Асноўная ўвага — кадравым рэсурсам

Сённа наша суботняя планёрка праходзіць у Магілёве, і наш суразмоўнік — начальнік аддзела па адукацыі адміністрацыі Ленінскага раёна Магілёва Аляксандр Фёдаравіч ЛЮБЯНКОЎ, які дзеліцца вынікамі мінулага навучальнага года і перспектывамі новага.

— Аляксандр Фёдаравіч, з якімі паказчыкамі сістэма адукацыі Ленінскага раёна Магілёва ўступіла ў новы навучальны год?

— У раёне пражывае каля 35 тысяч дзяцей ва ўзросце да 18 гадоў. Функцыянуюць 118 устаноў адукацыі розных узроўняў, форм уласнасці і ведамаснай прыналежнасці, 80 (21 — агульнай сярэдняй, 56 — дашкольнай і 3 — дадатковай адукацыі) з якіх з’яўляюцца падведамнымі аддзелу па адукацыі. Ва ўстановах адукацыі раёна працуюць больш за 5 тысяч чалавек. Кадравы склад педагогаў — 2900 чалавек, з іх каля 90% маюць вышэйшую адукацыю, 72% — вышэйшую і першую кваліфікацыйную катэгорыю, 3 педагогі — кваліфікацыйную катэгорыю “настаўнік-метадыст”.

Па выніках 2017/2018 навучальнага года 80% школьнікаў мелі высокі і дастатковы (7—10 балаў) узроўвень ведаў, у тым ліку высокі ўзровень (9—10 балаў) — 25% навучэнцаў. У 2018 годзе кожны трэці выпускнік сярэдняй школы меў сярэдні бал атэстата 8,5 і вышэйшы. Гэтаму спрыяла ў тым ліку арганізацыя профільнага навучання на старшай ступені ў 19 школах раёна.

Атэстаты асобага ўзору з узнагароджаннем залатым або сярэбраным медалём у 2018 годзе атрымалі 40 выпускнікоў. Вынікам сістэмнай мэтанакіраванай работы па развіцці індывідуальных здольнасцей школьнікаў стаў іх паспяховы ўдзел у алімпіядным руху, розных конкурсах. У 2018 годзе на заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах прадстаўнікамі раёна заваявана 12 дыпломаў, на трэцім (абласным) этапе — 53 дыпломы.

У мэтах арганізацыі змястоўнага і цікавага вольнага часу дзяцей і падлеткаў у трох установах дадатковай адукацыі працуюць больш за 150 аб’яднанняў па інтарэсах з ахопам больш за 4,5 тысячы навучэнцаў, 111 аб’яднанняў па інтарэсах функцыянуюць у выхадныя дні.

Акрамя таго, арганізавана работа 15 раённых клубаў, якія аб’ядноўваюць каля 400 навучэнцаў. Установы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі функцыянуюць як адкрытыя адукацыйныя сістэмы ў сацыякультурнай прасторы раёна і шырока ўзаемадзейнічаюць з установамі культуры, аховы здароўя, спорту, праваахоўнымі органамі, іншымі ўстановамі адукацыі, бацькамі і грамадскасцю.

— Што цікавага ва ўстановах адукацыі раёна было арганізавана на летніх канікулах?

— На базе ўстаноў адукацыі ў летні перыяд працавалі розныя профільныя атрады (экалагічныя, прававыя, па падрыхтоўцы да прадметных алімпіяд, валанцёрскія і інш.), дзейнічалі камп’ютарныя класы, відэасалоны, хобі-цэнтры, забаўляльныя пакоі. Ва ўстановах агульнай сярэдняй і дадатковай адукацыі працавалі спартыўныя і гульнявыя пляцоўкі, у тым ліку на базе сярэдняй школы № 27 была арганізавана работа “IT-пляцоўкі”. Таксама штомесяц разам з суб’ектамі прафілактыкі, аддзелам па адукацыі і ўстановамі дадатковай адукацыі праводзіліся раённыя інтэрактыўныя пляцоўкі па бяспецы і здаровым ладзе жыцця.

Больш за 2000 хлопчыкаў і дзяўчынак раёна адпачылі ў розных аздараўленчых лагерах, у тым ліку ў профільных дзевяцідзённых палатачных лагерах з кругласутачным знаходжаннем, у лагерах, арганізаваных сумесна з вайсковай часцю 72471, 3-м асобным патрульным батальёнам вайсковай часці 6713, з Магілёўскім інстытутам МУС Рэспублікі Беларусь. Акрамя таго, летам быў арганізаваны адпачынак у спалучэнні з працоўнай занятасцю. У чэрвені працавалі лагеры працы і адпачынку, а з ліпеня па жнівень — вучнёўскія брыгады па рамонце мэблі, кніг, працоўныя атрады, брыгады па другаснай занятасці сумесна з упраўленнем па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне Магілёўскага гарвыканкама.

— Як ажыццяўлялася падрыхтоўка (і што ў яе ўваходзіла) да новага навучальнага года?

— Работа па падрыхтоўцы ўстаноў адукацыі да новага навучальнага года праводзілася па некалькіх асноўных напрамках: выкананне работ па бягучым і капітальным рамонце будынкаў і збудаванняў; падрыхтоўка ўстаноў да работы ў асенне-зімовы перыяд; супрацьпажарныя мерапрыемствы; умацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў адукацыі.

За перыяд з верасня 2017 года па жнівень 2018 года на падрыхтоўку ўстаноў адукацыі да новага навучальнага года накіравана 1,09 млн рублёў бюджэтных сродкаў і каля 1,28 млн рублёў небюджэтных сродкаў. Для якаснай арганізацыі адукацыйнага працэсу ў адпаведнасці з сучаснымі патрабаваннямі да новага навучальнага года набыта абсталяванне і мэбля на суму 160 тысяч рублёў (107 адзінак камп’ютарнай тэхнікі і тэхнічных сродкаў навучання, 1059 адзінак мэблі, 18 адзінак тэхналагічнага і халадзільнага абсталявання, 2306 адзінак спартыўнага інвентару і абсталявання).

— Якія задачы перад педграмадскасцю паставілі на жнівеньскай нарадзе ў раёне?

— Гэта павышэнне прафесійнай кампетэнцыі педагагічных кадраў, развіццё індывідуальных здольнасцей навучэнцаў, павышэнне якасці адукацыйных паслуг за кошт актыўнага ўкаранення перадавога вопыту і новых тэхналогій, а таксама далейшая работа па стварэнні ва ўстановах адукацыі камфортных, бяспечных і здароўезберагальных умоў.

— Вы ўжо згадвалі станоўчыя вынікі ад профільнага навучання. А як у вас ідуць справы з дапрофільнай падрыхтоўкай, пра якую сёння таксама шмат гавораць?

— Вывучэнне вучэбных прадметаў на павышаным узроўні ў рамках профільнага навучання ў нас ажыццяўляюць 19 сярэдніх школ. У дзвюх сярэдніх школах (№№ 2 і 33) функцыянуюць класы з вывучэннем спецыяльных вучэбных прадметаў мастацкай і музычнай накіраванасці. У сярэдніх школах №№ 23, 27, 35, 45 — спартыўныя класы.

Працягнулі работу профільныя класы прафесійнай накіраванасці вучняў на старшай ступені агульнай сярэдняй адукацыі: педагагічнай накіраванасці (у сярэдніх школах №№ 8, 27, 45, 21), медыцынскай (у сярэдняй школе № 45), юрыдычнай (сярэдняя школа № 23), інжынернай (сярэдняя школа № 21), транспартнай (сярэдняя школа № 22), ваенна-патрыятычныя (ВВК № 12).

У 16 сярэдніх школах сумесна з установамі прафесійнай адукацыі забяспечана арганізацыя адукацыйнага працэсу па працоўным навучанні па праграме прафесійнай падрыхтоўкі рабочых (служачых) для вучняў 10 класаў па шэрагу рабочых прафесій.

— А што больш за ўсё хвалюе начальніка аддзела адукацыі сёння?

— Стварэнне бяспечных і камфортных умоў жыццядзейнасці навучэнцаў. Павышэнне эфектыўнасці функцыянавання адукацыі, удасканаленне механізмаў павышэння якасці, захаванне даступнасці, абнаўленне зместу, матэрыяльнага і інфармацыйнага забеспячэння адукацыі.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.