Аснова — цікавае, яркае слова настаўніка

- 11:34Адукацыйная прастора

Настаўніку гісторыі і грамадазнаўства сярэдняй школы № 6 Бабруйска Магілёўскай вобласці Дзмітрыю Андрэевічу Бацюню падабаецца вучыцца самому і вучыць іншых. Для яго гэтыя дзеянні ўзаемазвязаныя, без першага немагчыма другое. Малады педагог упэўніўся на ўласным вопыце: настаўніку трэба быць харызматычным, цікавым дзецям і захопленым сваім прадметам, а для гэтага неабходна бесперапынна развівацца ў розных кірунках.

Звязаць лёс з педагогікай Дзмітрыю параіў бацька. Малады чалавек рады, што прыслухаўся да мудрай парады. Безумоўна, тата бачыў здольнасці сына, разумеў, што яму цікава, і хацеў, каб усё гэта знайшло сваё прымяненне і гарманічна спалучылася ў будучай прафесіі. Не апошнюю ролю адыграла і тое, што сярод сваякоў былі педагогі, на якіх смела можна было раўняцца. Дзмітрый стаў студэнтам гістарычнага факультэта Мазырскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя І.П.Шамякіна. У школьныя гады гісторыя была яго любімым прадметам, таму з цікавасцю прадоўжыў яе вывучэнне.

Да практыкі ў школе малады чалавек ставіўся вельмі адказна. Яму спадабалася быць педагогам, аднак адчуў, што для паспяховага старту патрэбна больш вопыту і ўпэўненасці. Губляць час не стаў. Папрасіў дазволу ў настаўніцы гісторыі часцей бываць на ўроках, каб унікнуць у працэс. Пасля такой паглыбленай практыкі ў наступным навучальным годзе ён ужо не толькі працягваў вучобу, але і працаваў настаўнікам.

— Я выдатна памятаю свой першы ўрок, гэта было грамада­знаўства ў 11 класе, — гаворыць Д.А.Бацюня. — Не магу пахваліцца, што ён прайшоў добра, як кажуць, першы блін быў камяком. Але гэта прымусіла пра многае задумацца ўсур’ёз. Да гэтага ў мяне быў немалы вопыт выступленняў на разнастайных мерапрыемствах, і, прызнацца, я не чакаў, што магу раптам разгубіцца. Аднак урок аказаўся абсалютна іншай, новай сітуацыяй. Я ўпершыню стаяў перад класам, на мяне глядзелі больш за дваццаць дзяцей. Безумоўна, я рыхтаваўся загадзя, прадумаў усё да дробязей, але спачатку каля хвіліны разгублена маўчаў. Тады я дакладна зразумеў: каб прыцягнуць і 45 мінут утрымліваць увагу вучняў, трэба пастаянна самаразвівацца, быць цікавым, яркім, харызматычным, падрыхтаваным да экспромтаў і нечаканасцей. Толькі ў такім выпадку ўзаемадзеянне з дзецьмі будзе цікавым і карысным.

Праз некалькі месяцаў Дзмітрый Андрэевіч адзначыў для сябе, што ў школе, на ўроку яму стала камфортна, ён адчувае сябе на сваім месцы. Каб самаразвівацца, шмат чытае. Менавіта час, праведзены з цікавай кнігай, для яго лепшы адпачынак. Аддае перавагу не толькі гістарычнай літаратуры. Перачытвае і творы айчыннай і замежнай класікі, выданні па псіхалогіі, філасофіі, паліталогіі. Дапамагаюць і розныя семінары, лекцыі, якія сталі даступнымі для ўсіх дзякуючы інтэрнэту.

Пасля заканчэння ўніверсітэта малады чалавек вырашыў прадоўжыць адукацыю і паступіў у магістратуру. На другі год ён быў ужо не толькі магістрантам, але і студэнтам Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. Адначасова ўвесь гэты час працаваў у школе. Зараз Дзмітрый Андрэевіч скончыў магістратуру, працягвае навучанне ў акадэміі і працуе ў школе.

— Мне падабаецца, што я адначасова выступаю ў некалькіх ролях: і студэнта, і педагога, — адзначае Д.А.Бацюня. — Сёлета будзе лягчэй, бо магістратура ўжо за плячыма. Яна дала мне шмат важных ведаў, дапамагла разабрацца ў важных псіхалагічных нюансах, у тым, як лепш будаваць узаемадзеянне з вучнямі, калегамі. На мой погляд, гэта вельмі важны аспект: кожны педагог павінен разбірацца ў псіхалогіі, каб не шкодзіць, а дапама­гаць дзецям, якасна вучыць і выхоўваць.

Дзмітрыю Андрэевічу хутка ўдалося знайсці агульную мову са старшакласнікамі. Маладому педагогу падабаецца, што з імі можна глыбока абмеркаваць сур’ёзныя тэмы, разважаць разам у пошуках ісціны. Аказалася па-свойму цікава працаваць і з вучнямі сярэдніх класаў. Адчуў гэта, калі пачаў выкладаць гісторыю ў 5—6 класах. Вучні вельмі зацікаўленыя, адкрытыя, і гэта абавязвае будаваць вучэбны працэс так, каб неабыякавасць, прага да новых ведаў не згубіліся.

— Мне падабаецца спрабаваць нешта новае, каб урокі не атрымліваліся падобнымі адзін на другі, — расказвае Д.А.Бацюня. — Сачу за рэакцыяй вучняў, іх вынікамі, каб зразумець, на што трэба зрабіць стаўку ў сваёй педагагічнай дзейнасці. На маю думку, аснова ўсяго ў любы час — цікавае, яркае слова настаўніка. Гэта па-ранейшаму адзін з галоўных інструментаў урока. Калі настаўнік умее расказаць “смачна”, так, каб прыцягнуць увагу, — у яго абавязкова ўсё атрымаецца.

На сваіх уроках Дзмітрый Андрэевіч часта выкарыстоўвае інтэрактыўныя і гульнявыя тэхналогіі. Добраму засваенню матэрыялу дапамагае мадэляванне разнастайных сітуацый і па­дзей. З вучнямі 5 класа настаўнік паспяхова разыгрываў асаду Троі. Старшакласнікі пры вывучэнні юрыспрундэнцыі на грамадазнаўстве выступалі як з боку абароны, так і з боку абвінавачвання.

— Ролевае мадэляванне дае магчымасць прымяніць свае веды ў справе, яно накіравана на атрыманне першаснага практычнага вопыту, — тлумачыць педагог. — Таму гэта адзін з бяспройгрышных, эфектыўных варыянтаў, да якога я перыядычна звяртаюся. Акрамя таго, рэгулярна выкарыстоўваю праектныя тэхналогіі. Прапаноўваю вучням на выбар тэмы праектаў, над якімі яны пасля на працягу чвэрці працуюць у парах. На ўроках гісторыі мы разам шукаем гістарычныя заканамернасці, каб зрабіць вывады з урокаў мінулага, убачыць, як многа сітуацый паўтараецца ў розныя часы. Для мяне важна, каб навучэнцы не толькі запаміналі інфармацыю, цікавіліся маімі прадметамі, але і навучыліся думаць і разважаць. Які б шлях яны не выбралі, у гэтым аснова іх будучага поспеху як у вучобе, так і ў жыцці!

Адным з праектаў Дзмітрыя Андрэевіча стаў школьны часопіс, які афармляецца як у друкаваным, так і ў электронным варыянце. Вывучаючы педагагічны вопыт замежных краін, малады педагог заўважыў: як правіла, у перадавых установах адукацыі выпускаецца ўласны часопіс ці газета. Захацелася паспрабаваць зрабіць нешта падобнае, перш-наперш дзеля таго, каб аб’яднаць і захапіць таленавітых вучняў творчай справай. Школьнікі з ахвотай адгукнуліся на прапанову, тым больш што яны самі, у залежнасці ад інтарэсаў, могуць выбіраць тэмы. У асноўным пішуць пра любімыя кнігі, музычныя групы, дзеляцца ўражаннямі аб розных школьных падзеях ці ўзнімаюць важныя агульначалавечыя праблемы. Варта адзначыць, што школьны часопіс мае не толькі цікавы змест, але і вельмі прывабны, сучасны выгляд. Усё, за што бярэцца, Дзмітрый Андрэевіч імкнецца рабіць на высокім узроўні.

Таццяна ШЫМКО.