Асаблівыя, але не адасобленыя ад грамадства

- 11:15Апошнія запісы, Калегіі, пасяджэнні

У Салігорску прайшло выязное пасяджэнне калегіі Міністэрства адукацыі на чале з міністрам адукацыі Міхаілам Анатольевічам Жураўковым па тэме “Аб развіцці інклюзіўнай адукацыі асоб з АПФР”. Удзельнікі пасяджэння абмеркавалі дасягненні і праблемы, якія існуюць на шляху да інклюзіі, пазнаёміліся з дзейнасцю раённага ЦКРНіР і сярэдняй школы № 1 Салігорска. На мерапрыемстве прысутнічалі таксама прадстаўнікі Дзіцячага фонду ААН (ЮНІСЕФ).

Чым адрозніваецца інтэграцыя ад інклюзіі?

— Адна з асноўных задач сістэмы адукацыі сёння — рабіць усё магчымае, каб дзеці з АПФР, колькасць якіх, на жаль, у нашай краіне павялічваецца, не адчувалі сябе адасобленымі ад грамадства, — адзначыў Міхаіл Анатольевіч. — Трэба падкрэсліць, што Беларусь паступова і ўпэўнена ідзе да інклюзіі. Інклюзіўны працэс тычыцца не толькі дзяцей з абмежаваннямі. Любая дыскрымінацыя дзяцей, незалежна ад іх асаблівасцей (псіхафізічных, культурных, сацыяльных, моўных, рэлігійных і г.д.), недапушчальная. Інклюзія мае на ўвазе роўныя правы для ўсіх дзяцей без выключэння.
Сёння вельмі запатрабавана інтэграванае навучанне, якое з’яўляецца важным крокам на шляху да інклюзіі. Установы адукацыі павінны быць гатовымі да такога пераходу, неабходна рыхтаваць педагогаў-спецыялістаў, а таксама настройваць пазітыўна здаровых дзяцей і іх бацькоў да прыняцця навучэнцаў з АПФР. Існуе сцвярджэнне: калі вы жадаеце даведацца, ці ёсць у дзяржавы будучыня, ацаніце, як у ёй адносяцца да старых і дзяцей. Гэтая выснова тычыцца і адносін да інвалідаў або да людзей з асаблівасцямі. Спадзяёмся, што будучыні нашай краіны можна будзе даць самую добрую ацэнку.
Інклюзіўная адукацыя — адзін з прыярытэтных кірункаў дзейнасці Дзіцячага фонду ААН (ЮНІСЕФ). Аб гэтым нагадаў прадстаўнік Дзіцячага фонду ААН (ЮНІСЭФ) Рашэд Мустафа Сарвар. Гэтая міжнародная арганізацыя супрацоўнічае з урадамі 17 краін Цэнтральнай і Усходняй Еўропы, у тым ліку і з краінамі СНД, па пытаннях інклюзіўнай адукацыі. Распрацавана праграма супрацоўніцтва ЮНІ СЕФ і ўрада Рэспублікі Беларусь на 2016—2020 гады.
— Беларусь застаецца сёння адной з нямногіх краін свету, якія не далучыліся да Канвенцыі ААН аб правах інвалідаў, што прынята Генеральнай Асамблеяй ААН у 2006 годзе. Артыкул 24 канвенцыі абавязвае ўрады краін забяспечваць інклюзіўнае навучанне на ўсіх узроўнях і на працягу ўсяго жыцця асоб з абмежаваннямі, — адзначыла начальнік аддзела спецыяльнай адукацыі Міністэрства адукацыі Антаніна Міхайлаўна Змушко. — У нашай краіне падрыхтаваны праект закона аб далучэнні да гэтай канвенцыі, але ён пакуль не прыняты. Мы знаходзімся на этапе нарматыўнага прававога замацавання інклюзіўнай адукацыі — змяненні і дапаўненні будуць унесены ў Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб адукацыі, а ў грамадстве абмяркоўваецца праект канцэпцыі развіцця інклюзіўнай адукацыі асоб з АПФР, які быў распрацаваны ў 2014 годзе.
Праект праходзіць міжнародную экспертызу ў прадстаўніцтве Дзіцячага фонду ААН (ЮНІ СЕФ).
Для таго каб укараненне інклюзіўнай адукацыі ў Беларусі праходзіла паспяхова, ёсць належныя перадумовы. Першая і галоўная з іх: дзіця з АПФР ужо не з’яўляецца нечуваным дзівам і рэдкасцю для звычайнай школы ці дашкольнай установы. Другая перадумова — у існаванні развітой сістэмы інтэграванага навучання і выхавання, якая стала найважнейшым кірункам дзяржаўнай палітыкі ў сферы спецыяльнай адукацыі. 2015 год — юбілейны для інтэграцыі ў нашай краіне. Трэцяя перадумова — у пастаяннай рабоце над стварэннем даступнага безбар’ернага асяроддзя для асоб з абмежаваннямі. Чацвёртая дазваляе сцвярджаць, што мы знаходзімся ў пастаянным руху да інклюзіўнай адукацыі. Пацвярджэнне гэтага — рэалізацыя мерапрыемстваў Дзяржаўнай праграмы развіцця спецыяльнай адукацыі ў Рэспубліцы Беларусь на 2012—2016 гады. Пятая перадумова — у распрацоўцы адпаведных навуковых падыходаў да ажыццяўлення інклюзіўнага працэсу.
Паспрабуем вызначыць адрозненні, якія існуюць паміж інтэграваным навучаннем і выхаваннем і інклюзіўным.
У класах інтэграванага навучання і выхавання адукацыйнае асяроддзе не заўсёды адпавядае належным нормам, не заўсёды ўлічвае патрэбы кожнага навучэнца. Дзеці вымушаны самі пераадольваць пэўныя бар’еры і прыстасоўвацца да ўмоў навучання (школы, класа, настаўніка). Адметнасць інтэграванага навучання і ў тым, што частка вучэбных заняткаў дзяцей з асаблівасцямі праходзіць па-за асноўным класам, дзеці з АПФР вучацца па асобных вучэбных праграмах.
Ва ўмовах інклюзіі адукацыйнае асяроддзе прадугледжвае патрэбы кожнага навучэнца. Школа прыстасоўваецца да дзяцей з асаблівасцямі, яны знаходзяцца разам з класам на ўсіх вучэбных занятках. Вучэбная праграма пры гэтым агульная для ўсіх навучэнцаў, але пры неабходнасці на яе аснове ствараецца індывідуальная праграма навучання.
Пры ўкараненні інклюзіўнай адукацыі могуць узнікаць некаторыя перашкоды. Адна з іх — недастатковае кадравае забеспячэнне і даволі слабае фінансаванне інклюзіўнай адукацыі, мэта якога — ажыццяўленне навуковых даследаванняў і ўвядзенне ў штатны расклад навучальных устаноў новых пасад. Ужо зараз ідзе эксперымент па нарматыўным фінансаванні з улікам патрэб кожнага навучэнца, у тым ліку і дзяцей з АПФР. Зразумела, што іх “фінансавы рукзачок” павінен быць значна цяжэйшым, чым у звычайных дзяцей. Поспехі інклюзіўнага навучання цесна звязаны з фарміраваннем у грамадстве талерантнага стаўлення да асоб з АПФР. Перавыхоўваць грамадства складана. 20 гадоў існавання інтэграцыі ў школе — невялікі тэрмін. Звычку пагардлівых адносін да тых, хто непадобны да большасці, выкараніць не так проста. Вынікі даследавання ЮНІСЕФ (у 2012 годзе) сведчаць, што 68,6 працэнта бацькоў не згодны, каб іх дзеці наведвалі ў садзе групу з сумесным навучаннем і выхаваннем дзяцей з нормай развіцця і дзяцей з АПФР.

Каштоўны вопыт

Сваімі напрацоўкамі і назіраннямі за сацыялізацыяй выхаванцаў з АПФР падзялілася загадчык ясляў-сада № 61 Мінска Любоў Васільеўна Сердзюкова:
— Нашу ўстанову наведваюць 228 дзяцей, 44 з іх — з АПФР. Эфектыўнасць карэкцыі і развіцця кожнага асаблівага дзіцяці, яго сацыяльная адаптацыя ажыццяўляюцца дзякуючы ўзаемадзеянню некалькіх спецыялістаў: настаўніка-дэфектолага, выхавальнікаў, педагога-псіхолага і кіраўніка фізічнага выхавання. У гэтым годзе ў штатны расклад сада ўведзена дадатковая стаўка памочніка выхавальніка для суправаджэння дзяцей з АПФР. Дзеці з абмежаванымі магчымасцямі сябруюць з аднагодкамі, актыўна ўдзельнічаюць у музычных і спартыўных святах і забавах. Яны атрымліваюць і дадатковыя адукацыйныя паслугі. Усё гэта дазваляе ім у будучыні паступаць у інтэграваныя класы агульнаадукацыйных устаноў. Так, чацвёра нашых выпускнікоў паспяхова вучацца ў сярэдняй школы № 130, трое — у сярэдняй школе № 111 Мінска. Станоўчы вопыт радуе, але трэба ўзгадаць і шэраг праблем на гэтым шляху. Непакоіць недастатковы ўзровень падрыхтоўкі (перападрыхтоўкі) педагагічных кадраў, прызначаных да работы ва ўмовах інтэграцыі. Метадычнае забеспячэнне работы з найбольш складанымі катэгорыямі дзяцей з АПФР таксама не лепшае.
Рэктар Баранавіцкага дзяржаўнага ўніверсітэта Васіль Іванавіч Качурка расказаў аб гатоўнасці сваёй установы да рэалізацыі мэт інклюзіўнай адукацыі:
— Ва ўніверсітэце вучацца зараз 23 студэнты з інваліднасцю і з АПФР. 19 з іх — на дзённай форме атрымання адукацыі, адна студэнтка — завочна і тры студэнты — завочна-дыстанцыйна. Каб ім было больш камфортна ва ўстанове, ствараем адпаведнае даступнае асяроддзе, рэалізуем праграму псіхолага-педагагічнага суправаджэння такіх студэнтаў, распрацоўваем вучэбную праграму і вучэбна-метадычнае забеспячэнне дысцыпліны “Асновы інклюзіўнай адукацыі”, якую асвойваюць студэнты ўсіх педагагічных спецыяльнасцей. Універсітэт плануе вырашыць наступныя задачы: забяспечыць адаптаванасць адукацыйнай прасторы ўсіх вучэбных карпусоў; ажыццявіць распрацоўку і (або) набыццё вучэбных матэрыялаў і сродкаў для навучання студэнтаў з асаблівымі адукацыйнымі патрэбамі (забяспечыць аўдыякнігамі, лупамі, спецыяльнымі клавіятурамі для работы за камп’ютарамі і г.д.); сфарміраваць талерантнае стаўленне звычайных студэнтаў да асоб з інваліднасцю, паважлівыя адносіны да ўсіх, хто не такі, як усе, хто адрозніваецца ад пераважнай большасці.
Тэму падрыхтоўкі кадраў да работы ва ўмовах інклюзіўнай адукацыі прадоўжыла дэкан факультэта спецыяльнай адукацыі БДПУ імя Максіма Танка Святлана Яўгенаўна Гайдукевіч:
— У падрыхтоўцы спецыялістаў да работы ва ўмовах інклюзіі мы вылучаем два кірункі. Першы тычыцца падрыхтоўкі профільных спецыялістаў да работы ў гэтай галіне, а менавіта настаўнікаў-дэфектолагаў. Другі мае на ўвазе падрыхтоўку няпрофільных спецыялістаў для інклюзіўнага навучання і выхавання. Асаблівы акцэнт робім на псіхалагічнай гатоўнасці будучых педагогаў да такой няпростай работы, распрацоўваецца дыдактычная падрыхтоўка. Мы правялі карэкціроўку зместу прафесійнай падрыхтоўкі, увялі новыя вучэбныя дысцыпліны, абнавілі змест існуючых дысцыплін, а таксама ўдасканалілі тэхналогіі навучання. Зроблены акцэнты на развіцці інтэрактыўнасці будучых педагогаў, на вырашэнні імі надзённых практычных задач, на стымуляванні праектнай дзейнасці, творчасці, рэфлексіі. Пры навучанні выкарыстоўваем відэаматэрыялы, кейсы, партфоліа, метадычныя рэсурсы, створаныя на аснове ІКТ.
Сярэдняя школа № 46 Віцебска з 2014/2015 навучальнага года пачала працаваць як эксперыментальная пляцоўка па апрабацыі мадэлі інклюзіўнай адукацыі. Дырэктар установы Аляксандр Міхайлавіч Хрытаненка падзяліўся вопытам сваёй дзейнасці:
— Сёння ў школе вучыцца 2085 навучэнцаў, з іх 6,7 працэнта — дзеці з АПФР (з парушэннямі маўлення, слыху, зроку і парушэннямі функцыі апорна-рухальнага апарату). Адукацыйнае асяроддзе ва ўстанове створана з улікам патрэб кожнага навучэнца. Для гэтага яшчэ на этапе будаўніцтва школы ўносіліся карэкціроўкі па абсталяванні кабінетаў інфарматыкі, лінгафонных кабінетаў, спартыўных зал, рэгулявалася вышыня парогаў, шырыня пандусаў, вуглы іх нахілу. Зараз у школе належнае безбар’ернае асяроддзе. Сюды ўваходзяць пандусы, ліфт, спецыяльныя санітарныя пакоі і пакоі адпачынку для інвалідаў-калясачнікаў. У штатны расклад мы ўвялі пасады памочніка выхавальніка і ліфцёра. Наяўнасць такіх умоў дазволіла паспяхова арганізаваць адукацыю для дзяцей з АПФР. Мы сфарміравалі спартыўныя класы, арганізавалі навучанне хіміі, біялогіі, фізіцы і матэматыцы на павышаным узроўні. Ёсць, канечне, і цяжкасці, якія мы паступова пераадольваем. Асноўная цяжкасць у тым, што педагогі школы ў большасці сваёй не маюць спецыяльнай адукацыі, якая неабходна пры рабоце з асаблівымі дзецьмі. Наша ўстанова мае трывалую матэрыяльную базу, яна добра аснашчана, але ўсё ж для больш якаснай арганізацыі адукацыйнага працэсу неабходны дадатковыя сродкі (для абсталявання пад’ёмнікаў, якія патрэбны пры перамяшчэнні інвалідаў, для спецыяльных прыстасаванняў, прызначаных для навучэнцаў, якія слаба бачаць, для набыцця камп’ютарных праграм “Бачнае маўленне”, для арганізацыі зон рэлаксацыі).

Дабрыня, неабыякавасць і жаданне дапамагаць

Удзельнікі калегіі наведалі Салігорскі раённы ЦКРНіР і сярэднюю школу № 1 Салігорска.
— Што азначае паняцце “інклюзія” ў дачыненні да нашага карэкцыйнага цэнтра? — гаворыць дырэктар раённага ЦКРНіР Марына Антонаўна Кабер. — Перш за ўсё, гэта кантактаванне з грамадствам, заснаванае на сяброўстве і ўзаемаразуменні. З году ў год мы праводзім шмат мерапрыемстваў, мэта якіх — фарміраванне талерантных адносін грамадства да дзяцей з асаблівасцямі. Раней такія мерапрыемствы былі адзінкавымі, зараз сталі традыцыйнымі. У цэнтры праводзяцца дабрачынныя акцыі, святы, рэалізуюцца праекты. Шмат арганізацый пажадалі стаць нашымі сябрамі і памочнікамі. У іх ліку “Беларуськалій”, раённае таварыства Чырвонага Крыжа, ДАІ, МНС. Футбольны клуб “Шахцёр” неаднойчы запрашаў нашых выхаванцаў на футбольныя матчы, для дзяцей з парушэннем апорна-рухальнага апарату прадастаўляўся транспарт. На самым вялікім стадыёне горада для людзей з абмежаваннямі абсталяваны спецыяльныя трыбуны. Да мерапрыемстваў і свят, якія арганізуе наш цэнтр, далучаюцца мясцовыя ўстановы культуры — Цэнтр творчасці, Палац культуры, кінатэатр, музей.
Мы ганарымся сваім унікальным праектам “Інклюзія праз тэатралізаваную дзейнасць”. Сёння вы ўбачылі пастаноўку “Брэменскія музыканты”, падрыхтаваную тэатральнай студыяй ЦКРНіР “Казка побач” разам з навучэнцамі гімназіі № 1 Салігорска. Такія сумесныя пастаноўкі сталі добрай традыцыяй. У ходзе іх падрыхтоўкі і тэатралізацыі знікаюць псіхалагічныя бар’еры паміж дзецьмі, навучэнцы з АПФР не адчуваюць сябе ізаляванымі. У гімназістаў у працэсе зносін фарміруюцца дабрыня, пачуцццё неабыякавасці і жаданне дапамагаць.
Дырэктар сярэдняй школы № 1 Салігорска Валянціна Міхайлаўна Каштальян расказала:
— Школа з 2008 года стала апорнай у раёне па навучанні дзяцей з АПФР. Самы першы клас інтэграванага навучання і выхавання быў адкрыты ва ўстанове ў 1997 годзе. Сёння ў нас 6 інтэграваных класаў. У школе створана неабходнае безбар’ернае асяроддзе, ладзяцца мерапрыемствы, падчас якіх дзеці вучацца ўзаемадзейнічаць, прымаць людзей такімі, якія яны ёсць, наладжваюцца таксама зносіны паміж бацькамі навучэнцаў. Вялікая ўвага ўдзяляецца ўдзелу вучняў у валанцёрскім руху.
Удзельнікі калегіі наведалі трэнінгавыя заняткі “Магія, якая вылечвае”, якія правёў са школьнікамі валанцёр грамадскай арганізацыі “Беларуская ліга бацькоў і педагогаў “Крок за крокам” Віталь Паўлаградскі, а таксама трэнінгавыя заняткі “Розныя — роўныя” з удзелам вучняў і маладых інвалідаў, якіх гасцінна запрасіла педагог-псіхолаг школы Ганна Мілешка.
Навучэнка 11 класа сярэдняй школы № 14 Салігорска старшыня парламента дзяцей і навучэнскай моладзі горада Аляксандра Лаўрова прадставіла падчас калегіі новы сацыяльны праект “Горад без бар’ераў”.
— Да работы над праектам далучыліся ўсе школы горада. А пачыналася ўсё з вывучэння будаўнічых аб’ектаў мікрараёна. Вучні фатаграфавалі іх, фіксавалі вынікі сваіх назіранняў. На пасяджэнні савета парламента было прынята рашэнне распрацаваць картасхему Салігорска, дзе былі б пазначаны аб’екты, абсталяваныя пандусамі. З дапамогай карты маламабільныя грамадзяне змогуць выбраць бальніцу, да якой ім больш зручна дабірацца, магазін, кафэ і іншыя будынкі, у якія яны змогуць трапіць без цяжкасцей. Картасхему можна ўбачыць у інтэрнэт-прасторы (http://www.esoligorsk.by, http://cdt.soligorsk.schools.by). Інфармацыйны партал “Электронны Салігорск” таксама змясціў нашу карту. Са з’яўленнем новых аб’ектаў яна будзе абнаўляцца.

Надзея ЦЕРАХАВА.
Фота аўтара.