Асноўная ўвага — кадравым рэсурсам

Сёння на суботнюю планёрку мы накіраваліся да начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму Верхнядзвінскага райвыканкама Віцебскай вобласці Надзеі Уладзіміраўны ВАРАНОВІЧ, якой хочацца сказаць вялікі дзякуй за аператыўнасць.

— Надзея Уладзіміраўна, акрэсліце, калі ласка, асноўныя вектары развіцця адукацыі вашага раёна.
— Найважнейшымі ўмовамі дасягнення высокай якасці адукацыі ў раёне з’яўляецца павышэнне якасці рэсурснага, інфармацыйнага і матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння ўстаноў адукацыі.
Павышэнню якасці рэсурснага забеспячэння ў нашым раёне мы ўдзяляем самую пільную ўвагу, бо лічым, што кадравыя рэсурсы з’яўляюцца асноватворнай умовай, якая спрыяе дасягненню якасці канчатковых вынікаў.
Прафесійны ўзровень педагогаў, якія ажыццяўляюць адукацыйны працэс ва ўстановах адукацыі раёна, пастаянна расце. У параўнанні з мінулым годам колькасць настаўнікаў, якія маюць вышэйшую і першую кваліфікацыйную катэгорыю, павялічылася на 11% (з 67% да 78%), адзін педагог атрымаў кваліфікацыю “настаўнік-метадыст”.
У раёне асаблівая ўвага ўдзяляецца замацаванню маладых спецыялістаў. За мінулы год гэты паказчык склаў 72%. Разам з тым існуе праблема атрымання кваліфікацыйных катэгорый работнікамі ўстаноў дашкольнай адукацыі, бо не могуць быць атэставаны педагогі, якія не маюць спецыяльнай дашкольнай адукацыі.
З мэтай удасканалення інфармацыйнага забеспячэння ў аддзеле адукацыі створаны інфармацыйна-рэсурсны цэнтр, які ўтрымлівае 191 экзэмпляр электронных сродкаў навучання, 121 з якіх распрацаваны педагогамі і навучэнцамі раёна. Створана нарматыўна-метадычная база, якая выкарыстоўваецца ў практыцы работы адміністрацыі і педагогаў. У яе ўнесены нарматыўныя акты, вучэбныя праграмы, праграмы факультатыўных заняткаў, інструкцыйна-метадычныя лісты, каляндарна-тэматычнае планаванне і інш.
Паміж аддзелам і ўстановамі адукацыі наладжана сістэма інфармацыйнага абмену праз інтэрнэт, а ўсе ўстановы агульнай сярэдняй адукацыі падключаны да сеткі па шырокапалосым доступе. Немалаважную ролю ў інфармацыйным абмене адыгрываюць вэб-сайты аддзела і ўстаноў адукацыі. У раёне наладжана сістэма прававога інфармавання ўдзельнікаў адукацыйнага працэсу праз інфармацыйна-пошукавую сістэму “Эталон”.
Удасканаленне матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння адукацыі ажыццяўляецца планава і паэтапна. Праводзіцца пэўная работа па стварэнні ўмоў для арганізацыі адукацыйнага працэсу. Штогод па праграме развіцця агульнай сярэдняй адукацыі набываецца камп’ютарная тэхніка, лабараторнае абсталяванне, вучнёўская мэбля, спартыўны інвентар, праграмнае забеспячэнне. У адукацыйным працэсе выкарыстоўваецца 4 інтэрактыўныя дошкі, 206 камп’ютараў (з іх 13 — камп’ютарныя класы), рэгулярна ажыццяўляецца замена састарэлай тэхнікі. Так, напрыклад, за апошнія 5 гадоў абноўлена каля 50% камп’ютарнай тэхнікі.

— Такое стаўленне да павышэння якасці адукацыі прыносіць свой плён?
— Стварэнне неабходных умоў спрыяе павышэнню выніковасці адукацыйнага працэсу. 52% вучняў 10-х класаў і 61% навучэнцаў 11 класаў вывучаюць прадметы на павышаным узроўні. Два новыя кабінеты фізікі выкарыстоўваюцца для падрыхтоўкі адораных дзяцей па фізіцы, матэматыцы і іншых дакладных навуках. 62% навучэнцаў 11 класаў і 45% навучэнцаў 9 класаў дэманструюць на выпускных іспытах высокі і дастатковы ўзровень ведаў.
Стабільнай з’яўляецца выніковасць удзелу школьнікаў раёна на абласным і заключным этапах рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах, у абласных і рэспубліканскіх спаборніцтвах. У мінулым навучальным годзе трое навучэнцаў сталі пераможцамі абласнога і двое — заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах, а сёлета ў нас 6 пераможцаў трэцяга этапу рэспубліканскай алімпіяды, з іх 4 дыпломы І ступені (па хіміі, біялогіі, грамадазнаўстве і працоўным навучанні). Сем школьнікаў сталі пераможцамі абласных спартыўных спаборніцтваў, адна дзяўчына — пераможцай Рэспубліканскіх спаборніцтваў па летнім мнагаборстве “Здароўе”.

— А якія праблемы хвалююць вас сёння?
— Вельмі хвалюе дэмаграфічная сітуацыя. У гэтым годзе ў нашых установах агульнай сярэдняй адукацыі вучацца на 34 навучэнцы менш у параўнанні з мінулым годам.
Вельмі спадзяёмся, што ў новым навучальным годзе Міністэрствам адукацыі будзе падрыхтавана заканадаўчая база для арганізацыі профільнага і мультыпрофільнага навучання. Таксама хвалюе напаўняльнасць класаў гімназій.
Непакояць прэстыж педагагічнай прафесіі (у педагагічныя УВА ідуць не самыя лепшыя выпускнікі школ), падрыхтоўка педкадраў (нізкі ўзровень падрыхтоўкі маладых спецыялістаў УВА), арганізацыя педагагічных класаў (няма заканадаўчай базы).

— Сёння шмат кажуць пра неўласцівыя функцыі педагога. А ці ёсць функцыі ў начальніка аддзела адукацыі, ад якіх вам хацелася б пазбавіцца?
— Начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму з’яўляецца каардынатарам ідэалагічнай работы не толькі сярод удзельнікаў адукацыйнага працэсу, але і ў грамадскасці, таму я разумею важнасць і адказнасць гэтага кірунку ў сваёй прафесійнай дзейнасці.

— Надзея Уладзіміраўна, я так разумею, ваша інфармацыйнае забеспячэнне не дае вам патануць у паперах, ці гэта не ратуе?
— Усім вядома, што адукацыя — гэта сфера, падсправаздачная ўсім кантралюючым арганізацыям. Я не пішу паперы, пішуць мне, а я як дзяржаўны служачы абавязана адказваць на ўсе запыты своечасова.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.