Аснова міжнародных адносін — паважаць адно аднаго, паважаць інтарэсы і прытрымлівацца аднолькавых правіл

- 10:20Інфармацыйная гадзіна

Расія гатова шукаць кампрамісы з ЕС, але пры ўмове аднолькавага разумення і ўзаемнага захавання міжнароднага права. Такую заяву расійскі прэзідэнт Уладзімір Пуцін зрабіў у інтэрв’ю нямецкаму выданню “Більд”.

“Мы гатовы адстойваць нацыянальныя інтарэсы не канфрантацыйна, мы гатовы шукаць кампрамісы, але, вядома, на базе міжнароднага права, якое ўсімі разумеецца аднолькава”, — сказаў ён.
Пры гэтым У.Пуцін падкрэсліў, што абарона інтарэсаў Расіі застаецца для яго першаснай задачай. “Вы мяне спыталі: ваш пакорны слуга — сябар або не сябар?” — звярнуўся ён да журналіста. “Адносіны паміж дзяржавамі будуюцца крыху па-іншаму, не як адносіны паміж людзьмі. Я не сябар, не нявеста і не жаніх, я Прэзідэнт Расійскай Федэрацыі, 146 мільёнаў чалавек — у гэтых людзей ёсць свае інтарэсы, і я абавязаны іх адстойваць”, — сказаў расійскі лідар.
Паводле яго слоў, для пабудовы канструктыўных адносін паміж дзяржавамі “трэба як мінімум выконваць заўсёды адну ўмову — паважаць адно аднаго, паважаць інтарэсы адно аднаго і прытрымлівацца аднолькавых правіл, а не мяняць іх кожны раз, як выгадна каму б там ні было”.
Прэзідэнт У.Пуцін упэўнены, што Расійская Федэрацыя павінна была заяўляць аб нацыянальных інтарэсах яшчэ чвэрць стагоддзя назад. Недастаткова дакладная пазіцыя ў гэтым пытанні — памылка расійскай палітыкі, прызнаў ён. Прэзідэнт нагадаў, што “пасля распаду Савецкага Саюза ўзніклі такія ж складаныя працэсы ўнутры самой Расіі — скарачэнне прамысловай вытворчасці, развал сацыяльнай сістэмы, сепаратызм і асабліва відавочная атака міжнароднага тэрарызму”.
“Вядома, мы самі ў гэтым вінаваты, што там гаварыць, тут няма каго вінаваціць”, — прызнаў расійскі лідар. Аднак ён перакананы: “Тое, што міжнародны тэрарызм выкарыстоўваўся ў барацьбе супраць Расіі, а ніхто або не звяртаў на гэта ўвагі, або наадварот падтрымліваў — антыдзяржаўным сілам Расіі аказвалі падтрымку палітычную, інфармацыйную, фінансавую, а часам нават узброеную, — гэта для нас відавочны факт”. Паводле яго слоў, тады Расія ўсвядоміла, што “размовы размовамі, а геапалітычныя інтарэсы — гэта зусім іншая справа”.