Аснова памяці і адзінства

- 10:13Аўтарскія калонкі, Меркаванне

Ігар ГРЭЧКА

 

 

 

 

 

 

 

“У гістарычнай памяці сіла і адзінства беларускага народа” — пад такой назвай пройдзе першы ўрок у новым навучальным годзе.

Згодна з рэкамендацыямі, форму правядзення ўрока кожны настаўнік вызначае індывідуальна. Для распрацоўкі заняткаў варта скарыстацца электроннымі рэсурсамі, метадычнай літаратурай, дапамогай больш вопытных калег, нарэшце, яшчэ раз уважліва перачытаць інструктыўна-метадычнае пісьмо па арганізацыі сацыяльнай, выхаваўчай і ідэалагічнай работы.

Інструментаў для творчай працы дастаткова. Адзінае, што павінна аб’ядноўваць першы ўрок у любым класе і ў любой установе адукацыі, — гэта яго душэў­насць. Усё ж такі мы будзем гава­рыць пра такія важныя паняцці, як “гістарычная па­мяць”, “сіла і адзінства”, “беларускі народ”! А як стварыць атмасферу душэўнасці, цеплыні? Праз аповед аб сваіх продках, цікавыя гісторыі з іх лёсу. Памяць сваёй сям’і, памяць свайго роду — усё гэта і складае аснову нашай гістарычнай памяці, адзінства беларускага народа.

На рэдакцыйную пошту “Настаўніцкай газеты” вы, паважаныя чытачы, перыядычна дасылаеце матэрыялы, дзе расказваеце пра гісторыю сваёй сям’і ў ваенны час, успаміны вашых аднавяскоўцаў, запісаныя падчас пошукавай работы. Тут не толькі гераічныя выпадкі, шмат і трагічнага…

“15 лютага 1943 года карны атрад знішчыў усе навакольныя вёскі за сувязь з партызанамі. Ратаваліся хто як мог. Вяртацца на папялішча не было сэнсу: а раптам немцы прыйдуць. Таму і засталіся ў лесе. Маці ра­зам з іншымі жанчынамі, з дзецьмі рабілі стаяны. У сярэдзіне гэтага будана бесперапынна гарэў агонь, а стаян быў абкладзены ламаччам і яловым галлём. Спалі на яловых лапках у адзежы і лапцях, прытуліўшыся спінамі адно да аднаго. А на прадвесні, калі прыгравала першае сонейка, прытульваліся да хвоі”, — пераказала ў сваім матэрыяле ўспаміны Кацярыны Іванаўны Трафімовіч, 1930 года нараджэння, настаўніца беларускай мовы і літаратуры Мілевіцкага дзіцячага сада — базавай школы Жыткавіцкага раёна Валянціна Міхайлаўна Емельяновіч.

Падобныя ўспаміны захоўваюцца і ў маёй сям’і. Продкі па лініі маці падчас нямецка-фашысцкай акупацыі, як і многія іншыя вяскоўцы, хаваліся ў лесе. Аднойчы акупанты зладзілі аблаву. Кагосьці забілі, кагосьці схапілі і адправілі ў Германію (у тым ліку маю бабулю), хтосьці прапаў без вестак. Так сталася і з прадзядулем. На жаль, пра яго лёс не засталося ніякіх дакументальных звестак, нават фотаздымка, толькі ўспаміны. Гаварылі, што ён разам з іншымі мужчынамі быў расстраляны. А дзе канкрэтна расстраляны, дзе знахо­дзіцца яго магіла — ніхто не ведае і да сённяшняга часу. Засталіся толькі ўспаміны, якія мы пераказваем, калі збіраемся за сямейным сталом. Чаму б аповед пра такія гісторыі не ўключыць у змест першага ўрока? Тым больш што ўвагу вучняў трэба засяродзіць на генацыдзе беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны.

Першы ўрок пройдзе ў Год гістарычнай памяці. Памяці, якую мы захоўваем у нашых сем’ях. Памяці, якая складае аснову адзінства і сілы нашага народа.