Асноўны ўпор на якасныя паказчыкі, экспарт і стварэнне новых рабочых месцаў

Савет Міністраў прагназуе рост даходаў рэспубліканскага бюджэту ў 2018 годзе на 6,2 працэнта. Аб гэтым заявіў Прэм’ер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў на пасяджэнні Прэзідыума Савета Міністраў, паведамілі ў прэс-службе беларускага ўрада.

Пад старшынствам прэм’ер-міністра Андрэя Кабякова прайшло пасяджэнне Прэзідыума Савета Міністраў. Разгледжаны праекты прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця, бюджэту і асноўныя напрамкі грашова-крэдытнай палітыкі Беларусі на 2018 год. Што тычыцца праекта бюджэту, то, паводле слоў Андрэя Кабякова, прынцыповае патрабаванне аб яго збалансаванасці захоўваецца. “Мы не можам траціць больш, чым зарабляем, і абавязаны жыць па сродках. Плануецца, што даходы рэспубліканскага бюджэту павялічацца ў 2018 годзе на 6,2 працэнта”, — падкрэсліў ён.

Як адзначыў кіраўнік урада, актыўная работа над праектамі гэтых дакументаў вядзецца ўжо 4 месяцы. За аснову ўзяты два сцэнарыі развіцця эканомікі ў залежнасці ад розных знешніх і ўнутраных умоў. Першы — гэта мэтавы сцэнарый, на аснове якога распрацаваны праект прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі. Для разліку бюджэту за аснову ўзяты кансерватыўны сцэнарый развіцця. “У прагнозных дакументах захоўваюцца прынцыпы ацэнкі работы кіраўнікоў усіх узроўняў на аснове ключавых паказчыкаў эфектыўнасці. Для ўрада і Нацбанка такімі паказчыкамі будуць з’яўляцца найважнейшыя параметры прагнозу. Усяго іх 7”, — адзначыў Андрэй Кабякоў.

Пры мэтавым сцэнарыі прагназуецца рост ВУП на 3,4 працэнта, прадукцыйнасці працы — на 2,8 працэнта; інвестыцыі ў асноўны капітал перавысяць чаканыя інвестыцыі 2017 года на 6,8 працэнта; экспарт прырасце на 6 працэнтаў пры практычнай збалансаванасці знешняга гандлю; чакаецца прыцягненне $1,45 млрд прамых замежных інвестыцый; інфляцыя за год (ад снежня да снежня) не павінна перавысіць 7 працэнтаў; рэальныя наяўныя даходы насельніцтва ў 2018 годзе вырастуць на 3,2 працэнта. “Гэтыя параметры даюць магчымасць забяспечыць выхад на траекторыю росту эканомікі, прадугледжаную пяцігадовай праграмай. Прапануецца захаваць вертыкальна інтэграваную сістэму ключавых паказчыкаў і для кіраўнікоў усіх узроўняў. Асноўны ўпор у гэтай сістэме — на якасныя (фінансавыя) паказчыкі, экспарт і стварэнне новых рабочых месцаў”, — падкрэсліў прэм’ер-міністр.

Кіраўнік урада звярнуў увагу на неабходнасць адпаведнасці мэтавых параметраў эканамічнага развіцця на 2018 год параметрам развіцця, прадугледжаным праграмай пяцігодкі. А гэта ў першую чаргу забеспячэнне збалансаванасці плацежнага балансу і бюджэту і ўстойлівасць фінансавай сістэмы, якая стымулюе эканамічны рост. Андрэй Кабякоў заявіў, што на гэтыя мэты павінны быць арыентаваны ўсе інструменты эканамічнай палітыкі. Прэм’ер-міністр падкрэсліў неабходнасць істотнага павышэння канкурэнтаздольнасці беларускіх тавараў і паслуг на знешніх рынках і зніжэння залежнасці эканомікі ад ваганняў на сыравінных рынках. “Рост экспарту на 6 працэнтаў — гэта няпростая задача. Рост павінен быць забяспечаны ў асноўным за кошт нарошчвання фізічных аб’ёмаў тэхнікі, прадукцыі АПК, паслуг”, — адзначыў ён.

Яшчэ адзін аспект — стварэнне новых рабочых месцаў і новых прадпрыемстваў пры актыўным уключэнні ў гэты працэс прыватнага капіталу. Таксама ў цэнтры ўвагі развіццё рэгіёнаў, якія маюць высокі вытворчы патэнцыял і адпаведную інфраструктуру. Прэм’ер-міністр засяродзіў увагу на фінансавым аздараўленні прадпрыемстваў і сектараў эканомікі, вырашэнні застарэлых праблем даўгавой нагрузкі па крэдытах і пазыках, а таксама на даходах насельніцтва, аплаце працы і бюджэтным сектары, пенсіённых выплатах, фарміраванні тарыфнай палітыкі і адпаведных мерах сацыяльнай абароны.

Андрэй Кабякоў адзначыў, што ў частцы падатковай палітыкі прапануецца не мяняць склад і колькасць падатковых плацяжоў. Паводле яго слоў, падатковая нагрузка на эканоміку не павінна расці. “У пытаннях грашова-крэдытнай палітыкі ў бягучым годзе мы дасягнулі прыкметнага прагрэсу. Стаўкі па новых крэдытах для рэальнага сектара знізіліся ў гэтым годзе на 7,6 працэнтнага пункта, стаўка рэфінансавання зніжана да 12 працэнтаў гадавых. Гэта прыкметнае зніжэнне. Важна захаваць дасягнутую ўстойлівасць на валютным і дэпазітным рынку краіны. Асноўныя намаганні кіраўнікоў дзяржорганаў, прадпрыемстваў і банкаў трэба накіраваць на пошук рашэнняў па развязванні старых даўгоў”, — рэзюмаваў Андрэй Кабякоў.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *