Асаблівы статус

Жодзіна — асаблівы горад. З насельніцтвам амаль 64 тысячы чалавек ён не з’яўляецца ні раённым, ні абласным цэнтрам, не ўваходзіць нават у склад Смалявіцкага раёна, як можа падацца пры праглядзе палітыка-адміністрацыйнай карты. Жодзіна — горад абласнога падпарадкавання. Вось такая адміністрацыйна-тэрытарыяльная крыжаванка. Не менш цікавая гістарычная крыжаванка: сёлета Жодзіна афіцыйна адзначае 55 гадоў, хаця ўпершыню ў дакументах згадваецца ў 1643 годзе. Які юбілей гістарычна апраўданы? Паспрабуем разгадаць гэтыя крыжаванкі разам з педагогамі і навучэнцамі.

Якасная дапамога

Журналісты “Настаўніцкай газеты” добра ведаюць: калі неабходна аператыўна сабраць якасны матэрыял, а на працяглую камандзіроўку не хапае часу, па дапамогу варта звярнуцца ва ўстановы адукацыі Жодзіна. 40 мінут на маршрутцы ад Мінска — і табе прапануюць азнаёміцца з багатай скарбонкай педагагічнага вопыту. Пра ўсё, што прагне даведацца цікаўная журналісцкая душа, жодзінскія настаўнікі раскажуць на высокім прафесійным узроўні. Толькі ўключай дыктафон і паспявай фатаграфаваць. Каб паездка ў Жодзіна была больш яркай і запамінальнай, фатаграфаваць варта не толькі ва ўстановах адукацыі. Абавязкова трэба прагуляцца па ўнікальнай алеі ліхтароў і прасторных вуліцах новых мікрараёнаў, абавязкова ўбачыць манумент у гонар маці-патрыёткі і выставу тэхнікі на тэрыторыі БелАЗа. БелАЗ — не толькі візітоўка Жодзіна, але і флагман беларускага машынабудавання, з якім ва ўстаноў адукацыі наладжаны даўнія сяброўскія адносіны. І ў першую чаргу — з падшэфнай сярэдняй школай № 4.

— Мы гістарычна лічымся “белазаўскай” школай. Завод нават бачны з нашых вокнаў. Яшчэ задоўга да таго часу, калі ўстановы адукацыі сталі падшэфнымі мясцовых прадпрыемстваў, БелАЗ быў нашым партнёрам. Школу пабудавалі ў 1964 годзе для дзяцей работнікаў завода. І сёння каля паловы нашых бацькоў працуюць на БелАЗе. І гістарычна, і жыццёва мы цесна звязаны з заводам. Супрацоўніцтва вядзецца ў кірунку выхаваўчай работы і гаспадарчай дзейнасці. Што тычыцца выхаваўчага кірунку, то ва ўстанове адукацыі рэалізуецца інавацыйны праект рэспубліканскага ўзроўню “Прафесійнае самавызначэнне навучэнцаў праз узаемадзеянне з горадаўтваральнымі прадпрыемствамі”. Мы выбудоўваем нашу работу з навучэнцамі і бацькамі такім чынам, што з’яўляемся добрымі пастаўшчыкамі рабочых кадраў для завода. Напрыклад, толькі ў гэтым навучальным годзе, дзякуючы рэалізацыі праекта, 34% нашых навучэнцаў пайшлі атрымліваць рабочыя спецыяльнасці, запатрабаваныя на заводзе, у першую чаргу ў Жодзінскі прафесійны ліцэй, а таксама у філіял БНТУ — Жодзінскі дзяржаўны політэхнічны каледж, — паведаміла дырэктар сярэдняй школы № 4 Жодзіна Наталля Мікалаеўна Філіповіч.

Цеснае супрацоўніцтва наладжана з аддзелам ідэалагічнай работы завода. Яго супрацоўнікі праводзяць для жодзінскіх навучэнцаў шмат мерапрыемстваў. Асабліва папулярнымі з’яўляюцца інтэрактыўныя, у прыватнасці, квэст-гульні. Падчас іх дзеці знаёмяцца не толькі з рабочымі спецыяльнасцямі, але і менеджарамі, дзейнасцю праектнага бюро — адбываецца своеасаблівая прэзентацыя структуры работы завода. Стала добрай традыцыяй, што намеснік генеральнага дырэктара па інфармацыйнай і ідэалагічнай рабоце Станіслаў Эдуардавіч Якубовіч праводзіць у жодзінскай школе № 4 першы ўрок у пачатку новага навучальнага года. Яшчэ завод аказвае школе значную дапамогу пры падрыхтоўцы да вучобы. Выдзяляецца тэхніка для ўборкі тэрыторыі школы, плошча якой складае паўтара гектара.

Нашы рэкардсмены

Гісторыя завода пачалася адразу пасля заканчэння Вялікай Айчыннай вайны. У 1948 годзе, праз два гады пасля прыняцця 5-гадовага плана аднаўлення народнай гаспадаркі краіны, быў закладзены першы вытворчы будынак завода па выпуску абсталявання па здабычы торфу. Гэты год лічыцца годам нараджэння прадпрыемства. Праз 3 гады завод выпускае прадукцыю для будаўніцтва дарог, а з імклівым развіццём горназдабываючай прамысловасці востра паўстала пытанне аб вытворчасці машын вялікай грузапад’ёмнасці.

У 1961 годзе з канвеера сышоў першы “БелАЗ-540”. Ён мог перавозіць 27 т. Сёння на фоне больш магутных мадэлей (грузапад’ёмнасцю 360 і 450 т) ён выглядае сапраўдным немаўляткам. У самазвала была ўнікальная будова кузава і рамы, кабіна размяшчалася збоку, побач з рухавіком, што рабіла машыну кампактнай і манеўранай. Наступная мадэль магла перавозіць ужо 40 т. Сённяшнія кар’ерныя самазвалы — сапраўдныя гіганты. Акрамя іх, прадпрыемства выпускае і спецыяльнае абсталяванне для кар’ераў, тэхніку для падземных работ. У 2013 годзе быў створаны кар’ерны самазвал грузапад’ёмнасцю 450 т. Ён адразу трапіў у Кнігу рэкордаў Гінэса, паказаўшы два рэкорды: па-першае, перавёз груз вагой 503,5 т, што на 53,5 т больш за заяўленую вагу; па-другое, у самазвала аказаўся самы вялікі аб’ём кузава.

Перад тым як машына паступае ў кар’ер, яе тэсціруюць на прадпрыемстве не менш за 30 мотагадзін. Правяраюцца ўсе датчыкі, сістэмы, пасля самазвал разбіраюць і на чыгуначных платформах дэталі дастаўляюць да месца прызначэння. Напрыклад, каб перавезці 450-тоннік, патрэбны 23 чыгуначныя платформы. БелАЗ выпускае кожны трэці кар’ерны самазвал у свеце, а гэта штогод больш за 2 тысячы машын. Па правілах міжнароднай бяспекі, уся кар’ерная і будаўнічая тэхніка жоўтага колеру. Адзінае месца, куды пастаўляецца тэхніка белага колеру, — Аўстралія, бо ў гэтай краіне высокі ўзровень сонечнай радыяцыі.

Пра ўсе гэтыя цікавыя факты мы даведаліся разам з вучнямі 5 класа, іх класным кіраўніком Святланай Пятроўнай Гардзейка і намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце сярэдняй школы № 4 Вольгай Мікалаеўнай Яўсеявай падчас наведвання музея завода і выставы тэхнікі. А вам цікава паглядзець на самазвалы-рэкардсмены? Калі ласка, на БелАЗе заўсёды рады гасцям, асабліва сёлета, у юбілейны год, калі флагман нашай прамысловасці адзначае 70-годдзе.

Рэпутацыя прадпрыемства

Гісторыя БелАЗа — гэта не толькі гісторыя дынастый, гэта і гісторыя горада. Разам з развіццём завода развівалася і Жодзіна. Як паведаміла кіраўнік музея сярэдняй школы № 4 Жодзіна Марына Станіславаўна Маслоўская, 7 сакавіка 1963 года гарадскому пасёлку быў прысвоены статус горада. У 1963 годзе па вуліцах Жодзіна пачалі курсіраваць першыя маршрутныя аўтобусы, а на вуліцы 40 гадоў Кастрычніка быў пакладзены асфальт. У 1976—1979 гадах у Жодзіне была пабудавана новая школа, разлічаная на 1180 чалавек, і дзіцячы сад на 320 месцаў. Адкрылася паліклініка на 750 наведванняў за змену. Чарговая пяцігодка (1981—1985 гады) таксама была плённай: пабудавана бальніца, стаматалагічная паліклініка, фізкультурна-аздараўленчы цэнтр, адкрыліся ўніверсам, кнігарня, банк.

Напэўна, няма ў Жодзіне такой сям’і, дзе хаця б адзін чалавек не працаваў на Беларускім аўтамабільным заводзе. У сям’і вучаніцы Ульяны Шам злучыліся дзве працоўныя дынастыі: дынастыя Шам (па татавай лініі) і дынастыя Мыцько (па мамінай). Сваім продкам-завадчанам Ульяна і прысвяціла даследчую работу. Па словах дзяўчыны, працоўныя дынастыі — гэта апора любога прадпрыемства. Стабільнасць прадпрыемства і краіны залежыць ад захавання такіх дынастый. За кожным дасягненнем завода стаяць людзі, таму без асабістых гісторый тых, хто працаваў тут на працягу доўгіх гадоў, немагчыма зразумець і ацаніць усе поспехі прадпрыемства.

— Праз гісторыю маёй сям’і перада мной паўстала гісторыя завода, практычна з моманту яго стварэння і да нашых дзён. Цяпер БелАЗ для мяне — не проста паспяховае прадпрыемства, а гісторыя маёй сям’і, — паведаміла вучаніца. — Родапачынальнікам працоўнай дынастыі Мыцько стаў мой прадзед Уладзімір Мяфодзьевіч. Па яго ўспамінах, якія захавалі яго дзеці і ўнукі, у 1950-я гады на заводзе працавалі па 12 гадзін. Кожная хвіліна была каштоўнай. Пра пачатак працоўнага дня абвяшчаў гудок, ён жа азначаў і заканчэнне працы. На будаўніцтва канвеера выходзілі, бывала, і па выхадных. У 1969 годзе за адказныя адносіны да працы Уладзімір Мяфодзьевіч быў пераведзены на пасаду начальніка сектара сталі і каліброўкі. У 1970 годзе яму было прысвоена званне “ўдарнік камуністычнай працы”, а ў 1978 — ганаровае званне “ветэран працы Беларускага аўтамабільнага завода”. Мая прабабуля Ганна Васільеўна Мыцько стала маці-гераіняй: яна нарадзіла і выхавала пяцярых дзяцей. На БелАЗ Ганна Васільеўна ўладкавалася ў 1965 годзе дапаможнай рабочай. Працавала нароўні з мужчынамі. У 1977 годзе за шматгадовую добрасумленную працу прабабуля была ўзнагароджана медалём “Ветэран працы”.

Як расказваў мой дзядуля Віктар Аляксандравіч Шам, праца на заводзе не была простай. Шмат было цяжкасцей, але добрага значна больш. На заводзе ў яго з’явілася шмат сяброў, з якімі ён ужо многія дзесяцігоддзі падтрымлівае адносіны, а пры сустрэчах заўсёды ўспамінае маладосць і сталыя гады, якія прайшлі ў цэхах завода, — з гонарам паведаміла пра некаторых сваіх родзічаў дзяўчына.

Як адзначыла Ульяна Шам, у наш час БелАЗ застаецца жаданым месцам працы для моладзі, бо, акрамя годнай зарплаты, прадпрыемства прапануе сваім работнікам і годны сацыяльны пакет. Трэба адзначыць, што прыярытэт у прыёме на працу маюць тыя хлопцы і дзяўчаты, бацькі якіх працуюць на БелАЗе. І, напэўна, у гэтым ёсць сэнс, бо работнікі, звязаныя роднаснай сувяззю, стараюцца не пашкодзіць рэпутацыі сям’і.

Купрыянавы…

Пра сям’ю Купрыянавых ведаюць не толькі ў Беларусі. Хоць яна і не звязана з БелАЗам, аднак не менш за працоўныя дынастыі праславіла Жодзіна. Менавіта Настасся Фамінічна Купрыянава і яе пяцёра сыноў, удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны, і сталі правобразам знакамітага жодзінскага манумента ў гонар маці-патрыёткі. З аповеду пра гэтую легендарную сям’ю і пачынаецца экскурсія ў музеі дзіцячага сада — сярэдняй школы № 1 Жодзіна, якая носіць імя малодшага сына Настассі Фамінічны Пятра Купрыянава.

Як паведаміла кіраўнік музея Наталля Міхайлаўна Шэпелевіч, Настасся Фамінічна нарадзілася ў Лагойскім раёне ў шматдзетнай сялянскай сям’і. Выйшла замуж за жодзінскага млынара Рыгора Курсевіча. У іх нарадзілася дзевяць дзяцей. Чацвёра памерлі ў маленстве. У 1918 годзе муж вярнуўся з вайны, аднак пасля раненняў пражыў нядоўга. Настасся Фамінічна засталася ўдавой з пяццю дзецьмі на руках. Неўзабаве яна выйшла замуж другі раз за Івана Купрыянава. Спачатку ў іх нарадзіўся сын Уладзімір, а ў 1926 — Пётр, будучы Герой Савецкага Саюза.

У чэрвені 1941 года, калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, дом Купрыянавых згарэў падчас бамбёжкі. Старэйшыя Мікалай і Сцяпан былі ўжо жанатыя і жылі сваімі сем’ямі. У 1942 годзе Міхаіл наладзіў сувязь з партызанскім атрадам “Смерць фашызму”. Уладзімір і Пётр займаліся разведкай, збіралі інфармацыю для партызан атрада “Разгром”. У кастрычніку 1943 фашысты раскрылі жодзінскае падполле, было арыштавана некалькі дзясяткаў чалавек. Нямецкія салдаты зрабілі засаду і ў доме Купрыянава, аднак трапіў у пастку толькі самы малодшы, Пётр. Старэйшыя браты і Настасся Фамінічна паспелі сысці ў лес да партызан.

Пётр разам з астатнімі арыштаванымі трапіў у барысаўскую турму, дзе правёў некалькі тыдняў. Па дарозе ў Нямеччыну, куды адправілі арыштаваных, Пятру з групай знаёмых мужчын удалося выскачыць з цягніка. Неўзабаве ён быў у партызанскім атрадзе “Радзіма” брыгады “Разгром”, разам са сваімі братамі і маці. У студзені 1944 года Міхаіл, выконваючы баявое заданне, трапіў у засаду. Ён загадаў сваім разведчыкам адыходзіць, а сам з кулямётам застаўся іх прыкрываць. Страляў да апошняга патрона. Немцы схапілі яго, цяжка параненага, але яшчэ жывога і адвезлі ў барысаўскую турму. Праз некалькі дзён Уладзімір ішоў на сувязь з падпольшчыкамі і трапіў у засаду. Яго таксама адвезлі ў барысаўскую турму. Там ён убачыў ледзь жывога Міхаіла. Той паміраў на вачах брата. Уладзімір быў вывезены ў Нямеччыну і пасля няўдалай спробы ўцёкаў змешчаны ў лагер ваеннапалонных.

Пасля вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў Пётр ўступіў у Чырвоную Армію. Дачакацца ўсіх сыноў з вайны маці было не наканавана. Мікалай і Сцяпан загінулі ў 1944 годзе, абараняючы Польшчу, Пётр аддаў сваё жыццё за свабоду Латвіі, накрыўшы целам амбразуру дзота, за што яму пасмяротна было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза. Дадому пасля вайны вярнуўся толькі Уладзімір, ён памёр у 1949 годзе. Настасся Фамінічна пасля заканчэння Вялікай Айчыннай вайны засталася жыць у Жодзіне. У 1947 годзе камандаванне вайсковай часці, дзе служыў Пётр, дапамагло ў будаўніцтве дома. Побач з ёй была дачка і ўнукі.

— Многія жодзінцы памятаюць Настассю Фамінічну. Так, у 1972 годзе ў Палацы культуры БелАЗа яна адзначыла свой 100-гадовы юбілей, хаця ў царкоўнай кнізе пазначана, што нарадзілася ў 1884 годзе. На ўрачыстым сходзе быў абвешчаны Указ Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР аб узнагароджанні Н.Ф.Купрыянавай Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР. Выканкам Жодзінскага гарсавета прысвоіў жанчыне званне “ганаровы грамадзянін горада Жодзіна”. 29 жніўня 1975 года ў Жодзіне быў урачыста адкрыты манумент маці-патрыётцы.

Настасся Фамінічна Купрыянава пражыла доўгае годнае жыццё. Памерла 13 красавіка 1979 года. У 1980 годзе ў яе доме быў адкрыты музей. А з 1977 года ў нашай школе дзейнічае музей баявой славы імя Пятра Іванавіча Купрыянава. У ім налічваецца каля 500 прадметаў. Найбольш каштоўнымі з’яўляюцца макет манумента ў гонар маці-патрыёткі, апошні ліст з фронту Пятра Купрыянава, пахаванка на яго імя, скрыначка з зямлёй з яго магілы, асабістыя рэчы сям’і Купрыянавых. Экспазіцыя складаецца з 5 раздзелаў: “Сям’я Курсевіч-Купрыянава”, “Пётр Купрыянаў — Герой Савецкага Саюза”, “Героі-“матросаўцы” (расказваецца пра герояў Вялікай Айчыннай вайны, якія, як і Пётр Купрыянаў, паўтарылі подзвіг Матросава). Наступны раздзел расказвае пра рускую сям’ю Епісцініі Фёдараўны Сцяпанавай і італьянскую Альчыдэ Чэрві, лёс якіх падобны на лёс Настассі Фамінічны. Пяты раздзел прысвечаны гісторыі нашай установы адукацыі, дарэчы, самай старэйшай у Жодзіне, — паведаміла кіраўнік музея.

Гістарычная крыжаванка

Свой летапіс сярэдняя школа № 1 вядзе з 1864 года, калі ў Жодзіне (на той час вёсцы) адкрылася народнае вучылішча. У 1922 годзе на базе вучылішча створаны дзве пачатковыя школы: сельская і чыгуначная. У 1930 годзе яны аб’ядналіся ў адзіную працоўную школу, якая стала сямігодкай. Менавіта 1930/1931 навучальны год і з’яўляецца афіцыйнай датай заснавання 1-й жодзінскай школы. А як жа 1864 год? Можа, з гэтага часу трэба весці адлік? Вось і гістарычная крыжаванка. Такая ж сітуацыя склалася і з гісторыяй самога Жодзіна.

— У 2008 годзе наш горад упершыню адзначыў гістарычны юбілей — 365 гадоў. Гэтая падзея акрыліла ўсіх, бо ў нас такі пласт гісторыі быў падняты! У школах увялі прадмет “Жодзіназнаўства”, мы нават правялі Радзівілаўскія чытанні, на якіх выступалі вядомыя навукоўцы. Назва чытанняў невыпадковая, паколькі заснавальнікам Жодзіна з’яўляецца Багуслаў Радзівіл. Гэта настолькі легендарная гістарычная асоба! У самых першых дакументах (я іх трымала ў руках у Нацыянальным гістарычным архіве)1643 года, дзе згадваецца наш населены пункт, адзначана, што ён называўся Багуслаў Поле. Паралельна сустракаецца і назва Жодзіна. Даваўся план забудовы горада, пазначаўся рынак, вакол якога былі дамы майстроў, гандлёвыя рады, лаўкі, вуліцы. Гаворка ішла пра заснаванне горада. Аднак войны XVII стагоддзя не далі магчымасці яму развіцца. Пасля далучэння да Расіі населены пункт называецца Жодзін (ад назвы рэчкі Жодзінкі), меў статус сяла. У 1963 годзе Жодзіна афіцыйна стала горадам, аднак, на мой погляд, гісторыю трэба весці з 1643 года. Наша гісторыя багатая, рамантычная, таямнічая. Такіх таямніц вельмі многа. Дарэчы, прычытаць пра іх можна ў маіх кнігах “Жодзіна: гісторыя і сучаснасць” і “Жодзіна на перакрыжаваннях гісторыі”, — паведаміла педагог дадатковай адукацыі Жодзінскай жаночай гімназіі Галіна Іванаўна Аніскевіч.

Гэтыя таямніцы педагог раскрывае на працягу многіх гадоў — з 2012 года разам з удзельніцамі пошукава-даследчага атрада “Кацюша”. З навучэнкамі Жодзінскай жаночай гімназіі Галіна Іванаўна даследуе ў асноўным ваенную тэматыку, яны шукаюць безыменныя брацкія магілы, аднаўляюць імёны салдат. Толькі за 5 гадоў удалося ўстанавіць месцы пахаванняў 90 чалавек, вернуты імёны на пяці брацкіх магілах. Адной з іх стала брацкая магіла № 1622 у вёсцы Крыніца Смалявіцкага раёна, дзе пахаваны 47 чалавек. Дзякуючы пошукам жодзінскіх “Кацюш”, грамадзянін Расіі Юрый Васільевіч Сарокін пасля доўгіх гадоў пошукаў нарэшце даведаўся, дзе пахаваны яго брат Герман Сарокін.

Педагагічная скарбонка

Краязнаўчы напрамак не адзіны, якому ўдзяляецца ўвага ў выхаваўчай рабоце ўстаноў адукацыі Жодзіна. Важным з’яўляецца і духоўна-маральнае выхаванне. Так, на базе сярэдняй школы № 9 Жодзіна дзейнічае кабінет духоўна-маральнага выхавання, які з’яўляецца гарадскім рэсурсным цэнтрам гэтага ж напрамку. Тут праводзяцца факультатыўныя заняткі “Асновы праваслаўнай культуры”, гарадскія мерапрыемствы, семінары для настаўнікаў. Дзейнічае ў школе і этнаграфічны музей. Гэта, калі гаварыць вельмі-вельмі коратка. Наогул, кожная ўстанова адукацыі Жодзіна заслугоўвае падрабязнага аповеду. Нездарма журналісты “Настаўніцкай газеты” цудоўна ведаюць, дзе можна аператыўна сабраць якасную інфармацыю для сваіх матэрыялаў. Так можна сказаць не толькі пра журналістаў. Педагогі з любога рэгіёна могуць атрымаць частку педагагічнага скарбу ад сваіх жодзінскіх калег. Для гэтага варта завітаць у горад з асаблівым статусам, адметнай гісторыяй і насычаным сучасным жыццём.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота аўтара.