Асноўная прычына траўматызму, пажараў і іншых здарэнняў — гэта адсутнасць дысцыпліны і парадку на вытворчасці

Міністэрства працы і сацыяльнай абароны падрыхтавала комплекс дадатковых мер па захаванні бяспечных умоў працы. Аб гэтым ішла размова на пасяджэнні Прэзідыума Саўміна, дзе разглядалася праблема вытворчага траўматызму з цяжкімі наступствамі і захаванне пажарнай і прамысловай бяспекі ў арганізацыях.

“Дзяржаўнымі органамі і арганізацыямі павінны быць выпрацаваны дзейсныя меры, якія даюць магчымасць забяспечыць безумоўнае выкананне па­трабаванняў па ахове працы з прымяненнем строгіх мер адказнасці. У адпаведнасці з даручэннем кіраўніка дзяржавы, Мінпрацы і сацабароны падрыхтаваны комплекс дадатковых мер па захаванні бяспечных умоў працы”, — адзначыў прэм’ер-міністр Сяргей Румас.

Прапанаваныя новаўвядзенні прадставіла міністр працы і сацыяльнай абароны Ірына Касцевіч. “Галоўны напрамак — скарачэнне ручной працы. Будзем таксама прапаноўваць механізмы эканамічнай зацікаўленасці работадаўца — гэта перш за ўсё ўдасканаленне сістэмы абавязковага страхавання ад няшчасных выпадкаў на вытворчасці. На наш погляд, трэба паглядзець на ўзмацненне дыферэнцыяцыі страхавых тарыфаў у залежнасці ад ступені прафесійных рызык”, — сказала Ірына Касцевіч.

Сярод прапаноў — скарэкціра­ваць механізмы льгот і надбавак да страхавых тарыфаў, перагледзець страхавыя выплаты пры атрыманні траўм на вытворчасці, калі пацярпелы быў у стане алкагольнага ап’янення. “Прапануем разгледзець магчымасць не ажыццяўляць страхавых выплат, калі чалавек атрымаў траўму або загінуў па прычыне таго, што знаходзіўся ў алкагольным ап’яненні”, — дадала міністр.

Паводле яе ацэнкі, найбольш прафесійныя рызыкі з пункту гледжання траўматызму ў горназдабываючай галіне, сферах будаўніцтва, транспарту, у сельскай гаспадарцы і лясным сектары.

Прычынай падрыхтоўкі дадатковых мер для бяспечных умоў працы стала негатыўная тэндэнцыя росту ўзроўню вытворчага траўматызму. Так, у 2018 годзе ў параўнанні з 2017 годам істотна вырасла колькасць работнікаў, якія загінулі або траўміраваны на вытворчасці (загінуўшых — на 29 чалавек, цяжка траўміраваных — на 107 чалавек, тых, хто атрымаў іншыя траўмы, — на 195 чалавек).

Сяргей Румас таксама звярнуў увагу на сітуацыю ў галіне пажарнай бяспекі. У параўнанні з 2017 годам колькасць пажараў на аб’ектах арганізацый павялічылася больш як на 40 працэнтаў (з 383 да 542). Рост адзначаецца як у суб’ектаў гаспадарання ўсіх форм уласнасці, так і ў жылым сектары.

Акрамя таго, павялічылася коль­касць надзвычайных здарэнняў на небяспечных вытворчых і патэнцыяльна небяспечных аб’ектах, у якіх не апошнюю ролю адыграў знос абсталявання і выпрацоўка яго рэсурсу. У час наглядных мерапрыем­стваў выяўляюцца прамыя парушэнні заканадаўства, якое рэгламентуе пытанні пажарнай і прамысловай бяспекі.

“Мяркуючы па матэрыялах, прадстаўленых да пасяджэння, асноўная прычына траўматызму, пажараў і іншых здарэнняў — гэта адсутнасць дысцыпліны і парадку на вытворчасці. Вырашаючы задачы эканамічнага характару, асобныя кіраўнікі і адказныя службовыя асобы прадпрыемстваў упускаюць значна больш важныя пытанні — захаванне жыцця і здароўя работнікаў”, — адзначыў прэм’ер-міністр.