Асаблівасці адносін студэнтаў і фізічнай культуры

На ўсіх стадыях навучання ў жыцці чалавека прысутнічае фізічнае выхаванне. Ва ўстановах дашкольнай адукацыі закладваецца аснова, у школах яна замацоўваецца, а ва УВА робіцца так, каб жаданне чалавека займацца сваім здароўем захавалася на доўгія гады. Гэта задача складаная, але пры яе разуменні і жаданні зрабіць нешта не толькі для сябе выканальная.

“Мінскі паўмарафон”.

Сучасная моладзь адрозніваецца ад той, што была хаця б 10 гадоў назад. (Будзем справядлівымі, гэта тычыцца ўсіх людзей на планеце.) Зараз студэнтам прыходзіцца засвойваць больш інфармацыі і ў кароткія тэрміны. Наяўнасць тэлефонаў і камп’ютараў, з аднаго боку, у гэтым дапамагае, а з другога — яны адцягваюць увагу. У сувязі з гэтым часу на тое, каб заняцца сваім здароўем, застаецца ўсё менш і менш. Тым большае значэнне зараз мае работа выкладчыкаў фізічнага выхавання і здароўя. Менавіта на іх занятках студэнты атрымліваюць каштоўную магчымасць скінуць стрэс і нагадаць свайму целу, што такое нагрузкі.

— Мэтай фізічнага выхавання ва УВА з’яўляецца садзейнічанне ўсебаковаму развіццю асобы, падрыхтоўка высокакваліфікаваных спецыялістаў. Яно фарміруе агульную і прафесійную культуру асобы будучага спецыяліста, дае студэнту неабходныя веды, уменні і навыкі, спрыяе фарміраванню патрэбы ў сістэматычным фізічным самаўдасканальванні. Выпускніку ўніверсітэта не толькі неабходна самому мець моцнае здароўе і добрую фізічную падрыхтоўку, але і валодаць тэарэтычнымі ведамі, сучаснымі аспектамі і метадычнымі прыёмамі практычнага прымянення фізічных практыкаванняў у штодзённым жыцці, — кажа старшы выкладчык кафедры фізічнага выхавання і спорту БДУ Іна Юрчэня.

Практычныя заняткі па фізічнай культуры.

Іна Мікалаеўна напісала больш за 50 навуковых артыкулаў, якія датычацца рухальнага развіцця дашкольнікаў ва ўмовах інавацыйных напрамкаў фізічнага выхавання, прыярытэтаў выхаваўчай работы ў паляпшэнні і захаванні здароўя студэнтаў спецыяльнага вучэбнага аддзялення і, канечне, сучасных аспектаў фізічнага выхавання студэнтаў асноўнага і падрыхтоўчага аддзяленняў. Пра апошняе Іна Мікалаеўна расказала больш падрабязна.

Па словах педагога, каб прывіць навучэнцам жаданне займацца фізічнай культурай, па-першае, трэба ўдзяліць увагу ўдасканаленню праграмнага забеспячэння па гэтай дысцыпліне. Гэта значыць, распрацавац­ь новыя вучэбныя праграмы з акцэнтам на якасц­ь агульнай фізічнай адукацыі, абнавіць змест прадмета, павысіць эфектыўнасць выкладання праз паляпшэнне падрыхтоўкі спецыялістаў ва УВА, выкарыстоўваць індывідуальны падыход у навучанні і фарміраваць прафесійна значныя кампетэнцыі студэнта.

“Снежны снайпер”.

Па-другое, неабходна заняцца павышэннем матывацыі да фізічнай актыўнасці.

— На жаль, ні для каго не сакрэт, што з году ў год пагаршаецца здароўе студэнтаў, зніжаецца ўзровень фізічнай падрыхтаванасці, функцыянальнага і фізічнага стану абітурыентаў, расце колькасць тых, хто займаецца ў групах спецыяльнага вучэбнага аддзялення, — расказвае Іна Мікалаеўна. — Каб прывіць студэнтам жаданне займацца, трэба палепшыць якасць і змест заняткаў па фізічнай культуры, даваць ім розную нагрузку, права самастойна вырашаць, якія практыкаванні выконваць, паказваць прыклад праз сваю асобу, асобу педагога (дэманстраваць зацікаўленасць у рабоце і ў студэнтах, быць дынамічным, эмацыянальным, не зацыклівацца на адных практыкаваннях, пастаянна спрабаваць новыя).

Перамога на Рэспубліканскай універсіядзе-2019 па каратэ.

Па-трэцяе, варта не забываць пра сацыяльна-псіхалагічны аспект фізічнага выхавання. Сэнс у тым, што заняткі па фізічнай культуры спрыяюць адаптацыі студэнтаў (асабліва 1 і 2 курсаў) да асаблівасцей вучэбна-выхаваўчага працэсу. Да таго ж узаемадзеянне выкладчыкаў і студэн­таў дае магчымасць згуртавацца і знайсці сваё месца ў новай сацыяльнай прасторы.

Апошняе і самае складанае — далучыць моладзь да здаровага ладу жыцця. Зараз у краіне назіраецца недастатковы ўзровень культуры здароўя ў насельніцтва, адсутнічае асабістая адказнасць за яго ўмацаванне і захаванне.

— Папулярызацыя ЗЛЖ і імкненне да яго ў многім дасягаецца за кошт эмацыянальнага складніка аздараўленчых і спартыўна-масавых мерапрыемстваў: радасць перамогі, вастрыня барацьбы, падтрымка любімай каманды і г.д., — адзначае Іна Юрчэня. — Вельмі важным з’яўляецца і той факт, што студэнты ўжывую могуць убачыць вядомых беларускіх спартсменаў, першых асоб краіны. Эмацыянальна-сузіральная прывабнасц­ь гэтых мера­прыемстваў спрыяе таму, што з кожным годам усё больш гледачоў і балельшчыкаў сярод студэнтаў БДУ, у якіх узнікае жаданне на сабе адчуць эмоцыі ад удзелу ў спаборніцтвах у будучыні.

Студэнтаў і выкладчыкаў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта часта можна сустрэць у якасці валанцёраў ці ўдзельнікаў на самых маштабных і значных спартыўных, фізкультурных і масавых мерапрыем­ствах краіны. Напрыклад, традыцыйнымі для іх сталі “Мінскі паўмарафон”, “Снежны снайпер”, універсітэцкая спартакіяда “Здароўе” і інш. Многія хлопцы і дзяўчаты выступа­юць у спаборніцтвах ужо зусім не як аматары. Студэнт ФПМІ Максім Ліхавец, які нядаўна атрымаў імянную стыпендыю Прэзідэнцкага спартыўнага клуба, з’яўляецца майстрам спорту па самба і членам нацыянальнай зборнай. А вось яшчэ прыклад: гэтай восенню на базе ўніверсітэта стварылі каманду па баскетболе “БДУ-Цмокі”, якая выступае ў вышэйшай лізе чэмпіянату Беларусі. Заўсёды добрыя вынікі паказвае зборная па шашках. У сярэ­дзіне снежня з’явілася новая падстава для гордасці: абсалютная перамога на Кубку Беларусі. Гэта малая частка тых відаў спорту, у якіх студэнты БДУ дасягаюць сур’ёзных поспехаў.

Там, дзе ёсць добрае, хаваецца і дрэннае. На жаль, з ім выкладчыкам даводзіцца сутыкацца ледзь не штодзень. Першае — узровень падрыхтоўкі ўчарашніх школьнікаў. Другое — з кожным годам расце колькасць тых, хто займаецца ў групах спецыяльнай падрыхтоўкі. Трэцяе — стаўленне да прадмета.

— Нашы ўласныя даследаванні паказва­юць, што для многіх студэнтаў малодшых курсаў фізічная культура не з’яўляецца нічым, акрамя як абавязковай вучэбнай дысцыплінай ва ўніверсітэце. Студэнты-старшакурснікі больш свядома ацэньваюць важнасць фізічнага выхавання, здаровага ладу жыцця, спорту, разумеюць іх маральныя і эмацыянальныя аспекты, яны маюць большую матывацыю да заняткаў, — дзеліцца выкладчык.

Нягледзячы на тое, што студэнты не заў­сёды даюць натхненне працаваць і рабіць гэта якасна, выкладчыкі ўсё роўна стараюцца зацікавіць іх, інакш усё будзе ісці па зам­кнёным коле.

— Мы стараемся разнастаіць заняткі. Выбіраем практыкаванні з розных відаў спорту цыклічнага характару, спартыўныя гульні і адзінаборствы з улікам будучай прафесійнай дзейнасці, а таксама працуем з сучаснымі напрамкамі аздараўленчых тэхналогій і сістэм: аэробікай, стрэтчынгам, фітнесам, шэйпінгам, дыхальнай гімнастыкай, пілатэсам і многімі іншымі, — расказвае Іна Юрчэня.

Педагог адзначае, што фізічнае выхаванне павінна быць максімальна набліжаным да асноўных форм і сродкаў універсітэцкай адукацыі. Прадмет павінен захоўваць раўнавагу і цэласнасць працэсу навучання, выхавання і дзейнасці студэнта, выклікаць зацікаўленасц­ь у сістэматычных занятках фізічнай культурай і спортам не толькі ва УВА, але і дома, у вя­дзенні здаровага ладу жыцця. Гэта падразумявае атрыманне толькі плюсоў: большая жыццёвая энергія, магчымасць спраўляцца са стрэсам, паляпшэнне стрававання, упэўненасць у сваіх сілах, моцныя косці, глыбокі і паўнавартасны сон, здаровае цела.

— Па нашай ацэнцы, — робіць вынікі Іна Мікалаеўна, — сярод студэнтаў назіраецца станоўчая дынаміка фізічнага развіцця. На старшых курсах у іх паляпшаецца самаадчуванне і працаздольнасць, расце матывацыя да самастойнага выканання фізічных практыкаванняў, яны больш пазітыўна гля­дзяць на працэс навучання і заняткі спортам.

Амаль заўсёды падчас віншавання з днём нараджэння гучыць: “Здароўе — гэта самае важнае. Без здароўя не будзе нічога”. Ужо колькі дзесяцігоддзяў настаўнікі і выкладчыкі спрабуюць упэўніць у гэтым навучэнцаў, студэнтаў, але ў іх (ды і ў дарослых) заўсёды знойдуцца адгаворкі, каб перанесці чарговыя заняткі на пасля. Толькі адклад­ваць — не самая лепшая ідэя, асабліва зараз, калі час так дорага каштуе.

Настасся ХРЫШЧАНОВІЧ.
Фота прадастаўлена І.М.Юрчэняй.