Пры рабоце з вучнямі з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця вельмі важна ствараць спрыяльнае адукацыйна-развіццёвае асяроддзе. У Парэцкай сярэдняй школе Гродзенскага раёна ўжо трэці год працуе пункт карэкцыйна-педагагічнай дапамогі, які наведваюць 36 навучэнцаў. Трое школьнікаў атрымліваюць адукацыю па спецыяльных праграмах. Трэба сказаць, у апошнія гады колькасць навучэнцаў з АПФР павялічылася. Таму ўзнікла праблема з памяшканнямі, якія можна было б у поўнай меры адаптаваць для заняткаў з такімі дзецьмі.
Дырэктар школы Марына Янаўна Астроўская знайшла выйсце. Сіламі работнікаў школы перабудавалі дастаткова вялікае фае трэцяга паверха і стварылі там дадатковы кабінет для заняткаў. Маладыя спецыялісты настаўнікі-дэфектолагі Ірына Генадзьеўна Кісель і Вольга Станіславаўна Дуровіч з густам аформілі памяшканне. Пяшчотна-блакітны колер сцен, падабраныя ў тон гардзіны на вокнах, дываны на падлозе. У адпаведнасці з патрабаваннямі кабінет падзялілі на зоны: вучэбную, гульнявую, артыкуляцыйнай маторыкі, сенсорную, зону рэлаксацыі.
У вучэбнай зоне размясцілі парты і дошку, стварылі ўмовы для правядзення заняткаў па групах, падгрупах і індывідуальных. Для гульнявой зоны адвялі месца ў цэнтры пакоя. Тут праводзяцца фізкультхвілінкі, рухавыя гульні, гульнявыя практыкаванні. У зоне артыкуляцыйнай маторыкі ўстаноўлена люстэрка памерам 50 на 100 см, перад якім дэфектолагі адпрацоўваюць з навучэнцамі пастаноўку гукаў.
У сенсорнай зоне ёсць пясочніца, маленькія фігуркі людзей, жывёл, іншых аб’ектаў, якія дапамагаюць дзецям спасцігаць навакольны свет, развіваючы пры гэтым мысленне, уяўленне, маўленне, дробную маторыку. Дзеці спрабуюць маляваць, выкарыстоўваючы пясок, ствараюць аб’ёмныя кампазіцыі, дабаўляючы ў пясок ваду.
Самы таямнічы куточак пакоя — зона рэлаксацыі. Тут за паўпразрыстай шырмай, якая звісае са столі, стаіць мяккае ўтульнае крэсла-трансформер. Дзецям падабаецца адпачываць, седзячы ў ім, у навушніках слухаць спакойную музыку, адчуваючы водар, што ідзе ад аромалямпы. Тут можна пабыць у адзіноце або ў акружэнні сваіх любімых мяккіх цацак.
Усе зоны кабінета аб’яднаны ў цэласную прастору праз “чыгунку”, па якой едзе “паравозік”. “Чыгунка” зроблена з клейкай паперы і наклеена на сцены па перыметры пакоя. У “клубах дыму” добра бачны назвы “станцый”.
У пакоі шмат кветак. Кабінет папаўняецца метадычнымі распрацоўкамі і дыдактычным матэрыялам. Ёсць інфармацыйны стэнд з парадамі і рэкамендацыямі для бацькоў, якія часта прыходзяць у школу, каб пракансультавацца з педагогамі. Татам і мамам дзяцей з АПФР вельмі неабходна псіхолага-педагагічная падтрымка.
Ірына Генадзьеўна і Вольга Станіславаўна да правядзення заняткаў падыходзяць творча, выкарыстоўваюць у працэсе навучання як стандартныя формы работы, у тым ліку і гульні, так і электронныя сродкі навучання. Настаўнікі стараюцца разнастаіць жыццё сваіх навучэнцаў, праводзяць масавыя святы, конкурсы.
Мы ўпэўнены, што стварэнне для дзяцей з АПФР спрыяльнай адаптацыйнай прасторы магчыма толькі пры ўмовах шчырага клопату і гуманных талерантных адносін да іх.
Наталля ДАНІЛОВІЧ,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Парэцкай сярэдняй школы Гродзенскага раёна.