Асеннія падарожжы

Падчас асенніх канікул у сярэдняй школе № 1 Камянца прайшлі пазнавальныя экскурсіі.

Далучаючыся да Года малой радзімы, Вольга Мікалаеўна Цандо разам са сваімі выхаванцамі з 5 “Б” класа здзейніла цікавы квэст. А навучэнцы 3-х класаў разам з педагогамі пабывалі на тэрыторыі Музея чыгуначнай тэхнікі Брэста. Дзеці апынуліся ў XIX стагоддзі і ўбачылі тэхніку розных краін, дзе кожны з паравозаў мае сваю назву і неверагодную гісторыю. Яшчэ большае ўражанне дзеці атрымалі, калі трапілі ў Брэсцкую крэпасць, у новы музей пад назвай “Музей вайны — тэрыторыя міру”, які пачаў сваю дзейнасць 22 чэрвеня 2014 года. Мультымедыйныя прыстасаванні выканалі ролю моста паміж мінулым і сучасным, і толькі голас экскурсавода вяртаў назад, у рэчаіснасць… Вучні 5 “А” і 9 “А” класаў пабывалі на інтэрактыўнай выстаўцы робатаў пад назвай “Робапарк” у Брэсце. Некаторыя пасля выстаўкі захацелі набыць маленькіх робатаў, якія найбольш уразілі сваёй непасрэднасцю. У эпоху Сярэднявечча трапілі выхаванцы 4—7 класаў. Спачатку перад юнымі адкрывальнікамі разгарнулася панарама замка, а крыху пазней з’явілася кабета ў вопратцы Сярэднявечча. Гэта была экскурсавод, якая пазнаёміла з гісторыяй Лідскага замка. Развітаўшыся з замкам, дзеці пабывалі яшчэ і ў Бярозаўцы — на заводзе “Нёман”, дзе захаваліся традыцыі ручной працы па вырабу шкляных прадметаў мастацтва. Таксама наведалі Музей шкляных вырабаў, даведаліся, з чаго і як робяць рознае шкло.

Марына ВЛАСЮК,
настаўніца мастацтва сярэдняй школы № 1 Камянца.