Асноўны закон як адзіная сістэма

- 9:00Інфармацыйная гадзіна

Любыя палітычныя навацыі павінны ствараць умовы для развіцця суверэннай Беларусі і дабрабыту грамадзян. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі заявіў на сустрэчы з рабочай групай па дапрацоўцы праекта Канстытуцыі.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што сустрэча напярэдадні нарады Канстытуцыйнай камісіі падагульняючая:

— Мэта мерапрыемства — звесці разам усе выпрацаваныя прапановы, стварыць канчатковую канфігурацыю абноўленага Асноўнага закона. Зрабіць гэта так, каб яго палажэнні ўяўлялі сабой адзіную і стройную сістэму.

Пры гэтым кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу членаў рабочай групы на тое, што любыя палітычныя навацыі павінны ў канчатковым выніку ствараць умовы для развіцця суверэннай Беларусі і дабрабыту грамадзян:

— Усе прапановы па тых ключавых пытаннях, якія мы неаднаразова абмяркоўвалі раней і прадоўжым абмяркоўваць сёння, вам трэба данесці да членаў Канстытуцыйнай камісіі. І падрыхтавацца да гэтага мерапрыемства трэба будзе грунтоўна…

Нагадаем, на папярэдняй сустрэчы з рабочай групай Прэзідэнт заявіў, што яму прадставілі новы дапрацаваны праект Канстытуцыі. Тады беларускі лідар заўважыў, што эксперты рабочай групы падтрымалі не ўсе прапановы Канстытуцыйнай камісіі:

— Гэта добра, што ёсць розныя пункты гледжання. Напэўна, любая канкурэнцыя, любыя пункты гледжання, якія маюць права быць, пры сутыкненні садзейнічаюць выпрацоўцы нармальных палажэнняў будучай Канстытуцыі. Толькі так, я лічу, мы выйдзем на дастойны праект Асноўнага закона, які, вядома ж, людзі ўжо чакаюць.

Аляксандр Лукашэнка прапанаваў правесці маштабнае сацыялагічнае даследаванне па канстытуцыйнай рэформе і іншых актуальных пытаннях.

— Думаю, трэба таксама правесці маштабнае сацыялагічнае даследаванне на гэтую тэму, ахапіўшы розныя рэгіёны і слаі насельніцтва. Як мы рабілі напярэдадні Усебеларускага народнага сходу, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт падкрэсліў, што органам улады важна ведаць меркаванне грамадзян, прычым не толькі па тэме канстытуцыйнай рэформы, але і па іншых актуальных для развіцця краіны пытаннях.

Зразумела, на сустрэчы Прэзідэнта з рабочай групай па дапрацоўцы праекта Канстытуцыі гучала і тэма мігрантаў. Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што беларускі бок робіць усё для таго, каб бежанцы не збіраліся на Дзяржаўнай граніцы. Больш за тое, заявіў Прэзідэнт, Беларусь гатова адправіць бежанцаў, якія перадумалі ехаць у Еўрасаюз, назад на радзіму:

— Мы гатовы, як гэта звычайна рабілі, пасадзіць усіх у самалёты, у тым ліку і “Белавія”, якія адвязуць іх назад дамоў. Але гэта людзі, трэба сказаць, вельмі ўпартыя: ніхто вяртацца не хоча. І зразумела: ім няма куды вяртацца. У іх няма там жылля, яны ра­зумеюць, што там няма чым накарміць дзяцей. Больш за тое, некаторыя проста баяцца за сваё жыццё, вяртаючыся назад. Я хачу, каб і вы разумелі: ідзе вельмі актыўная работа ў тым напрамку, каб угаварыць людзей: калі ласка, вярніцеся дадому. Але ніхто вяртацца не хоча.

Прэзідэнт згадаў і аб нядаўняй прапанове мюнхенскіх улад прыняць бежанцаў, якія знаходзяцца на беларуска-польскай граніцы. Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што дзве-тры тысячы мігрантаў — гэта не праблема для Еўрасаюза:

— Калі палякі не даюць гуманітарнага калідора, перашкаджаюць гэтаму, мы можам “Белавія” вывезці іх у Мюнхен. Што за праблема? Што гэта за прапанова: “Вы дайце нам, калі ласка, гуманітарны калідор праз Польшчу, мы іх забяром”. Ды мы вывезем іх сваімі самалётамі і ў Мюнхен накіруем, калі гэта трэба.

Што тычыцца папрокаў у адрас Беларусі ў патуранні нелегальнай міграцыі, Прэзідэнт Беларусі назваў гэта поўным глупствам. Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што за апошнія месяцы беларускі бок забараніў уезд у краіну некалькім тысячам нелегальных мігрантаў, і гэта лёгка праверыць:

— Калі немцы або амерыканцы хочуць пераканацца ў гэтым, калі ласка, у аэрапорце кожны чалавек на ліку.

Пры гэтым кіраўнік дзяржавы адхіліў абвінавачанні ў адрас Беларусі аб нядопуску гуманітарнай дапамогі на граніцу бежанцам: такія абвінавачанні ў адрас беларускага боку выглядаюць больш чым дзіўна. Асабліва калі ўлічыць, што Прэзідэнт даручыў упарадкаваць і арганізаваць дастаўку і размеркаванне гуманітарнай дапамогі бежанцам на граніцы:

— Я займаўся гэтым пытаннем усе выхадныя. І ўсе пытанні, якія мною былі даручаны, вырашаны. Мы і дзетак кормім, і цяжарных жанчын. І дровы падвозім, усё, што ім неабходна.

Па матэрыялах БелТА падрыхтавала
 Кацярына РУМЯНЦАВА.