Намеснік дзяржаўнага сакратара Савета Бяспекі Беларусі Андрэй Уцюрын лічыць неабходным выпрацаваць эфектыўныя ўсебакова вывераныя меры, каб барацьба з наркотыкамі выйшла на новы, больш якасны ўзровень. Аб гэтым ён заявіў на міжведамаснай каардынацыйнай нарадзе па пытаннях удасканалення ўзаемадзеяння ў сферы процідзеяння незаконнаму абароту наркотыкаў і прафілактыкі наркаманіі.
Андрэй Уцюрын адзначыў, што на месцах работа па барацьбе з наркаманіяй часта асацыіруецца з дзейнасцю міліцыі або органаў аховы здароўя — пры наяўнасці вялікай колькасці іншых структур, задзейнічаных у гэтай сферы. “Гэтая акалічнасць указвае на недастатковую эфектыўнасць мер, што прымаюцца перш за ўсё ў інфармацыйным полі, па фарміраванні ў грамадстве адэкватнага стаўлення да наркапагрозы. У гэтай жа плоскасці ляжыць і пытанне, якое тычыцца інтэрнэту: якая эфектыўнасць і ці дастаткова прымаемых мер па выключэнні выкарыстання нацыянальнага сегмента сеткі для распаўсюджвання наркотыкаў?” — сказаў ён.
На думку намесніка дзяржсакратара Савета Бяспекі, важна вывучыць грамадскае меркаванне, каб вызначыць пазіцыю і чаканні грамадзян аб метадах і спосабах рэагавання дзяржавы на наркапагрозу. Вынікі дадуць магчымасць зразумець, чаго грамадзяне чакаюць ад органаў улады, ад міліцыі, на чым лічаць важным сканцэнтраваць намаганні, а таксама ўлічыць грамадскае запатрабаванне рэагавання на наркапагрозу пры вызначэнні далейшай стратэгіі антынаркатычнай палітыкі. Паводле слоў Андрэя Уцюрына, ёсць нямала і іншых вострых момантаў у арганізацыі барацьбы з наркотыкамі. “Менавіта гэтым вызначаецца неабходнасць у выпрацоўцы эфектыўных усебакова вывераных сумесных мер па наданні гэтай рабоце новага, больш якаснага ўзроўню”, — дадаў ён.
Разам з тым меры, якія прымаюцца сёння ў краіне, даюць магчымасць утрымліваць сітуацыю пад кантролем. Прыняты адпаведныя нарматыўныя прававыя акты, якія адыгралі рэальную ролю ў барацьбе з гэтым злом. “Хаця маштабы незаконнага распаўсюджвання наркотыкаў у краіне па некаторых ацэнках скараціліся, яны па-ранейшаму ўяўляюць пагрозу для нацыянальнай бяспекі. Прычым у многіх сферах — эканамічнай, дэмаграфічнай, ваеннай, сацыяльнай”, — адзначыў Андрэй Уцюрын.
Ён выказаў упэўненасць, што дзяржава павінна прымаць дакладныя, празрыстыя і зразумелыя ўсім меры па спыненні любых спроб наркатызацыі насельніцтва. Змагацца трэба жорстка і аператыўна, зыходзячы перш за ўсё з інтарэсаў большасці. “Я думаю, такую палітыку ў гэтым пытанні грамадзяне нашай краіны падтрымаюць”, — дадаў намеснік дзяржсакратара Савета Бяспекі.
Органы адукацыі і аховы здароўя павінны актыўней працаваць па прафілактыцы нарказлачынстваў, заявіў на нарадзе намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі Валерый Міцкевіч.
Сёння адных карных мер недастаткова, адзначыў Валерый Міцкевіч. “Асноўным бар’ерам на шляху распаўсюджвання наркотыкаў павінна стаць татальнае непрыманне іх грамадствам, бо наркаманамі часцей становяцца маладыя людзі, якія не ўсведамляюць небяспеку, якую нясуць у сабе наркотыкі і псіхатропы. Таму працаваць тут неабходна на апярэджанне па лініі ўстаноў адукацыі і аховы здароўя, а таксама сям’і”, — сказаў намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта.
Важнае значэнне мае ўдасканаленне антынаркатычнай прапаганды. Пры гэтым, улічваючы інтарэсы моладзі, разам з традыцыйнымі СМІ да гэтага пытання трэба актыўна падключаць сацыяльныя сеткі і іншыя папулярныя віды інтэрнэт-рэсурсаў. Для эфектыўнага процідзеяння наркотыкам і наркаманіі неабходна кансалідацыя намаганняў усіх зацікаўленых ведамстваў, грамадскіх аб’яднанняў і грамадзян.
Разам з тым, як адзначыў Валерый Міцкевіч, праблема наркотыкаў актуальна для ўсіх без выключэння краін свету. Сусветны наркатрафік ацэньваецца ў суму каля $800 млрд у год. Наркагандаль і наркаманія нясуць у сабе пагрозу не толькі нацыянальнай бяспецы, але і будучыні чалавецтва.