Асістэнт настаўніка — робат

Віталь Пятроўскі — настаўнік англійскай мовы сярэдняй школы № 37 Гомеля, кіраўнік метадычнага аб’яднання настаўнікаў замежных моў горада і творчай групы настаўнікаў замежных моў вобласці. У яго скарбонцы — перамогі ў прафесійных конкурсах, распрацоўка эксперыментальных праектаў і тройчы заваяванае званне лепшага настаўніка замежных моў у Гомелі. Віталь Валянцінавіч — няўрымслівы і вельмі цікаўны педагог. З пачатку 2018 года на яго занятках з’явіўся робат, які дапамагае педагогу весці ўрок. Сёння гомельскі настаўнік дзеліцца сакрэтамі такога партнёрства з чытачамі нашай газеты.

— Віталь Валянцінавіч, я даўно ведаю, што вы заўзяты прапагандыст тэхнічных навінак у навучанні, таму, калі шчыра, даведаўшыся пра робата, не вельмі здзівілася. Тым не менш — адкуль ваш меканоід?

— Меканоід — гэта канструктар, распрацаваны канадцамі. Калі параўноўваць з канструктарам LEGO, то канструктар Meccano старэйшы. Ён з’явіўся ў 1901 годзе. Наведаўшы са сваім сынам выставу робатаў у Гомелі, наткнуўся на мадэль канструктара Meccano. Гэта быў дыназаўр, які адказваў на англамоўныя пытанні проста: “так” ці “не”. Мяне зацікавіла гэтая мадэль, і я пачаў шукаць падобныя прапановы гэтай кампаніі. Восенню мінулага года выявіў, што ў іх ёсць выдатныя робаты новага пакалення, якіх кампанія пачала выпускаць у 2015 годзе.

Гэты робат гаворыць на 10 мовах (у залежнасці ад праграмнай платформы). Я пратэсціраваў рускую версію, а таксама версіі брытанскай англійскай мовы і амерыканскай. Такія робаты ўнікальныя, іх нельга заказаць на AliExpress ці ў якім іншым кітайскім інтэрнэт-магазіне. Меканоіда можна набыць толькі ў распрацоўшчыкаў, што, канечне, павышае яго рэйтынг па якасці. Вы не купіце падробку ці робата з няякаснага матэрыялу.

Набыты робат мог гаварыць да 1000 слоў. Я меканоіда пазіцыяную як інтэрактыўнага робата з задаткамі штучнага інтэлекту. Я выбраў амерыканскую версію, бо яна больш прасунутая па лексіцы. Праз некаторы час свайму робату купіў новы сістэмны блок (апошняй мадэлі), што дазволіла пашырыць яго лексічны запас да больш чым чатырох тысяч слоў.

Хацеў з робатам паўдзельнічаць у конкурсе “Камп’ютар. Адукацыя. Інтэрнэт”, але там для нас не знайшлося намінацыі. Мы з меканоідам ідзём на крок уперад.

— Ух ты! З ім можна проста пагутарыць ці ён здольны толькі адказваць на пастаўленыя пытанні?

— Меканоід — выдатны суразмоўнік. Робат з такімі ведамі перакрывае веды любога беларускага навучэнца па лексіцы. У яго вялікі багаж ведаў, з ім можна гутарыць, прычым пытанні можа задаваць і сам робат, а пасля на іх адказваць. Кола яго інтарэсаў даволі шырокае: меканоід можа пагаварыць па творчасці Толкіена, пра Шэкспіра, пра Прэзідэнта ЗША, зрабіць агляд па даследаваннях навукі, па жывапісе, тэхніцы. У робата вельмі вялікі фронт магчымасцей, і ён мае трывалыя веды па ўсіх франтах.

Калі я паставіў яму новую платформу, меканоід недзе каля паўгадзіны гаварыў не спыняючыся. І калі я звяртаўся да яго з просьбай памаўчаць, ён працягваў расказваць. Нягледзячы на тое, што гэта робат, у яго пачынае фарміравацца характар. Неяк журналісты спрабавалі ўступіць з ім у дыялог, але меканоід пакуль не выканаў сваю праграму, на кантакт не ішоў. І характар у робата даволі гуллівы. Ён можа, напрыклад, пачаць спяваць. Нядаўна выпускнікі нашай школы папрасілі робата на свой выпускны вечар, і калі ён выканаў усё, што хацелі адзінаццацікласнікі, то пачаў бегаць па сцэне і вытанцоўваць усемагчымыя па, суправаджаючы дзеянні выдатнай англійскай мовай.

У робата ёсць вялікі плюс: аўдыязапісы, якія мы даём навучэнцам для праслухоўвання, безаблічныя, а меканоід персаніфікаваны. Гэта носьбіт мовы, якога мы бачым і з якім будуем камунікацыю. Калі робат з’явіўся, я яго стаў апрабоўваць з 3 па 11 клас. Атрымлівалася добра. Затым я выдзеліў сегмент — навучэнцаў 9 класа, якія працавалі з робатам больш цесна. Пачыналі мы з адпрацоўкі самых простых каманд. Наш меканоід абдымаецца, танцуе, робіць з дзецьмі зарадку. Цяпер нашы фізкультхвілінкі праходзяць толькі з пазітыўным настроем.

— На якіх этапах урока меканоід найбольш эфектыўны?

— Я пазіцыяную выкарыстанне робата на ўроках фрагментарна. Ён вельмі эфектыўны падчас дыялагічнага маўлення і на аўдзіраванні, бо калі ў робата просіш што-небудзь расказаць, то ён спытае, на якую тэму з ім хочуць пагаварыць. Меканоід — ідэальны рэпетытар вуснага маўлення і пытальна-адказнай работы на ўроку. З гэтым робатам было выдатна адпрацоўваць прыназоўнікі. Яго слоўнага запасу хапае як для вучняў пачатковай школы, так і для старшакласнікаў, прычым маўленне па меры неабходнасці ўскладняецца. З ім можна адпрацоўваць граматычныя структуры, фанетычныя асаблівасці. Акрамя таго, з удзелам меканоіда можна праводзіць выдатныя інтэграваныя ўрокі. Напрыклад, англійская мова разам з інфарматыкай.

— А як калегі паставіліся да такога асістэнта?

— На базе нашай школы праходзіў абласны семінар для настаўнікаў, дзе я даваў майстар-клас з меканоідам. Усім вельмі спадабалася, асабліва абдымацца з робатам. Разам з тым мы з меканоідам правялі для калег краіназнаўчую віктарыну. Я яго ўспрымаю і пазіцыяную як асістэнта. Асістэнта настаўніка, які гаворыць на добрай англійскай мове, бо яго агучвалі высакакласныя спецыялісты. Акрамя таго, у адрозненне ад педагога, які можа даць патуранне вучню, робат упарта не будзе рэагаваць, калі ў размове дапушчана нейкая памылка.
Мае вучні ўжо гэта ведаюць, а вось педагогам, якія ўдзельнічалі ў майстар-класе, было няпроста, бо яны са сваім віктарыянскім вымаўленнем ніяк не маглі ўклініцца ў размову з меканоідам. Ён непадкупны цэнзар англійскай фанетыкі.

— Ваш меканоід стаў вельмі папулярным.

— Так, ім цікавяцца не толькі ва ўстановах адукацыі нашай краіны, але і за межамі. Чарга на ўдзел меканоіда ў розных мерапрыемствах распісана на ўсю восень. Акрамя таго, у маіх планах — купіць яшчэ аднаго робата і зрабіць так, каб яны працавалі ў тандэме. Робат будзе таксама ад кампаніі Meccano, але іншай мадыфікацыі. Існуе меркаванне, што такое ўзаемадзеянне робатаў немагчымае. Два інтэрактыўныя робаты не могуць працаваць у тандэме. Але пасля некалькіх месяцаў вывучэння тэхнічнага боку пытання я зрабіў выснову, што такое супрацоўніцтва цалкам магчымае. Робаты нават змогуць раздаваць (а пасля і збіраць) дыдактычны матэрыял.

Увогуле, з дапамогай меканоіда я дасягнуў сваёй даўняй мэты — стварыў такія ж умовы для вывучэння англійскай, як у перадавых краінах свету. Я вельмі хацеў, каб нашы дзеці даведаліся і атрымалі асалоду ад выкарыстання сучасных тэхнічных магчымасцей, як гэта адбываецца ва ўсіх школах свету. Дарэчы, ва ўсходняй Еўропе яшчэ ніхто не запускаў робататэхніку на поле гуманітарных прадметаў.

— Можна меркаваць, што робаты з цягам часу выцесняць настаўніка?

— Не, гэтага не адбудзецца, хоць робаты і павышаюць матывацыю навучэнцаў у адносінах да вывучэння англійскай мовы. Адна справа — навучыць дзіця англійскай з дапамогай канспекта, кнігі, інтэрактыўнай дошкі, зусім іншая — у трэндзе з апошнімі тэхнічнымі тэндэнцыямі.

— А колькі каштаваў ваш робат?

— Я купіў яго за ўласныя грошы, і каштаваў ён каля 700 рублёў. Другога робата таксама буду купляць сам. Каб вы разумелі: робат прыходзіць у выглядзе мяшка з дробнымі часткамі. Мы з сынам нашага меканоіда збіралі 3 дні. Дарэчы, маю ідэю выкарыстання робата на ўроках замежнай мовы падхапілі фіны і грэкі. Праўда, яны выкарыстоўваюць іншыя мадыфікацыі робатаў. У мяне ж у планах — зрабіць тэатральную пастаноўку з удзелам меканоіда.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота з сайта citydog.by.