Асноўным напрамкам развіцця паліўна–энергетычнага комплексу вызначана энергетычная самастойнасць

- 10:13Інфармацыйная гадзіна

У Беларусі зацверджана Канцэпцыя энергетычнай бяспекі. Гэта прадугледжана пастановай Савета Міністраў ад 23 снежня 2015 года № 1084, паведамілі ў прэс-службе беларускага ўрада.

У дакуменце вызначаны сусветныя тэндэнцыі развіцця паліўна-энергетычнай сферы, пагрозы і прынцыпы гарантавання энергетычнай бяспекі. Там адзначаецца, што нацыянальнымі інтарэсамі Беларусі з’яўляюцца забеспячэнне недыскрымінацыйнага доступу да сусветных рынкаў тавараў і паслуг, сыравінных і энергетычных рэсурсаў, а таксама шырокага ўдзелу ў інтэграцыі ў сусветны паліўна-энергетычны комплекс ад здабычы да продажу рэсурсаў канчатковым спажыўцам; дасягненне ўзроўню энергетычнай бяспекі, дастатковага для нейтралізацыі знешняй залежнасці ад паступлення энерганосьбітаў. Акрамя таго, Беларусь зацікаўлена ў інтэнсіўным тэхналагічным абнаўленні базавых сектараў эканомікі і ўкараненні перадавых тэхналогій ва ўсе сферы жыццядзейнасці грамадства; рацыянальным выкарыстанні прыродна-рэсурснага патэнцыялу; стварэнні энергетычных кампаній, здольных канкурыраваць з вялікімі транснацыянальнымі карпарацыямі; развіцці ўласнай энергасыравіннай базы на аснове эканамічна абгрунтаванага выкарыстання мясцовых відаў паліва, перш за ўсё аднаўляльных крыніц энергіі.
Асноўнымі напрамкамі развіцця паліўна-энергетычнага комплексу на доўгатэрміновую перспектыву вызначаны энергетычная самастойнасць; дыверсіфікацыя пастаўшчыкоў і відаў энергарэсурсаў; надзейнасць паставак, рэзерваванне, перапрацоўка і размеркаванне рэсурсаў, а таксама энергетычная эфектыўнасць іх канчатковага спажывання.