Аснова педагагічнай дзейнасці — выхаванне

Галоўнае ўпраўленне па адукацыі Віцебскага аблвыканкама прызнана лепшым у краіне сярод рэгіянальных структурных падраздзяленняў па выніках работы за 2020 год.

“У тым, што мы другі год запар утрымліваем лідарства, калектыўная залуга нашых педагогаў. У няпростых умовах сістэма адукацыі Віцебшчыны на ўсіх узроўнях дастойна справілася з цяжкасцямі і захавала стабільнасць, забяспечваючы рост асноўных паказчыкаў якасці адукацыі. Упэўнены, што сёлетні год складзецца ў нас не горш. Мы дзеля гэтага прыкладзём усе намаганні”, — такое меркаванне выказаў на пасяджэнні выніковай калегіі начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі Віцебскага аблвыканкама Дзмітрый Хома.

“Мы гаворым пра вынікі, ставім задачы і вызначаем перспектывы далейшага развіцця”, — акрэсліў напрамкі абмеркавання кіраўнік рэгіянальнай сістэмы адукацыі. У рабоце калегіі прынялі ўдзел намеснік старшыні Віцебскага аблвыканкама Уладзімір Пенін, намеснікі старшынь рай- і гарвыканкамаў і кіраўнікоў адміністрацый раёнаў Віцебска, начальнікі аддзелаў і ўпраўленняў па адукацыі, старшыні раённых і гарадскіх камітэтаў Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі, дырэктары ўстаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі, кіраўнікі падведамасных устаноў. Перад пачаткам пленарнага пасяджэння Дзмітрый Леанідавіч прадставіў прысутным нядаўна прызначаных на пасады дырэктара Дубровенскага дзяржаўнага ліцэя сельскагаспадарчай вытворчасці Аляксандра Азаранку і начальніка аддзела па адукацыі адміністрацыі Першамайскага раёна Віцебска Таццяну Кузьміч.

— Асновай дзейнасці педагога павінна быць выхаванне, фарміраванне ў навучэнцаў актыўнай грамадзянскай пазіцыі, сямейных каштоўнасцей і здаровага ладу жыцця, — асобна акцэнтаваў увагу Дзмітрый Хома. — Адзінства і згода, талерантнасць і ўзаемаразуменне, павага адно да аднаго — каштоўнасці, да якіх імкнецца кожны чалавек незалежна ад палітычных поглядаў. Жаданне жыць у міры і быць шчаслівымі аб’ядноўвае ўсіх нас. Роля сістэмы адукацыі першаступенная ў перыяд, калі ідзе станаўленне светапогляду, асабовых якасцей. Грамадзянскае выхаванне трэба весці на сістэмнай аснове, у тым ліку праз дыялогавыя пляцоўкі, бацькоўскія ўніверсітэты, інфармацыйна-патрыятычны праект “Школа актыўнага грамадзяніна”. Неабходна асаблівую ўвагу ўдзяліць стварэнню бяспечных умоў карыстання інтэрнэтам, навучыць падрастаючае пакаленне супрацьстаяць выклікам часу, падыходзіць да патоку разнапланавай інфармацыі з пазіцый крытычнага мыслення, аказваць псіхалагічную дапамогу і падтрымку. У сувязі з гэтым распрацоўваецца абласная праграма па арганізацыі работы ў інтэрнэт-прасторы сярод дзяцей і навучэнскай моладзі. Не менш актуальныя задачы развіцця маладзёжнага самакіравання, БРСМ і БРПА, удасканальвання форм і метадаў супрацоўніцтва з грамадскімі аб’яднаннямі і Беларускай Праваслаўнай Царквой, прававой асветы, прафілактычнай работы і канструктыўнай занятасці дзяцей і моладзі. Тут мы назіраем пэўную станоўчую дынаміку: за год узровень падлеткавай злачыннасці на тэрыторыі вобласці знізіўся на 20 працэнтаў, ні ў адным раёне (горадзе) не дапушчаны рост колькасці адміністрацыйных правапарушэнняў, здзейсненых з удзелам непаўналетніх.

Грамату Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі Віцебскага аблвыканкама Дзмітрый Хома ўручыў начальніку аддзела па адукацыі Гарадоцкага райвыканкама Наталлі Берасневай.

У дакладзе начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі аблвыканкама падрабязна прааналізаваў і даў прынцыповую ацэнку рабоце педагагічнай грамадскасці рэгіёна, вызначыў прыярытэтныя задачы на кожным узроўні адукацыі. “Дасягнутыя намі вынікі атрымалі высокую ацэнку, але ёсць і адкрытыя пытанні, над якімі будзем разам працаваць”, — прагучала лейтматывам выступлення. Зроблена сапраўды нямала. Заслужанай нагодай для гордасці і яскравым сведчаннем якасці адукацыі з’яўляюцца поспехі навучэнцаў і педагогаў. Напрыклад, на заключных этапах рэспубліканскага конкурсу па асновах прафесійнай падрыхтоўкі сярод навучэнцаў JuniorSkills Belarus — 2020 прадстаўнікі рэгіёна сталі ўладальнікамі 6 медалёў, IV Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства WorldSkills Belarus — 2020 — 14 медалёў, уключаючы 4 залатыя. Лепшая ў краіне навучэнская каманда па спартыўным турызме — з Віцебскай вобласці, што пацвердзіла Рэспубліканская спартакіяда сярод дзяцей і моладзі. Навучэнцы Віцебшчыны заваявалі 16 дыпломаў на заключным этапе Рэспубліканскага конкурсу работ даследчага характару (канферэнцыі) па вучэбных прадметах і 14 медалёў міжнародных алімпіяд. Пераможцаў-міжнароднікаў падрыхтавалі настаўнікі Вераніка Лакціна, Міхаіл Волкаў, Сяргей Крывенка, Святлана Матросава, Руслан Шклейнік, Аляксандр Шугаль, Наталля Шчаглова. Каманда педагогаў вобласці дастойна выступіла на заключным этапе рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь — 2020”. Настаўніца матэматыкі сярэдняй школы № 31 Віцебска Наталля Шчаглова перамагла ў намінацыі “Фізіка, астраномія, матэматыка, інфарматыка”, настаўніца замежнай мовы сярэдняй школы № 3 Оршы Вольга Трухан — у намінацыі “Замежная мова”. Лаўрэатамі ў сваіх намінацыях сталі настаўніца беларускай мовы ясляў-сада — сярэдняй школы № 15 Полацка Наталля Осіпава і выхавальнік ясляў-сада № 2 Верхнядзвінска Ірына Маслякова — яе ўзнагарода тым больш важкая, што ўпершыню за гісторыю існавання конкурсу “Крыштальны журавель” уручана прадстаўніку дашкольнай адукацыі Віцебшчыны.

Як адзначыў Дзмітрый Хома, у рэгіёне на працягу пяці гадоў паслядоўна рэалізуецца перспектыўны план развіцця сістэмы адукацыі, вынікі выканання якога сёння відавочныя. На фінансаванне галіны ў мінулым годзе было накіравана з бюджэту каля 680 мільёнаў рублёў, сёлета запланавана выдаткаваць больш за 725 мільёнаў. Ажыццяўляецца комплекс мер па ўкараненні новых тэхналогій, удасканальванні прадметнай прасторы і рэсурснага забеспячэння адукацыйнага працэсу, будаўніцтве, рамонце і ўмацаванні матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў адукацыі. Так, толькі за 2020 год уведзены ў эксплуатацыю сярэдняя школа № 47 Віцебска імя Я.Ф.Іваноўскага і дзіцячы сад у Паставах, праведзены капітальны рамонт з мадэрнізацыяй ясляў-садоў № 14 Полацка і № 36 Віцебска, сярэдніх школ № 1 Шуміліна і № 27 Віцебска, Багушэўскай сярэдняй школы Сенненскага раёна, Віцебскага абласнога палаца дзяцей і моладзі, інтэрната Віцебскага дзяржаўнага тэхнічнага каледжа, мадэрнізавана спартыўная пляцоўка сярэдняй школы № 28 Віцебска і шэраг іншых аб’ектаў. Акрамя таго, за кошт сродкаў другой пазыкі Міжнароднага банка рэканструкцыі і развіцця былі адрамантаваны чатыры ўстановы (за кошт сродкаў першай пазыкі — восем), вядуцца работы яшчэ ў адзінаццаці і працэдура па чатырох; два аб’екты сістэмы адукацыі ўключаны ў дзяржінвестпраграму. Сур’ёзным выпрабаваннем для ўстаноў адукацыі стала пандэмія каранавіруса. Дзмітрый Леанідавіч выказаў словы ўдзячнасці ўсім педагагічным калектывам, гарадскім і раённым выканаўчым камітэтам за кансалідацыю намаганняў, адказнасць і зладжаную работу ў няпросты час.

Важнейшыя фактары высокай якасці адукацыі — падбор і расстаноўка педагагічных кадраў, іх кваліфікацыйны ўзровень. Начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі праінфармаваў, што паказчыкі Віцебшчыны па азначаным напрамку работы вышэйшыя за рэспубліканскія, сістэма адукацыі мае неабходны кадравы рэсурс. Разам з тым пытанні павелічэння прыёму на педагагічныя спецыяльнасці на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі, суправаджэння маладых спецыялістаў, замацавання іх на першым рабочым месцы і, адпаведна, стварэння асновы для амалоджвання педагагічных калектываў застаюцца на парадку дня. У сістэме дашкольнай адукацыі рэалізаваны мерапрыемствы плана ўрада па забеспячэнні яе даступнасці і варыятыўнасці, выкананы ўсе мэтавыя паказчыкі дзяржаўнай праграмы, павышаецца якасць здароўезберагальнага асяроддзя, стабільна зніжаецца ўзровень дзіцячых захворванняў і траўматызму, актыўна развіваецца інавацыйна-эксперыментальная дзейнасць. Вырашаецца пытанне па адкрыцці дзіцячых садоў у новых мікрараёнах гарадской забудовы, дзе павышаны запыт на забеспячэнне дзяцей месцамі ў дашкольных установах. Прыкладам ініцыятыўнага і гаспадарскага падыходу можа паслужыць работа Пастаўскага райвыканкама: патрэбны ў райцэнтры новы дзіцячы сад пабудаваны дзякуючы крэдытным сродкам, выдзеленым пры садзейнічанні аблвыканкама. У абласной інвестпраграме прадугледжана выдзяленне сродкаў на пачатак будаўніцтва дзіцячых садоў у Полацку і Віцебску.

Дзейнасць устаноў агульнай сярэдняй адукацыі накіравана на якасць адукацыі і стварэнне ўмоў, што гарантуюць навучэнцам комплекснае асобаснае і сацыяльнае развіццё. “Колькасць навучэнцаў за апошнія 3 гады павялічылася. Разам з тым за 20 гадоў яна зменшылася амаль на 40 працэнтаў, а ў сельскай мясцовасці больш як у 3 разы. Таму аптымізацыйныя мерапрыемствы сеткі ўстаноў адукацыі непазбежныя. Іх задача — не столькі эканомія грашовых сродкаў, колькі стварэнне роўных умоў для атрымання якаснай адукацыі, магчымасці дзецям вучыцца ў сучасных школах на сучасным вучэбным абсталяванні”, — пракаменціраваў Дзмітрый Хома. Па выніках года выконваюцца задачы па павышэнні якасных паказчыкаў. На выпускных экзаменах 72,7 працэнта выпускнікоў 10—11 класаў атрымалі адзнакі 7—10 балаў. Лепшыя вынікі ў цэнтралізаваным тэсціраванні дэманструюць выпускнікі Лепельскага раёна, Першамайскага раёна Віцебска, Наваполацка. Асобна варта адзначыць вынікі Лёзненскага раёна, які, дзякуючы ў першую чаргу сур’ёзнай прафарыентацыйнай рабоце, за 2 гады ўзняўся з 21 месца на 8. У бягучым навучальным годзе ў вобласці функцыянуюць 54 профільныя класы педагагічнай і 88 — аграрнай накіраванасці. Прафесійную падрыхтоўку ў рамках прадмета “Працоўнае навучанне” праходзяць больш за 2100 старшакласнікаў.

Ганаровую грамату Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта атрымала настаўнік геаграфіі гімназіі № 8 Віцебска Галіна Яхнавец.

— Сістэма прафесійнай адукацыі адзначыла 80-годдзе, урачыстае святочнае мерапрыемства мы перанеслі і правядзём яго вясной, — расказаў Дзмітрый Леанідавіч. — Асноўнай задачай па-ранейшаму застаецца задавальненне патрэб эканомікі ў кваліфікаваных рабочых і спецыялістах. З гэтай мэтай у 2020 годзе пачата падрыхтоўка па 2 новых спецыяльнасцях на ўзроўні сярэдняй спецыяльнай і 3 — на ўзроўні прафесійна-тэхнічнай адукацыі. Усім выпускнікам устаноў ПТА і ССА прапанавана першае рабочае месца. У раёнах наладжана даволі эфектыўная работа па размеркаванні патокаў выпускнікоў базавай школы; распрацавана і рэалізуецца абласная праграма факультатыўнага курса па ранняй прафарыентацыі навучэнцаў 7—9 класаў. Школьнікі павінны атрымліваць асновы той прафесіі, якой яны збіраюцца вучыцца пасля ўручэння атэстата. У гэтай пяцігодцы да прафарыентацыі і падрыхтоўкі спецыялістаў будуць больш актыўна прыцягвацца прадпрыемствы і арганізацыі — заказчыкі кадраў.

Падзякай старшыні Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта адзначана настаўнік нямецкай мовы сярэдняй школы №45 Віцебска Іна Балтунова. Узнагароду ўручыў намеснік старшыні Віцебскага аблвыканкама Уладзімір Пенін.

На пасяджэнні калегіі абмяркоўваліся вынікі дзейнасці сістэм спецыяльнай і дадатковай адукацыі, развіццё навучэнскага спорту (у прыватнасці, да 1 сакавіка ў Віцебскую абласную асацыяцыю школьнага спорту ўступілі ўсе базавыя і сярэднія школы рэгіёна), забеспячэнне спартыўным інвентаром і абсталяваннем, работа са зваротамі грамадзян, пытанні аховы дзяцінства, арганізацыі бяспечных умоў навучання і знаходжання навучэнцаў і выхаванцаў, росту заработнай платы педработнікаў (Дзмітрый Хома падкрэсліў: яна павінна дакладна суадносіцца з працоўнымі дасягненнямі кожнага), пазабюджэтнай дзейнасці ўстаноў адукацыі, напаўняльнасці класаў і пераходу на нарматыўнае фінансаванне. Вопыт развіцця сістэмы адукацыі раёна прадставіла намеснік старшыні Чашніцкага райвыканкама Іна Сыроўчанка. Аб рабоце ўстаноў адукацыі абласнога цэнтра па папярэджанні ўзнікнення і распаўсюджвання інфекцыі Covid-19 расказаў начальнік аддзела па адукацыі гарвыканкама Ігар Кіруценка. Настаўнік гісторыі і грамадазнаўства Верхнядзвінскай гімназіі Яўген Агей выказаў свой погляд на прафесію настаўніка вачыма маладога педагога. Фарміраванню грамадзянскасці і патрыятызму ў кантэксце выклікаў сучаснасці прысвяціла выступленне начальнік упраўлення па адукацыі Полацкага райвыканкама Ірына Драздова. Уладзімір Пенін падзякаваў настаўнікам Віцебшчыны за плённую працу і асобна вылучыў пры гэтым паспяховы вопыт педагагічных калектываў гімназіі № 2 Віцебска і Віцебскага дзяржаўнага політэхнічнага прафесійнага ліцэя: работа па выніках года атрымала найвышэйшую ацэнку Міністэрства адукацыі, а таксама канкрэтызаваў шэраг задач, пастаўленых перад рэгіянальнай адукацыяй, раённымі і гарадскімі выканаўчымі камітэтамі. Лепшыя работнікі сістэмы адукацыі Віцебшчыны былі ўзнагароджаны ганаровымі граматамі і граматамі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, ганаровымі граматамі Віцебскага аблвыканкама і Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў, падзякамі старшыні абласнога выканаўчага камітэта. Прыемным творчым падарункам на завяршэнне стала яркая канцэртная праграма — яе падрыхтавалі ўдзельнікі аб’яднанняў па інтарэсах Віцебскага абласнога палаца дзяцей і моладзі, на базе якога праходзіла выніковая калегія.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.