Асаблівасці навучання, сацыялка і перспектывы працаўладкавання

- 12:23Адукацыйныя магчымасці

Абітурыенты вельмі пазітыўна ўспрынялі новы фармат узаемадзеяння, які прапанаваў Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт. Стрымы з факультэтаў у прамой трансляцыі і ў запісе паглядзелі больш як 18 тысяч чалавек. Праз чаты адказнаму сакратару прыёмнай камісіі, дэканам і рэктару паступілі сотні пытанняў. Сёлетнія лічбы нават большыя, чым падчас традыцыйных дзён адкрытых дзвярэй у мінулыя гады. Дзякуючы анлайн-фармату, на сустрэчах змаглі “прысутнічаць” абітурыенты з самых аддаленых рэгіёнаў (і не толькі з Беларусі). Седзячы дома, яны маглі разняволіцца і задаць усе хвалюючыя пытанні, што для многіх не так проста зрабіць у перапоўненай аўдыторыі.

Вось, напрыклад, далёка не поўны пералік пытанняў, якія паступілі на адрас дэкана самага вялікага ва ўніверсітэце аўтатрактарнага факультэта, адказнага сакратара прыёмнай камісіі БНТУ Дзяніса КАПСКАГА.

— Ці ёсць на аўтатрактарным факультэце ваенная кафедра, і як туды паступіць?

Студэнт любой спецыяльнасці аўтатрактарнага факультэта можа быць залічаны на ваенную кафедру. Для гэтага неабходна пасля 1 курса падаць заяву на ўдзел у конкурсе на ваенна-тэхнічны факультэт, сабраць усе неабходныя дакументы і прайсці медкамісію, а таксама мець па выніках навучальнага года сярэдні бал не ніжэйшы за “сямёрку”.

На ваенна-тэхнічным факультэце два ўзроўні пад­рыхтоўкі: пачатковы (малодшы склад) і афіцэрскі склад. Пры паспяховым асваенні пачатковага курса ёсць магчымасць прадоўжыць навучанне і атрымаць афіцэрскае званне. Студэнты, якія прайшлі пачатковую падрыхтоўку на ваенна-тэхнічным факультэце, служаць у радах Узброеных Сіл паўгода.

— Ці ўсім студэнтам прадастаўляецца інтэрнат?

Інтэрнат прадастаўляецца ўсім першакурснікам. Каб і ў наступныя гады атрымаць месца ў інтэрнаце, трэба рупліва вучыцца і выкон­ваць правілы ўнутранага распарадку — тады праблем з засяленнем не будзе. Выдатнікі, студэнты, якія вядуць актыўную навуковую дзей­насць, прымаюць удзел у сацыяльным і грамадскім жыцці факультэта і ўніверсі­тэта ў цэлым, маюць шансы першачарговага засялення.

— Ці магчыма атрымаць вадзіцельскае пасведчанне катэгорыі “В”, калі  вучышся па спецыяльнасці “Арганізацыя дарожнага руху”?

Так, па гэтай спецыяльнасці прадугле­джваецца вадзіцельская пад­рыхтоўка (катэгорыя “В”).

— Ці ажыццяўляецца набор дзяўчат па спецыяльнасці “Арганізацыя дарожнага руху”?

Безумоўна. На аўта­трактарным факультэце кожны абітурыент, незалежна ад полу, можа выбраць спецыяльнасць па душы і потым паспяхова рэалізавацца ў прафесіі ў адпаведнасці з прысвоенай кваліфікацыяй “інжынер-інспектар”.

Нашы выпускнікі, у тым ліку дзяўчаты, працуюць у падраздзяленнях Дзяржаўтаінспекцыі, у службах бяспекі прадпрыемстваў па перавозках пасажыраў або грузаў, у дарожна-эксплуатацыйных і дарожна-будаўнічых арганізацыях, у экспертных установах і страхавых кампаніях, у навукова-даследчых і праектных арганізацыях у галіне дарожнага руху.

— Вывучэнне якіх моў магчыма на спецыяльнасці “Транспартная лагістыка”?

Вывучаецца замежная мова па выбары (звычайна студэнт пакідае тую, што вывучаў у школе, але можа выбраць і іншую) і дадаткова — кітайская мова. Таксама дзве мовы вывучаюцца ў нас на спецыяльнасці “Арганізацыя перавозак і кіраванне на аўтамабільным і гарадскім транспарце” (кваліфікацыя — “інжынер-менеджар” ).

— Раскажыце пра сучасныя напрамкі, дысцыпліны на аўтатрактарным факультэце.

Іх вельмі шмат. Складана нават уявіць якую-небудзь спецыяльнасць або дысцыпліну без IT-тэхналогій і гаджэтаў.

У 2019 годзе мы мадэрнізавалі шэраг спецыяльнасцей і некаторыя вучэбныя праграмы, увялі новыя дысцыпліны. У аснове пастаянных змяненняў ляжаць розныя аспекты развіцця сучасных тэхналогій: інтэлектуальныя сістэмы адаптацыі хуткасці руху аўтамабіля (Intelligent Speed Adaptation — ISA), сістэмы датчыкаў кантролю распазнавання перашкод і самой небяспекі, сістэмы тэхнічнага забеспячэння бяспечнага кантакту з перашкодай на малой хуткасці руху, “разумны” інтэлектуальны інтэрфейс лабавога шкла аўтамабіля, забеспячэнне анлайн-кантролю тэхнічнага стану транспартнага сродку, сістэмы дапоўненай рэальнасці і многае іншае.

Для якаснага навучання факультэт пастаянна ўдасканальвае тэхнічнае абсталяванне аўдыторый, вучэбных лабараторый, набывае сучаснае ліцэнзійнае праграмнае забеспячэнне для камп’ютарнага праектавання і стэндавых выпрабаванняў.

Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.