Асаблівая казка

Сярэдняя школа № 56 Мінска была адкрыта вясной 2015 года ў мікрараёне Каменная Горка — 4. Згодна з праектам, яна павінна была прыняць 1070 дзяцей, але зараз тут атрымліваюць адукацыю 2969 школьнікаў. Сярод навучэнцаў пераважна дзеці з мнагадзетных сем’яў, якія атрымалі жыллё ў мікрараёне-новабудоўлі. Асаблівая ўвага ўдзяляецца  вучням з АПФР, якіх тут 57. Аб гэтым расказалі намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Святлана Пятроўна Зыль і настаўнік-дэфектолаг Таццяна Валянцінаўна Адамовіч, якая кіруе школьным інклюзіўным тэатрам “Асаблівая казка” .

“Наша школа па-свойму ўнікальная, — паведаміла Святлана Пятроўна. — Сёлета, напрыклад, першых класаў было сфарміравана 13, у пачатковай школе дзейнічаюць 62 класы, а ўсяго іх ва ўстанове 102. Некаторыя паралельныя класы маюць літарныя абазначэнні  “Р”, “Т”. Для зручнасці перамя­шчэння чатырох­павярховы будынак школы абсталяваны ліфтамі. Даволі разнастайны вучнёўскі калектыў установы. Ёсць, напрыклад, школьнікі з сем’яў, дзе 8—13 дзяцей, прычым усе з іх родныя. Ёсць і дзеці з апякунскіх і прыёмных сем’яў, дамоў сямейнага тыпу.

У верасні 2015 года ў школу ўпершыню прыйшлі дзеці з абмежаванымі магчымасцямі — пяцёра вучняў з парушэннем функцый апорна-рухальнага апарату і адначасова з цяжкімі парушэннямі маўлення. Сёння ў нас займаюцца 57 асаблівых навучэнцаў, якія асвойваюць як спецыяльныя, так і агульнаадукацыйныя праграмы. Для іх створаны 8 класаў інтэграванага навучання і выхавання і два спецыяльныя класы. Сярод навучэнцаў 11 маюць дыягназ ДЦП, 16 дзяцей па стане здароўя вучацца дома. Дзяцей, якія не мо­гуць перамяшчацца самастойна, у школе суправаджаюць памочнікі выхавальніка. Зараз двое такіх памочнікаў суправаджаюць пяцярых дзяцей. Школу наведваюць 5 дзяцей з аўтызмам. Для іх прадугле­джаны выхавальнікі суправа­джэння. У залежнасці ад цяжкасці парушэння дзіцяці прадастаўляецца індывідуальнае або групавое суправаджэнне. Паколькі работа з дзецьмі з аўтызмам — новы кірунак у рабоце педагогаў сярэдняй школы № 56, яны наладзілі су­працоўніцтва па гэтым пытанні са спецыялістамі сталічнай сярэдняй школы № 5, дзе з 2013/2014 навучальнага года арганізавана работа рэсурснага цэнтра па аказанні комплекснай дапамогі дзецям з аўтызмам. Педагогі 56-й школы ездзяць да калег на семінары і кансультацыі”.

Поўны тэкст матэрыяла чытайце ў Настаўніцкай газеце № 41, 11 красавіка.

Надзея ЦЕРАХАВА.
Фота аўтара і з архіва ўстановы.