Асноўны наш рэсурс — кваліфікаваныя педагогі

Рэсурсны цэнтр па інтэграваным навучанні і выхаванні ў сярэдняй школе № 111 Мінска быў створаны ў 2013 годзе. А ў мінулым годзе па выніках маніторынгу ўстанову прызналі адной з лепшых у сталіцы ў кірунку спецыяльнай адукацыі. Кіраўнік цэнтра намеснік дырэктара школы па вучэбнай рабоце Валянціна Іванаўна Пашкевіч атрымала прэмію Мінгарвыканкама.

“Наша ўстанова была адкрыта ў 2006 годзе, у ёй адразу сталі вучыцца ў класах інтэграванага навучання і выхавання дзеці з АПФР, — расказала Валянціна Іванаўна Пашкевіч.— Сёння ў школе 7 інтэграваных класаў, у якіх атрымліваюць адукацыю 18 дзяцей з АПФР: з цяжкасцямі ў навучанні, з цяжкімі парушэннямі маўлення, з інтэлектуальнай недастатковасцю, якія вучацца па праграме дапаможнай школы (першага аддзялення), і 7 дзяцей з парушэннем функцыі апорна-рухальнага апарату. Нашы педагогі рэалізоўваюць некалькі праграм спецыяльнай адукацыі. За 10 гадоў ва ўстанове назапашаны сур’ёзны вопыт у дадзеным кірунку. З’явіліся таксама кваліфікаваныя кадры, належнае навукова-метадычнае забеспячэнне, інфармацыйныя рэсурсы, ёсць і адпаведная матэрыяльна-тэхнічная база”.

Ключ да паспяховай інтэграцыі дзяцей з асаблівасцямі — талерантнасць у адносінах да іх. Валянцінай Іванаўнай распрацаваны і паспяхова рэалізаваны рэспубліканскі інавацыйны праект па тэме “Укараненне мадэлі фарміравання талерантных адносін соцыуму школы да навучэнцаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця” (2010—2013 гады). Адным з вынікаў праекта стала стварэнне ў школе рэсурснага цэнтра. У выніку карпатлівай работы фактычна пераадолены інфармацыйны бар’ер у зносінах з дзецьмі з АПФР і сфарміраваны талерантныя адносіны, заснаваныя на ўзаемаразуменні. Пазітыўныя прапановы зыходзяць перш за ўсё ад адміністрацыі школы. А калі кіраўніцтва так настроена, то і педагогі будуць ствараць спрыяльную атмасферу ў класах незалежна ад асаблівасцей дзяцей. І на ўроку ўсе вучні будуць працаваць зладжана, як адна каманда, з поўнай адказнасцю за справу, якую робяць. І імідж школы, дзе ёсць класы інтэграванага навучання і выхавання, будзе станоўчым.

У школе пераадолены не толькі псіхалагічныя, але і фізічныя бар’еры: створана безбар’ернае асяроддзе (ёсць пандусы, ліфт, туалетныя пакоі са спецыяльнымі поручнямі). Абсталяваны 3 кабінеты настаўніка-дэфектолага, сенсорны пакой. Вучэбныя кабінеты аснашчаны аднамеснымі вучнёўскімі сталамі, крэсламі, вышыня якіх рэгулюецца, сталамі-канторкамі з нахіленым векам і рэгулятарам вышыні, прыборамі для забеспячэння вучэбнай дзейнасці навучэнцаў з парушэннямі апорна-рухальнага апарту. У сенсорны пакой набыты мяккія модулі, мячыкі, батут, шарыкавы басейн. Трэнажоры, зробленыя вучнямі на факультатыўных занятках “Мадэляванне малых форм інтэр’ера”, прадстаўлены ў гэтым годзе на Рэспубліканскі конкурс “100 ідэй для Беларусі”. Яны прызначаны для развіцця ў дзяцей рухаў па рознай траекторыі, для развіцця лагічнага мыслення, памяці, уяўлення. У школе абсталяваны таксама куток для правядзення заняткаў па адаптыўнай фізічнай культуры.

“Мы гатовы сёння распаўсюджваць эфектыўны педагагічны вопыт, накіраваны на рашэнне прыярытэтных задач інтэграванага навучання і выхавання, — гаворыць Валянціна Іванаўна. — З гэтай мэтай і стварылі рэсурсны цэнтр. Калі вызначалі, якім ён будзе, вырашылі, што цэнтр — гэта не асобнае памяшканне з добрым тэхнічным аснашчэннем, а перш за ўсё гэта комплекс мер, мерапрыемстваў, накіраваных на арганізацыю інтэграванага навучання і выхавання. Асноўны рэсурс нашага цэнтра — кваліфікаваныя педагогі. У склад творчай групы ўстановы ўваходзяць 18 педагагічных работнікаў. Гэта настаўнікі асноўнага класа, настаўнікі-дэфектолагі, настаўнікі-прадметнікі, педагог-псіхолаг, сацыяльны педагог, а таксама кіраўніцтва школы. Удзельнікі творчай групы пастаянна павышаюць свой прафесійны ўзровень, прымаюць удзел у круглых сталах, семінарах, вэбінарах, майстар-класах, у рэалізацыі інавацыйных праектаў, рэспубліканскіх педагагічных чытаннях, падрыхтоўцы школьнага метадычнага выдання “Педагагічны веснік”, інфармацыйных кампаніях. У нашай школе праводзіліся метадычныя мерапрыемствы ў рамках праекта INOVEST Tempus. У перыяд з 2013 па 2015 год членам творчай групы рэсурснага цэнтра ўручаны гранты Мінгарвыканкама. Настаўнікі-прадметнікі (фізікі, хіміі, беларускай мовы) атрымалі спецыяльную адукацыю. Я таксама прайшла перападрыхтоўку з прысваеннем кваліфікацыі “настаўнік-дэфектолаг”.

Асноўнымі кірункамі дзейнасці рэсурснага цэнтра сталі:

1. Выкарыстанне інфармацыйных камунікацыйных тэхналогій пры навучанні дзяцей з АПФР. Для школы былі набыты камп’ютары, ноўтбукі, каляровыя прынтары, IP-камеры, планшэты. Усталяваны доступ у сетку інтэрнэт у кожным вучэбным кабінеце. Настаўнікамі пачатковых класаў і настаўнікамі-прадметнікамі распрацаваны вучэбныя матэрыялы для індывідуальнай работы з навучэнцамі з АПФР, створана блогасфера настаўнікаў класаў інтэграванага навучання і выхавання. З дзецьмі, якія вучацца дома, практыкуецца правядзенне заняткаў з выкарыстаннем праграмы Skype, электроннай пошты, воблачных тэхналогій. Настаўнікі пачатковых класаў Інга Пятроўна Ціханавецкая і Людміла Аляксееўна Вароніна атрымалі ў 2014 годзе грант Мінгарвыканкама па тэме “Сеткавае ўзаемадзеянне як аснова фарміравання самаадукацыйнай кампетэнцыі навучэнцаў на І ступені агульнай сярэдняй адукацыі”, што таксама садзейнічае рабоце творчай групы рэсурснага цэнтра.

2. Выкарыстанне элементаў LEGO-канструявання ў адукацыйным працэсе. Ва ўстанове створаны LEGO-цэнтр. У кожнай паралелі пачатковых класаў ёсць педагогі, якія працуюць у класах інтэграванага навучання і выхавання. Яны выкарыстоўваюць канструктар LEGO для развіцця пазнавальнай актыўнасці, дробнай маторыкі навучэнцаў з АПФР. Некаторыя настаўнікі актыўна дзеляцца набытым у гэтым кірунку вопытам. У іх ліку — Святлана Паўлаўна Барауля, Інга Пятроўна Ціханавецкая. Паколькі намеснік дырэктара 111-й школы Валянціна Іванаўна Пашкевіч з’яўляецца кіраўніком метадычнага аб’яднання намеснікаў дырэктараў па вучэбнай рабоце Ленінскага раёна Мінска, якія курыруюць класы інтэграванага навучання і выхавання, дадзены вопыт трансліруецца і на гэтым узроўні.

3. Арганізацыя навучальных заняткаў у рэжыме анлайн на II ступені агульнай сярэдняй адукацыі. У вучняў з’явілася магчымасць у выпадку іх адсутнасці ў школе (напрыклад, па прычыне праходжання рэабілітацыі, доўгай хваробы) удзельнічаць у працэсе навучання, падключацца да IP-камер і атрымліваць трансляцыю ўрокаў у рэжыме анлайн.

4. Распрацоўка мадэлі аказання сацыяльна-педагагічнай падтрымкі і псіхалагічнай дапамогі вучням з АПФР. На кожнага навучэнца заведзены карты, у якіх адлюстравана работа па яго індывідуальным адукацыйным маршруце.

Штомесяц на базе школы арганізоўваюцца і праводзяцца вучэбныя семінары, семінары-практыкумы (32 рэспубліканскіх і 8 гарадскіх), майстар-класы па павышэнні кваліфікацыі спецыялістаў, якія працуюць у інтэграваных класах. Кіраўнікі агульнаадукацыйных устаноў запрашаюць спецыялістаў сярэдняй школы № 111 з мэтай даведацца аб іх вопыце работы. Запатрабавана разнастайная тэматыка: па пытаннях арганізацыі работы з вучнямі класаў інтэграванага навучання і выхавання, а таксама інклюзіўнай адукацыі, арганізацыі інавацыйнай дзейнасці ва ўстановах, віртуальных зносін з дапамогай блогакласа (сеткавага ўзаемадзеяння), выкарыстання элементаў LEGO-канструявання на ўроках матэматыкі пры рабоце з дзецьмі з АПФР.

Адным з новых кірункаў дзейнасці цэнтра з’яўляецца арганізацыя сеткавага ўзаемадзеяння пры правядзенні кансультавання. Кансультацыі для кіраўнікоў школьных метадычных аб’яднанняў Ленінскага раёна, педагогаў раёна і горада праводзяцца па наступных тэмах: нарматыўнае прававое забеспячэнне спецыяльнай адукацыі ва ўстановах адукацыі, выкарыстанне ІКТ у працэсе навучання, на карэкцыйных занятках, работа з бацькамі, арганізацыя адаптыўнага адукацыйнага асяроддзя і інш. У рамках дзейнасці цэнтра наладжана супрацоўніцтва з МГІРА, АПА, Інстытутам інклюзіўнай адукацыі БДПУ імя Максіма Танка, Мінскім гарадскім ЦКРНіР у рамках гарадскога метадычнага аб’яднання настаўнікаў-дэфектолагаў.

Школа рэалізоўвае зараз праект “Укараненне мадэлі фарміравання спецыяльных прафесійных кампетэнцый пры рабоце з дзецьмі з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця ў педагагічных работнікаў з дапамогай сеткавага ўзаемадзеяння ўстаноў адукацыі” (2014—2017 гады).

Да наступнага навучальнага года ва ўстанове будзе абсталяваны асобны кабінет па адаптыўнай фізічнай культуры для заняткаў з дзецьмі з парушэннем функцыі апорна-рухальнага апарату. Усе неабходныя матэрыялы, трэнажоры ўжо закуплены. Праводзіць заняткі з вучнямі будзе настаўніца адаптыўнай фізічнай культуры Наталля Уладзіміраўна Чырыца. Для кожнага выхаванца яна распрацоўвае індывідуальны вучэбны план і праграму.

Уся інфармацыя аб дзейнасці рэсурснага цэнтра размешчана на афіцыйным сайце сярэдняй школы № 111 Мінска і на асабістым сайце намесніка дырэктара гэтай установы В.І.Пашкевіч. Праз сайт можна атрымаць кансультацыю спецыялістаў, прыняць удзел у прафесійных дыскусіях, адшукаць неабходныя матэрыялы, якія знаходзяцца ў электронным партфоліа цэнтра і медыятэцы, дзе прадстаўлены раздзелы па спецыяльнай адукацыі з рэкамендацыямі па падборы метадычнай літаратуры, вучэбных праграм і вучэбных дапаможнікаў у электронным варыянце, з асабістымі напрацоўкамі педагогаў школы, камп’ютарнымі гульнямі, з картатэкай часопісных артыкулаў па спецыяльнай адукацыі.

Надзея ЦЕРАХАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *