Ціхініцкая сярэдняя школа імя А.А.Осіпава на працягу 8 гадоў прызнаецца лепшай сярод сельскіх устаноў адукацыі ў Рагачоўскім раёне. Дырэктар установы Вольга Клімкова пазнаёміла ўдзельнікаў прэс-туру са сваім калектывам і яго дасягненнямі.
— Школа ў вёсцы мае асаблівы статус і выконвае важную місію. Бо ад вынікаў дзейнасці гэтай установы адукацыі залежыць забяспечанасць кадрамі АПК, іх замацаванне на месцах, — адзначыла Вольга Яўгенаўна. — Радуе, што ў апошнія гады да нас у калектыў прыходзіць моладзь, сярэдні ўзрост педагогаў складае 41 год. Каля паловы выпускнікоў школы вяртаюцца ў Ціхінічы, мы іх штодня сустракаем на працоўных месцах у мясцовых арганізацыях. Стабільны і вучнёўскі калектыў: на сёння гэта 295 навучэнцаў (17 класаў-камплектаў). Толькі ў пачатковых класах вучыцца 120 дзяцей, што гаворыць аб стабільнай дэмаграфічнай сітуацыі ў аграгарадку.
Ціхінічы прыцягваюць маладыя сем’і развітой інфраструктурай, магчымасцю камфортна жыць. Тут ёсць цэнтр культуры і адпачынку, школа мастацтваў, фізкультурна-аздараўленчы комплекс, урачэбная амбулаторыя, дзіцячы цэнтр развіцця дзіцяці, сельскагаспадарчае прадпрыемства ААТ “Ціхінічы”.
Педагогі прывіваюць дзецям паважлівае стаўленне да людзей, якія працуюць на зямлі. Ладзяцца экскурсіі на малочнатаварныя комплексы, і потым дзеці пішуць сачыненні пра такія паездкі. Вучні сустракаюцца з прадстаўнікамі аграрных прафесій, спецыялістамі АПК.
Чытайце матэрыял Надзеі Церахавай у нумары ад 15 лістапада 2022 года.