У сярэдняй школе № 1 г. Астраўца на асенніх канікулах працаваў аздараўленчы лагер з дзённым знаходжаннем “Сонейка”. Дзеці вельмі любяць мультфільм “Маша і мядзведзь”, таму змену вырашылі назваць “Асенні экспрэс з Машай”.
Нашы дзеці, як і Маша, — маленькія непаседы, але хочуць даведацца нешта новае і цікавае. Ну а мы, выхавальнікі, як Мядзведзь, дасведчаныя і маем магчымасць падзяліцца ведамі.
Кожны дзень быў прысвечаны нейкай серыі мультфільма. Так, 30 кастрычніка прайшоў пад дэвізам “Эх, пракачу”. У гэтай серыі ваўкі вырашылі стаць таксістамі, а Маша паспрабавала ім у гэтым дапамагчы. Мы ж пачалі дзень з гульні “Мы шафёры — проста клас”, пасля чаго наведалі дзіцячы аздараўленчы лагер “Ластаўка”, дзе чакала забаўляльная праграма. Дзеці змаглі пакатацца на коніку, патанчыць і паўдзельнічаць у конкурсах і бяспройгрышнай латарэі.
1 лістапада дзень прайшоў пад дэвізам “На прывале”. Мішка, як самы сапраўдны знаўца прыгажосці, вырашыў зладзіць паход для Машы і Панды па самых маляўнічых месцах. Так і мы гэтым днём адправіліся ў займальнае падарожжа па нашым слаўным горадзе Астраўцы. Асноўнай станцыяй падарожжа стаў востраў кахання і скульптурная кампазіцыя ласосю, адкрытая да юбілею горада.
Дэвізам 5 лістапада стала серыя “Героямі не нараджаюцца”. Так, Маша ў гэтай серыі вырашыла прымераць на сябе ролю супергероя. Мы ж вырашылі сустрэцца з сапраўднымі героямі і запрасілі да сябе ў госці супрацоўнікаў РАНС. Яны распавялі дзецям, як правільна сябе паводзіць на лёдзе, што рабіць у экстранных сітуацыях. Не абышлася сустрэча без цікавых конкурсаў і падарункаў. Хлопчыкі і дзяўчынкі атрымалі налепкі і закладкі з сімволікай РАНС.
Змена атрымалася займальная і пазнавальная. Мы, як і Маша, змаглі знайсці новых сяброў, прымераць новыя ролі і проста выдатна правесці час.
Алена КУЦЬКО,
настаўніца англійскай мовы сярэдняй школы № 1 Астраўца.