Аснова патрыятызму — подзвіг народа

- 10:01Адукацыйная прастора

28 верасня адбылося пасяджэнне секцыі “Подзвіг савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне — аснова выхавання патрыятызму і грамадзянскай адказнасці” ў рамках VII Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі. Сустрэча праходзіла анлайн і аб’яднала каля 140 чалавек з дзвюх краін.

У холе Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі гасцей чакала выстава. Можна было пазнаёміцца з савецкімі плакатамі 1946—1990 гадоў, гісторыяй інтэрнацыянальных зорных паходаў, фотаздымкамі і кнігамі ваеннай тэматыкі, пастраляць у віртуальную мішэнь, знайсці інфармацыю пра партызан і падпольшчыкаў і інш.

Сустрэчу пачаў старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыяльнага сходу Рэспублікі Беларусь па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці Віктар Лісковіч: “Мы назаўсёды звязаны кроўнымі вузамі з брацкімі народамі, разам з якімі нашы бацькі і дзяды спынілі катастрофу ХХ стагоддзя. Але свет ігнаруе ўрокі мінулага, і чым далей мы аддаляемся ад падзей Вялікай Айчыннай вайны, тым больш імпульсіўным і небяспечным ён становіцца. Таму сёння мы ўсё больш гаворым пра неабходнасць не проста захаваць, але і абараніць перамогу нашых народаў. Мы ўсведамляем, што цяжар гэтай адказнасці ляжыць у першую чаргу на моладзі”.

У гэтым кірунку як у Беларусі, так і ў Расіі рэалізуецца цэлы шэраг праектаў. Урачыстае адкрыццё ў гэтым годзе Ржэўскага мемарыяла савецкаму салдату ў Цвярской вобласці, рэканструкцыя аб’ектаў Брэсцкай крэпасці-героя за кошт сродкаў Саюзнай дзяржавы як прыклады. Іншымі дзяліліся ўдзельнікі пасяджэння. “У нашай краіне ўдзяляецца вялікая ўвага навуковым даследаванням ваеннай гісторыі. За мінулыя дзесяцігоддзі створаны сотні мастацкіх твораў, кінафільмаў. Айчынныя навукоўцы апублікавалі каля 12 тысяч навукова-даследчых работ, у тым ліку ўнікальную 146-томную хроніку “Памяць”, — расказаў старшыня Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Уладзімір Гусакоў аб навуковым забеспячэнні захавання гістарычнай памяці аб Вялікай Айчыннай вайне.

Сапраўдным прарывам стала комплекснае даследаванне гісторыі вайны навукоўцамі Беларусі і Расіі. У выніку была падрыхтавана і апублікавана дакументальная работа “Краіна ў агні”. Кожны з трох тамоў складаецца з дзвюх кніг, якія змяшчаюць нарысы і дакументы аб вайне. Напярэдадні юбілею Перамогі з’явілася каштоўная і ўнікальная работа “Сузор’е герояў зямлі беларускай”, дзе ўпершыню былі сабраны біяграфіі ўсіх герояў Савецкага
Саюза ўраджэнцаў Беларусі.

Першы намеснік міністра асветы Расійскай Федэрацыі Дзмітрый Глушко падзяліўся напрацоўкамі з іх боку. Расійскае гістарычнае таварыства падрыхтавала канцэпцыю вучэбнага курса “Гісторыя Расіі”, у 2019 годзе даследчыкі дзвюх краін распрацавалі вучэбна-метадычны дапаможнік для выкладання гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Матэрыял падаецца на аснове найноўшых дасягненняў гістарыяграфіі. Гэта дапамагае педагогам уліцца ў сучасную навуковую прастору. “У Расіі 2020 год абвешчаны Годам памяці і славы. У рамках яго рэалізуецца вялікі комплекс мерапрыемстваў, накіраваных на патрыятычнае выхаванне моладзі. Міністэрствам праведзены ўсерасійскі конкурс сачыненняў, у рамках якога школьнікі далі сваю ацэнку з’яве нацызму. У 2020—2021 гадах запланавана аказанне метадычнай падтрымкі педагогам, правядзенне тэматычных курсаў павышэння кваліфікацыі па тэматыцы Вялікай Айчыннай вайны. Міністэрства сумесна з Расійскім гістарычным таварыствам і групай кампаній асветы арганізавала міжнародны конкурс метадычных распрацовак “Урокі Перамогі”. У ім узялі ўдзел больш за 15 тысяч чалавек. Фінал запланаваны на кастрычнік і пройдзе ў анлайн-фармаце”, — адзначыў Дзмітрый Глушко.

Тэму патрыятычнага выхавання моладзі падтрымаў рэктар Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь Вячаслаў Даніловіч. Ён адзначыў, што дасягненні навукоўцаўгісторыкаў выкарыстоўваюцца ў працэсе выкладання. Гэта забяспечвае трывалую сувязь сучаснай навукі і адукацыі. “Са студзеня 2020 года на Нацыянальным адукацыйным партале пачала працаваць рубрыка “Вучоныя — настаўнікам”. Там змяшчаецца інфармацыя па найноўшых даследаваннях Інстытута гісторыі НАН Беларусі, у тым ліку звязаная з Вялікай Айчыннай вайной. Выкарыстанне падобных матэрыялаў спрыяе ўдасканаленню педагагічнага майстэрства і падняццю на новы ўзровень падрыхтоўкі вучняў. Ва ўстановах адукацыі праводзяцца розныя мерапрыемствы, прысвечаныя памятным датам вайны: інфармацыйныя гадзіны, мітынгі, урокі мужнасці, сустрэчы з роднымі і блізкімі ветэранаў, запісы іх успамінаў, арганізацыя выстаў, конкурсы чытальнікаў і спевакоў, прагляды фільмаў, экскурсіі і г.д.”.

На сустрэчы таксама абмеркавалі пытанні асвятлення гісторыі ў СМІ, увекавечання загінуўшых пры абароне Айчыны, вопыт работы моладзі па патрыятычным выхаванні, гісторыю стварэння музея “Неўскі пятачок”, міжрэгіянальнае маладзёжнае супрацоўніцтва і інш.

Настасся ХРЫШЧАНОВІЧ.
Фота аўтара.