Асенні маршрут па малой радзіме

Радзіма — гэта краіна, горад, вёска, вуліца, дарога, якая вядзе да любімых мясцін… “Адшукаць малую радзіму лёгка. Трэба толькі адчыніць дзверы, выйсці на вуліцу. Усё, што ўбачыш навокал, — гэта яна, твая малая радзіма. Твая рэчка. Тваё поле. І твой лёс. Твая школа. Твая першая настаўніца… І яшчэ шмат, шмат чаго”, — пісаў краязнавец Анатоль Бензярук у сваёй кнізе “Свята для сэрца”.

Адной з восеньскіх субот вучні нашай школы выправіліся ў завочнае падарожжа, прысвечанае Году малой радзімы. Зладзілі конкурс, на які былі прадстаўлены творчыя работы “Восень на малой радзіме”, “Восеньскі настрой”, “Мая родная вуліца” і інш. Любоў да малой радзімы не перадаць словамі, але мы ўсё ж такі паспрабавалі гэта зрабіць, праклаўшы маршрут ад сталіцы Беларусі да Брэсцкай вобласці, Піншчыны, роднай і непаўторнай вёскі Бобрык. Гучала шмат вершаў і песень, прасякнутых шчырай любоўю да малой радзімы.

Падводзячы вынікі конкурсу, дырэктар школы Л.З.Коян адзначыла, што любіць родны край — не абавязак, а ўнутраная патрэба кожнага. Найбольш адметным стала выступленне пяцікласніка Мікіты Ненадаўца з нумарам “Восень на малой радзіме”: хлопчык адмыслова расказаў пра родную вёску Дабраслаўку.

Ала КРЫВЕЦКАЯ,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце
Бабрыкоўскай сярэдняй школы Пінскага раёна.