Асаблівыя праблемы ранняга ўзросту

У Мінскім міжнародным адукацыйным цэнтры імя Ёханеса Рау прайшоў круглы стол па выніках рэалізацыі праекта (праграмы) міжнароднай тэхнічнай дапамогі Дзіцячага фонду ААН ЮНІСЕФ “Удасканаленне сістэмы аказання комплекснай дапамогі дзецям ранняга і дашкольнага ўзросту з цяжкімі і (ці) множнымі парушэннямі псіхафізічнага развіцця”. Вядучая роля пры ажыццяўленні праекта належала Мінскаму гарадскому цэнтру карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі. Партнёрамі па праекце сталі абласныя цэнтры карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі.

Комплексная дапамога для самых маленькіх

— За апошнія некалькі гадоў адбыліся пазітыўныя змены ў свядомасці грамадзян нашай краіны адносна дзяцей, якія маюць асаблівасці псіхафізічнага развіцця, — адзначыў прадстаўнік Дзіцячага фонду ААН ЮНІСЕФ Юрый Віктаравіч Аксамітны. — Грамадства стала больш адэкватна рэагаваць на іх патрэбы, з разуменнем таго, што дзеці з абмежаваннямі маюць такія ж правы, як і ўсе іншыя. Важна, што работу ў гэтым кірунку вядуць і няўрадавыя арганізацыі, і бацькі, якія зацікаўлены ў тым, каб іх дзеці развіваліся. На жаль, Беларусь — адзіная краіна ў еўрапейскім рэгіёне, якая пакуль не ратыфікавала Канвенцыю аб правах людзей з інваліднасцю. Але гэта — у перспектыве. Пытанне зараз разглядаецца ў парламенце. Сярод іншых пазітыўных намаганняў — папярэджанне размяшчэння дзяцей ва ўзросце да трох гадоў у інтэрнатныя ўстановы. З кожным годам колькасць такіх малышоў скарачаецца. Вельмі актуальнымі сталі і пытанні інклюзіўнай адукацыі.
Мінскі гарадскі цэнтр карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі каардынаваў работу па названым праекце не толькі ў сталіцы, ён забяспечваў трансляцыю назапашанага вопыту і ў іншыя рэгіёны Беларусі, стаў рэсурсным цэнтрам краіны па пытаннях аказання комплекснай дапамогі дзецям з АПФР ва ўзросце да трох гадоў.
— Яшчэ да пачатку праектнай дзейнасці намі было акрэслена кола праблем, вырашэнне якіх павінна стаць яе асноўным зместам, — расказала намеснік дырэктара цэнтра па вучэбна-выхаваўчай рабоце Яўгенія Сяргееўна Шымко. — Сутнасць аказання дапамогі дзецям ранняга ўзросту з АПФР у тым, што яна павінна быць комплекснай і мець на ўвазе зладжаную работу каманды спецыялістаў рознага профілю. Але не кожны цэнтр мае такую каманду, што ў сваю чаргу пагаршае якас ць адукацыйных паслуг, якія прадастаўляюцца дзецям. Другой праблемай, якая вызначыла змест праекта, стала павелічэнне колькасці дзяцей з рознымі псіхафізічнымі парушэннямі: функцый апорна-рухальнага апарату, аўтычнага спектра, слыху. Трэці важны кірунак нашай работы — кансультатыўная дапамога і суправаджэнне сем’яў у крызіснай сітуацыі з мэтай папярэджання адмаўлення ад дзяцей ранняга і дашкольнага ўзросту з АПФР. Такім чынам, адна з задач міжнароднага праекта — удасканаленне комплекснай сацыяльна-псіхалагічнай дапамогі сем’ям, якія сутыкнуліся з нараджэннем і выхаваннем дзяцей з цяжкімі і (ці) множнымі парушэннямі псіхафізічнага развіцця.
З ацэнкай эфектыўнасці рэалізаванага праекта і яго ўплыву на сістэму спецыяльнай адукацыі краіны выступіла начальнік аддзела спецыяльнай адукацыі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь Антаніна Міхайлаўна Змушко. Яна адзначыла, што ў краіне створана нарматыўная прававая база па ранняй комплекснай дапамозе, вядуцца навуковыя даследаванні па гэтай праблеме. Для кабінетаў ранняй комплекснай дапамогі цэнтраў карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі зацверджаны прыкладны пералік абсталявання. Колькасць такіх кабінетаў у цэнтрах павялічваецца. Так, калі ў 2008 годзе ў ЦКРНіР функцыянавалі 47 кабінетаў, у 2011 годзе — 110, то ў 2014 годзе — 117. Зараз ранняй комплекснай дапамогай ахоплена каля 1300 дзяцей, у 2010/2011 навучальным годзе — 1140 дзяцей.
У ходзе рэалізацыі праекта педагогі вывучалі вопыт замежных калег, прымалі ўд зел у круглых сталах, канферэнцыях, трэнінгах, семінарах, выязджалі з кансультацыямі ў сем’і. Яны павысілі сваю кваліфікацыю па шэрагу пытанняў. Падчас праектнай дзейнасці выдавалася метадычная літаратура, распрацоўваліся палажэнні аб службах ранняй комплекснай дапамогі і эргатэрапеўтычнай, псіхалагічнай дапамогі сем’ям у крызіснай сітуацыі.
Праект паспрыяў павышэнню ўзроўню жыцця дзяцей з парушэннямі ў развіцці ранняга і дашкольнага ўзросту. Падчас яго рэалізацыі былі вызначаны кірункі для далейшых даследаванняў, для новых праектаў. У прыватнасці, была выяўлена неабходнасць больш глыбокай распрацоўкі пытанняў, звязаных з метадычным суправаджэннем адукацыйнага працэсу дзяцей з аўтызмам.
Атрыманыя матэрыялы будуць карыснымі для ўсіх устаноў спецыяльнай адукацыі, дзе вучацца асобы з цяжкімі і (ці) множнымі парушэннямі ў развіцці, з парушэннем слыху, кампенсаванымі кахлеарнымі імплантатамі, з аўтычнымі парушэннямі, а таксама ва ўстановах адукацыі, дзе атрымліваюць адукацыю і (або) павышаюць кваліфікацыю педагогі спецыяльнай адукацыі.

На аснове міжведамаснага ўзаемадзеяння

Па рашэнні Брэсцкага аблвыканкама, ва ўсіх ЦКРНіР вобласці адкрыты і абсталяваны кабінеты ранняй комплекснай дапамогі — усяго 21 кабінет. Аб функцыянаванні міжведамаснай мадэлі аказання комплекснай псіхолага-медыка-педагагічнай дапамогі дзецям ранняга ўзросту з цяжкімі і (ці) множнымі парушэннямі развіцця ў Брэсцкай вобласці расказала дырэктар абласнога ЦКРНіР Таццяна Васільеўна Жук:
— Сістэма ранняга выяўлення дзяцей з АПФР і аказанне ім комплекснай дапамогі ажыццяўляецца ў нашым рэгіёне на аснове міжведамаснага ўзаемадзеяння ўстаноў аховы здароўя і адукацыі. Пры рэалізацыі такой мадэлі звёнамі паміж гэтымі ўстановамі з’яўляюцца ЦКРНіР. Базавыя ўстановы — Абласны цэнтр медыцынскай рэабілітацыі “Тонус” і абласны ЦКРНіР. Комплексная рэабілітацыя дзяцей арганізоўваецца ў тры этапы. Першы — перыяд нованароджанасці (ад 0 да 1 месяца): калі ў радзільным доме выяўляюцца дзеці групы рызыкі па неўралагічных захворваннях, яны змяшчаюцца ў аддзяленні выходжвання нованароджаных, а пасля выпіскі мамы іх ставяць на асобны ўлік у дзіцячых паліклініках. На працягу другога этапу (ад 1 месяца да 1 года) адбываецца рэабілітацыя арганічнага паражэння галаўнога мозга (на ранняй стадыі праяўлення) і затрымкі псіхаматорнага развіцця. Дзеці накіроўваюцца ўрачом-неўролагам дзіцячай паліклінікі ў псіханеўралагічныя аддзяленні дзіцячых бальніц, спецыялізаваныя цэнтры медыцынскай рэабілітацыі для дзяцей з псіханеўралагічнымі захворваннямі, у ЦКРНіР. Трэці этап (ад 1 да 3 гадоў) прадугледжвае рэабілітацыю дзяцей з ДЦП на ранняй стадыі. У гэтым выпадку да вышэйзгаданых спецыялізаваных устаноў падключаюцца рэабілітацыйныя цэнтры сістэмы Міністэрства працы і сацыяльнай абароны. Зараз усе ЦКРНіР Брэсцкай вобласці супрацоўнічаюць па розных кірунках з установамі аховы здароўя. З 2008 па 2014 год на базе АЦМР “Тонус” прайшлі стажыроўку і навучанне 45 педагагічных і 21 медыцынскі работнік ЦКРНіР.
Эфектыўнасць дапамогі, якая аказваецца дзецям ранняга ўзросту ва ўмовах ЦКРНіР, узрастае. У многіх дзяцей у канцы навучальнага года выпраўляюцца парушэнні, частка малышоў пасля дасягнення 3-гадовага ўзросту пераходзіць у звычайныя групы дзіцячых дашкольных устаноў.

“Новыя” праблемы і кірункі развіцця

Кахлеарная імплантацыя — эфектыўны метад слыхамаўленчай рэабілітацыі дзяцей і дарослых, які актыўна развіваецца ў нашай краіне пры падтрымцы з бюджэту. Аб гэтым расказала настаўнік-дэфектолаг Мінскага гарадскога ЦКРНіР Антаніна Уладзіміраўна Судзілоўская. Доказам гэтага служыць павелічэнне колькасці аперацый у РНПЦ оталарынгалогіі (з 2000 года), а таксама ў Гродзенскім цэнтры паталогіі слыху і маўлення (з 2008 года). З 2000 па 2007 год прааперыраваны 10 пацыентаў, з 2007 па 2008 год кахлеарныя імплантаты атрымалі яшчэ 42 чалавекі, колькасць такіх рэцыпіентаў за апошнія гады павялічылася да 700.
Як прыклад цяжкасцей, з якімі сутыкаюцца спецыялісты ў працэсе работы, названы адсутнасць праграмы па навучанні і выхаванні дзяцей з КІ, адсутнасць або недахоп метадычных рэкамендацый па змесце, арганізацыі і планаванні карэкцыйна-развіццёвай работы з дзецьмі з КІ, недастатковы практычны вопыт у саміх спецыялістаў, у выніку чаго могуць узнікаць цяжкасці пры ўстанаўленні кантактаў з дзецьмі з КІ.
Як бацькі, так і педагогі не ў поўнай меры інфармаваны аб заканамернасцях і асаблівасцях перадаперацыйнай і пасляаперацыйнай рэабілітацыі дзяцей. Педагогі іншы раз аказваюцца сам-насам з праблемамі дыягностыкі, вызначэння адукацыйнага маршруту дзяцей з кахлеарнымі імплантатамі, не заўсёды валодаюць спецыфікай дыферэнцыраванага падыходу да навучання такіх дзяцей і складання алгарытму іх узаемадзеяння са спецыялістамі сумежных сфер (з сурдолагамі, аўдыёлагамі, псіхолагамі і інш.). У бацькоў іншы раз адсутнічае дакладная інфармацыя аб тым, як арганізоўваць развіццёвае асяроддзе дзяцей, як асаблівым чынам фарміраваць іх камунікатыўныя ўменні,слыхавое ўспрыманне і г.д.
Вынікам даследчай, практычнай і асветніцкай работы ў рамках праектнай дзейнасці стала выданне практыка-арыентаваных брашур, тэзісаў, метадычных дапаможнікаў як для спецыялістаў, якія суправаджаюць дзяцей з кахлеарнымі імплантатамі, так і для бацькоў.
І адзін з самых пазітыўных момантаў — адкрыццё ў сталіцы з 2010 па 2013 год, дзякуючы супрацоўніцтву Мінскага гарадскога ЦКРНіР і камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама, сямі груп інтэграванага выхавання і навучання для дзяцей, якія перанеслі КІ і суправаджаюцца сурдапедагогамі.
— У нашай краіне толькі пачынае развівацца сістэма дапамогі дзецям з парушэннямі аўтычнага спектра. Праблемы гэтай сферы яшчэ недастаткова вывучаны, многія пытанні ў ёй застаюцца адкрытымі, што не садзейнічае працэсам належнага навучання, выхавання і карэкцыі такіх дзяцей, — адзначыла настаўнік-дэфектолаг Мінскага гарадскога ЦКРНіР Ірына Аляксандраўна Радзівонава. — Адна з іх звязана з тым, што гэтая катэгорыя людзей у нарматыўнай прававой базе не выдзелена ў асобную назалагічную групу і, адпаведна, статус дзяцей з расстройствамі аўтычнага спектра (далей — дзяцей з РАС) у Кодэксе аб адукацыі не замацаваны. А без адпаведнай заканадаўчай падтрымкі немагчыма аказваць ім спецыялізаваную дапамогу. Выкарыстанне ж нарматываў, якія існуюць для іншых катэгорый асоб з АПФР, неэфектыўнае і нярэдка можа негатыўна адбіцца на развіцці і стане здароўя дзяцей з аўтызмам.
Але канцэпцыя комплекснай спецыялізаванай дапамогі аўтычным дзецям і іх сем’ям распрацоўваецца. У краіне на розных ступенях адукацыі як структурныя падраздзяленні адкрываюцца рэсурсныя цэнтры для дзяцей з РАС (усяго створана 7 цэнтраў, 3 з іх — у Мінску). З верасня 2013 года такі цэнтр функцыянуе на базе Мінскага гарадскога ЦКРНіР. Вызначаны апорныя ўстановы адукацыі па рабоце з аўтычнымі дзецьмі (у кожным раёне горада — школа і сад). У 2014/2015 навучальным годзе ў Мінску адкрыта 6 класаў інтэграванага навучання і выхавання, у якіх вучыцца 19 дзяцей з РАС. У класах для іх суправаджэння ёсць памочнікі выхавальніка (у штатны расклад уведзены дадатковыя стаўкі). Аднак, трэба адзначыць, гэтыя работнікі пакуль падрыхтаваны слаба. У 2012 годзе быў падпісаны дагавор аб супрацоўніцтве паміж Мінскім гарадскім ЦКРНіР і МДГА “Дзеці. Аўтызм. Бацькі”. Распрацаваны і праведзены серыі вучэбных трэнінгаў па павышэнні кампетэнтнасці бацькоў у пытаннях выхавання дзяцей з аўтызмам.
Падчас круглага стала абмяркоўвалася шмат праблем, якія патрабуюць прыняцця канкрэтных мер. Сярод іх — невысокі ўзровень інфармаванасці спецыялістаў і бацькоў аб ранніх праяўленнях аўтызму ў дзяцей (праблема дыягностыкі); адсутнасць спецыялістаў па адпаведным профілі, якія ажыццяўлялі б дыягнастычную і карэкцыйную работу; нізкі ўзровень спецыялізаванай псіхалагічнай дапамогі сем’ям, якія выхоўваюць дзяцей з РАС; адсутнасць сістэмнасці і комплекснасці пры аказанні такой дапамогі; складанасць і разнастайнасць клінічных праяўленняў аўтызму; павелічэнне колькасці дзяцей з аўтычнымі расстройствамі.
На працягу трох гадоў спецыяліст па інклюзіўнай адукацыі Прадстаўніцтва міжнароднага дзіцячага фонду ў Рэспубліцы Беларусь Ірына Пятроўна Куксік рэалізоўвала праектны кірунак “Эргатэрапія” на базе Мінскага гарадскога ЦКРНіР, дзе створаны рэсурсны цэнтр дапаможных сродкаў і эргатэрапеўтычная служба.
Для вучэбнага курса па эргатэрапіі напісана праграма, заснаваная на адпаведных міжнародных праграмах навучання гэтай спецыяльнасці. Слухачамі адукацыйнага курса ўжо сталі 11 прадстаўнікоў абласных ЦКРНіР, а таксама Слуцкага ЦКРНіР і ЦКРНіР Маскоўскага раёна Мінска, Асіповіцкай школы-інтэрната для дзяцей з парушэннямі апорна-рухальнага апарату, Івянецкага дома-інтэрната для дзяцей-інвалідаў, Рэчыцкай школы-інтэрната для дзяцей-інвалідаў, Рэспубліканскага рэабілітацыйнага цэнтра. Установы з’яўляліся эксперыментальнымі пляцоўкамі для апрабацыі сістэмы аказання дапамогі дзецям з цяжкімі множнымі парушэннямі, якая ўключала і новыя паслугі: эргатэрапеўтычныя службы і пункты пракату дапаможных сродкаў. Для слухачоў курса была праведзена стажыроўка.
Сярод набалелых праблем — дэфіцыт спецыялістаў з эргатэрапеўтычнай падрыхтоўкай. Непакоіць і рост колькасці зваротаў бацькоў і спецыялістаў з іншых рэгіёнаў краіны за кансультатыўнай дапамогай па пытаннях выкарыстання і адаптацыі дапаможных сродкаў і прыстасаванняў пры рабоце з дзецьмі, якія маюць цяжкія і (ці) множныя парушэнні псіхафізічнага развіцця.
Мэтазгодна стварыць рэгіянальныя рэсурсныя цэнтры, якія вучылі б гэтаму, арганізаваць на месцах работу эргатэрапеўтычных кансультатыўных службаў і заканадаўча замацаваць прапановы аб абавязковым прадастаўленні паслуг эргатэрапеўта ва ўмовах ЦКРНіР і іншых устаноў адукацыі ва ўсіх рэгіёнах краіны.

Надзея ЦЕРАХАВА.