуру і заявіла, што мы хаваем падпольшчыкаў. Была вельмі задаволеная і рагатала, маўляў, паглядзім, што тут цяпер будзе, як з намі будуць распраўляцца, — успамінае Марыя Дзямідаўна. — Раніцай дом акружылі. Бацьку забралі, а нас з сястрой абаранілі перакладчыкі — расійскія студэнты, якія трапілі ў палон і працавалі ў камендатуры. Яны падышлі да дзяцей і сталі побач, амаль захіліўшы сабой. “Людаеды” нас не кранулі. Мы толькі так немцаў і называлі… Бацьку так і не адпусцілі. Яму было ўсяго 55 гадоў”.

Успамінаючы бацьку, Марыя Дзямідаўна гаворыць, што галоўнае, чаму ён яе навучыў, — не помсціць крыўдзіцелям. Гэтыя гады яе загартавалі і зрабілі зусім дарослай, а простыя ісціны — быць цярплівым ва ўсім, радавацца кожнаму дню, любіць і паважаць іншых — сталі безумоўнымі жыццёвымі арыенцірамі.

Пасля вайны Марыя Дзямідаўна скончыла Магілёўскі настаўніцкі інстытут і стала выкладаць у Стаяльскай пачатковай школе гісторыю і нямецкую мову. Аб сваёй настаўніцкай працы жанчына ўспамінае з цеплынёй і любоўю. “З дзецьмі працаваць цікава і весела — калі пасмяешся з імі, а калі і пасварышся. У мяне вучыліся дзеці з усіх навакольных вёсак. Я ім заўсёды казала так: сябруйце і любіце людзей, дапамагайце слабым і не кпіце з іх, — успамінае яна. — Мае класы былі самыя дружныя, не было ніякіх сварак паміж дзецьмі”.
Марыя Іосіфаўна Бяляк і Марыя Дзямідаўна Шалай — ветэраны педагагічнага руху. Гэтыя жанчыны — жывыя сведкі гісторыі, яны пражылі доўгае і насычанае жыццё. Старонкі іх біяграфіі не пакінуць абыякавым нікога, магчыма, нават дапамогуць разабрацца, што галоўнае ў жыцці і прафесіі.

Юлія БАЧКАРОВА.
Фота аўтара і райкама прафсаюзаў працаўнікоў АПК.

Асобная падзяка за арганізацыю сустрэчы з ветэранамі начальніку аддзела адукацыі, спорту і турызму Клічаўскага райвыканкама Аляксандру Мікалаевічу Мялешку і старшыні Клічаўскага райкама прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Ганне Міхайлаўне Яшчук.